Венесуэлу чакае Майдан
На палітычнай мапе свету з’явілася новая гарачая крапка. Пасля таго, як радыкалы-чавісты разагналі сесію венесуэльскага парламента, у якім большасць мае апазіцыя, краіна апынулася на мяжы грамадзянскай канфрантацыі.
Палітычны працэс у Венесуэле — адзін з самых арыгінальных у свеце, паколькі праходзіць на фоне не бачанага ў сучаснай гісторыі эканамічнага крызісу. Прадукты ў краіне недаступныя ў самым простым сэнсе гэтага слова — яны зніклі з крамаў. Тубыльцы, каб набыць элементарныя рэчы, накшталт цукру і рысу, вымушаныя рабіць шопінг за мяжой. У такіх умовах варта было чакаць нейкай экстрэмальнай развязкі.
Усё пачалася пасля таго, як у снежні мінулага года кааліцыя дэмакратаў (MUD) атрымала большасць (66 працэнтаў) у парламенце. Так пачалася эра супрацьстаяння паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады. Выканаўчую ўладу кантралююць чавісты. Прэзідэнт Нікалас Мадура, не маючы большасці дэпутатаў, намагаўся кіраваць краінай указамі і іншымі пастановамі, якія не патрабуюць згоды дэпутатаў. Паколькі кантраляваць паводзіны адміністрацыі дэпутаты-апазіцыянеры аказаліся не здольнымі, яны вырашылі арганізаваць рэферэндум па пытанні адстаўкі Мадура, абвінаваціўшы яго ва ўсіх правалах краіны.
Аднак улады таксама не дурныя. Праз нейкі час у штатах, дзе пры ўладзе знаходзяцца чавісты, анулявалі вынікі першага этапу збору подпісаў за правядзенне плебісцыту. Гэтыя судовыя рашэнні зрабілі немагчымым другі этап збору подпісаў, прызначаны на 26–28 кастрычніка, і як вынік — правядзенне самога рэферэндуму да канца бягучага года. Мясцовы ЦВК ужо паведаміў, што другі этап збору подпісаў адкладаецца на нявызначаны тэрмін.
Для апазіцыі прынцыпова важна, каб рэферэндум адбыўся да новага года. Пасля 10 студзеня 2017-га, нават у выпадку станоўчага адказу венесуэльцаў на пытанне аб спыненні паўнамоцтваў прэзідэнта, выбары новага кіраўніка дзяржавы ўжо не адбудуцца — па Канстытуцыі. Гэта значыць, што краіну да наступных выбараў узначаліць цяперашні віцэ-прэзідэнт, які таксама сімпатызуе чавістам. Такі сцэнар, відавочна, не задавальняе апанентаў Мадура. Таму было вырашана пайсці ва-банк — абвясціць пра намер пачаць працэдуру імпічменту прэзідэнта, абвінаваціўшы выканаўчую ўладу ў парушэнні канстытуцыйнага ладу.
Прагаласаваць за праект рэзалюцыі збіраліся 23 кастрычніка, калі ў справе з’явіўся новы фігурант — натоўп прыхільнікаў Чавеса, што гвалтоўна разагнаў дэпутатаў. Сесія была скончаная, і разам з ёй у краіне паўстала незразумелая, аднак вельмі напружаная сітуацыя. Пакуль, праўда, ніякіх канфліктаў няма. Такое ўражанне, што апаненты кансалідуюць сілы ў чаканні вырашальнай бітвы.
Натуральна, дэмакраты абвінавацілі Мадура ў аўтарытарызме і дзяржаўным перавароце. Як піша апазіцыйная газета «El Nacional», «урад зачыніў апошнюю фортку, адкуль павяваў подых дэмакратыі. Адбыўся пераход ад аўтарытарызму, які ўсё ж дазваляў палітычную канкурэнцыю, да абсалютнай аўтарытарнай мадэлі».
Папулярны сярод венесуэльскай апазіцыі рэсурс «Efecto Cocuyo» яшчэ больш катэгарычны. «Мы знаходзімся напярэдадні ўзнікнення жудаснай дыктатуры. Яны (улада) гуляюць з полымем сацыяльнай дынамікі. Рэферэндум разглядаўся як легальны канал, які дазваляе грамадзянам выказаць сваю незадаволенасць. Калі вы прыбераце гэты канал, у людзей застанецца толькі адзін механізм для пераменаў — выхад на вуліцы», — прагназуе адзін з аўтараў рэсурсу, спасылаючыся на дадзеныя сацыёлагаў. Паводле іх, 90 працэнтаў насельніцтва лічаць, што Венесуэла ідзе ў няправільным кірунку, 76 працэнтаў апытаных лічаць, што Мадура павінен пакінуць прэзідэнцкі офіс.
Што тычыцца лагеру Мадура, там падзеі 23 кастрычніка разглядаюць таксама як спробу дзяржперавароту — аднак арганізаванага апазіцыяй. На гэта, быццам, указваюць два моманты. Учынкі праціўнікаў Мадура чымсьці падобныя на тое, што адбывалася ў Парагваі і Бразіліі, дзе правым удалося зрынуць левых прэзідэнтаў за кошт юрыдычных працэдураў. «У Парагваі ў 2012-м меў месца парламенцкі фарс, калі быў адхілены ад улады дэмакратычна абраны Фернанда Луга. У Бразіліі некалькі месяцаў таму парламент пад выглядам барацьбы з карупцыяй скінуў дэмакратычна абраную Дзілму Русэф. Зараз нехта жадае, каб прыйшла чарга Венесуэлы», — лічыць праўладны рэсурс CELAG.
Другая зачэпка ў доказ таго, што апазіцыянерамі рыхтаваўся путч — адсутнасць Мадура ў краіне. Як сведчыць гісторыя Лацінскай Амерыкі, падобная акалічнасць сапраўды спрыяе планам тых, хто марыць захапіць уладу.
Між тым, падзеі нечакана набылі новы фармат пасля таго, як у аўторак у Рыме Мадура сустрэўся з Папам Рымскім Францыскам. Ватыкан заявіў пра намер арганізаваць дыялог паміж бакамі канфлікту, з гэтай мэтай у Каракас ляціць эмісар Папы.
Першая рэакцыя ў Венесуэле на ініцыятыву Ватыкана асцярожная. «Наша прапанова — не весці ніякія перамовы, паколькі мы не прымаем любыя формы міжнароднага ўмяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы», — заявіў Дзіясдада Кабела, адзін з лідараў радыкалаў, што атакавалі парламент 23 кастрычніка. У сваю чаргу Ісус Тарэалба, сакратар MUD, кажа, што разглядае ідэю дыялогу як частку стратэгіі рэжыму, які намагаецца выйграць час.
Сапраўды, пры такім раскладзе час грае на карысць Мадура. Перамовы пры пасярэдніцтве Касцёлу павінны распачацца ў нядзелю. Між тым, калі да канца цяперашняга тыдня не пачнецца другі этап збору подпісаў, рэферэндум не зможа адбыцца юрыдычна. Раней лідар венесуэльскай апазіцыі і губернатар штата Міранда Энрыке Капрылес заклікаў сваіх прыхільнікаў правесці на гэтым тыдні маштабную акцыю «Штурм Венесуэлы», каб дамагчыся правядзення рэферэндуму ў гэтым годзе. Падаецца, бліжэйшы час можа быць вырашальным для лёсу чавісцкага эксперыменту.