У Венесуэле затрыманыя 140 дэманстрантаў, забіты паліцэйскі

У Венесуэле прайшлі масавыя акцыі з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта краіны Нікаласа Мадура. У Каракасе і іншых гарадах краіны выйшлі на вуліцы больш за 100 тысяч чалавек. Дэманстрацыі перараслі ў сутыкненні з паліцыяй.

venez.jpg

Па звестках апазіцыі і праваабаронцаў, былі затрыманыя каля 140 дэманстрантаў. Міністэрства ўнутраных справаў заявіла, што ў сутыкненнях загінуў адзін паліцыянт. Лідэр апазіцыі Энрыке Капрылес паведаміў пра 120 пацярпелых удзельніках акцый.
Апазіцыянеры заклікалі правесці 28 кастрычніка ўсеагульную забастоўку. Яны таксама прыгразілі зладзіць марш да прэзідэнцкага палаца 3 лістапада.
Дзясяткі тысяч дэманстрантаў перакрылі галоўную аўтатрасу Каракаса, многія з іх скандавалі «Дэмакратыі — так! Дыктатуры — не!»
Непасрэднай падставай для масавых акцый у Венесуэле паслужыла рашэнне суда, які заблакаваў працэдуру збору подпісаў за правядзенне рэферэндуму аб адстаўцы прэзідэнта краіны. Збор подпісаў ініцыявалі апазіцыйныя рухі, якія выйгралі парламенцкія выбары ў снежні 2015 года.
У апошнія гады Венесуэла перажывае эканамічны крызіс, які пагоршыўся з-за падзення сусветных коштаў на нафту. У краіне рэзка ўпаў узровень жыцця, многія жыхары сутыкнуліся з недахопам харчавання, лекаў і тавараў першай неабходнасці.
Паводле meduza.io