Вяртанне Бацькі Махно
Любоў украінцаў да анархіста Махно пераходзіць у фазу адмаўлення ад ідэі дзяржаўнасці — як мінімум, у яе цяперашняй форме. Нестар Іванавіч адчувае сябе вельмі ўтульна на фоне канфрантацыі Захаду і Усходу.
Культурныя войны паміж Усходам і Захадам — гэта тое, чым штодня дыхае Украіна. Напрыклад, нядаўна хвалю абурэння ў Львове выклікаў падрыхтаваны міністэрствам адукацыі падручнік гісторыі Украіны, са старонак якога зніклі выявы Бандэры і Шухевіча (камандзір УПА), а таксама раздзел, прысвечаны падзеям 2004 года на Майдане. У якасці парытэтнага адказу на захадзе Украіны выдалі свой падручнік. У ім якраз піяраць Бандэру і кажуць пра тое, што Віктар Януковіч — заўзяты ўкраінафоб.
Аднак існуе купка персанажаў, якія выяўленыя ў абодвух згаданых падручніках у пазітыўным ракурсе. Сярод іх герой грамадзянскай вайны, анархіст Нестар Махно. Нестар Іванавіч адчувае сябе вельмі ўтульна на фоне канфрантацыі Захаду і Усходу.
Яго не на жарт паважаюць на Усходзе. Не так даўно радзіму Махно горад Гуляйполе наведаў губернатар Запарожскай вобласці Аляксандр Пеклушэнка, каб заявіць: «Мы павінны вывучыць гэту дзіўную, складаную асобу. Таму я абвяшчаю конкурс сярод нашых літаратараў на найлепшую п’есу пра жыццё і дзейнасці Нестара Махно. Неабходна, каб наш тэатр абавязкова меў у сваім рэпертуары такую п’есу, якая б раскрывала і вобраз, і час, і чалавека. Перакананы, што тое неабходна, і гэта наш абавязак перад гэтай асобай». У суседняй Херсонскай вобласці на дзень нараджэння Махно пры падтрымцы ўлады адбыўся культурны фестываль «Кахоўскі плацдарм». Нарэшце, Нацбанк Украіны ў 2013 годзе запусціць манету ў гонар Нестара Махно наміналам у дзве грыўні.
Гэтак жа да Нестара ставяцца і па той бок барыкад. Да нядаўняга часу маладыя нацыяналісты мелі моду адзначаць Дзень незалежнасці Украіны 25 жніўня ў Гуляйполі ў рамках фестывалю «Дзень незалежнасці з Махно». Пры гэтым іх абсалютна не хвалюе тое, што Махно пры жыцці не паважаў праект Пятлюры незалежнай Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР). Больш таго, у парыжскай эміграцыі Махно, быццам, падтрымліваў кантакты з Самуілам Шварцбурдам, які ў 1926 годзе забіў Пятлюру за арганізаваныя яго памагатымі яўрэйскія пагромы ва Украіне. У адрозненне ад камуністаў, анархісты вольна шпацыруюць па Львову са сваёй сімволікай. Іх апошняя вылазка пад назвай «Буржуям кулю» адбылася ў лістападзе і была пракаментавана на мясцовых інтэрнэт-форумах пастамі накшталт: «Малайцы. Так трымаць. Героеў трэба памятаць».
Ёсць шмат прычын такой незвычайнай павальнай сімпатыі да героя грамадзянскай вайны, якая, праўда, мае павярховы характар. Напэўна, толькі адзін працэнт «махноўцаў» чытаў публіцыстычныя творы свайго куміра. Таму тым больш цікава разглядаць апошнія трэнды сярод адэптаў культу Махно.
У якасці прыкладу можна ўзяць вядомага ўкраінскага літаратара Леся Падзервянскага, які ў брэжнеўскі час быў адным з самых вядомых культурных дысідэнтаў. Падзервянскі, як і шмат іншых кіеўскіх багемшчыкаў, ніколі не хаваў павагі да Махно. Два гады таму ў адным інтэрв’ю ён заявіў: «Махноўшчына — ва ўкраінцаў у крыві. І гэта менавіта тое, што нам трэба. Узнікае пачуццё адказнасці. Тым больш, заўсёды існуе пагроза, што нейкая банда прыбяжыць і ўсё забярэ. Людзі тады пачынаюць свядома аб’ядноўвацца. Таму што надзеі на ўладу ніякай — улады няма».
Аднак цяпер разуменне спадчыны Махно перайшло ў Леся ў новае вымярэнне. На днях у інтэрв’ю аднаму з часопісаў ён дазволіў сабе жудасную ерась з пункту гледжання ўкраінскага інтэлігента: «Назавіце мне хоць адну прычыну, для чаго існуе ўкраінская дзяржава? Для таго, каб Расія або нехта іншы адцяпалі ў нас шматок? Ну калі яна адцяпае, то мы сапраўды гэтага вартыя. Вось і ўсё».
Заява літаратара шакавала бамонд. Аднак аказваецца, што Лесь — не белая варона. Адно з самых папулярных львоўскіх выданняў «Zahid» піша: «На самай справе, у канцы 1980-х гадоў ніякай рэальнай барацьбы за ўкраінскую дзяржаўнасць не было. Пагадзіцеся, цяжка назваць барацьбой нават даволі шматлюдныя мітынгі за дэмакратызацыю савецкай сістэмы, трохі запраўленыя нацыянальным каларытам, і тое толькі ў заходніх абласцях УССР. Абвяшчэнне суверэннай Украіны не было рэвалюцыйным актам, які ў корані мяняў папярэдні парадак. Абвяшчэнне незалежнай Украінскай дзяржавы звялося да звычайнага пераапранання старой партыйнай наменклатуры з шэрых касцюмаў у маляўнічыя вышыванкі... Мы пабудавалі дзяржаву, якая не гарантуе нам годнага жыцця, але адбірае нашу годнасць. Нашто ўкраінцам такая дзяржава?»
Такія опусы прымусілі мабілізавацца нацыяналістаў. Часопіс «Тиждень» у адным з апошніх нумароў прысвяціў цэлы разварот правакацыі Падзервянскага. Пры гэтым аўтар крытыкуе не столькі разважанні Леся, колькі канцэпцыі і ўчынкі яго ідэйнага аўтарытэта Нестара Махно. Супраць атамана выстаўлена цэлая серыя абвінавачванняў: Махно фліртаваў з Саветамі, Махно адрэзаў УНР ад Чорнага мора і, магчымай, іншаземнай дапамогі, Махно не даў войскам УНР прайсці на багаты карыснымі выкапнямі Данбас… І самае галоўнае — Махно заклаў асновы жыццёвай філасофіі «пафігізм», якая сёння пагражае ўкраінскай дэмакратыі і дзяржаве.
Але адказу на галоўнае пытанне, чаму менавіта зараз антыдзяржаўнікам стала быць модна, аўтар артыкулу не дае. Затое ўскосны адказ вынікае з матэрыялаў на суседніх старонках выдання, лейтматыў якіх: людзі не вераць лідарам апазіцыі. Украінская апазіцыя сапраўды ў крызісе. Пра маштаб яе дыстанцыі ад народу цудоўна сведчыць заява аднаго з лідараў аранжавых, дэпутата Сяргея Власенкі. 11 лютага Сяргей літаральна ўзарваў медыяпрастору наступнай заявай: «Сёння вакол майго дома з’явіліся супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны ў касцюмах мультыплікацыйных мядзведзяў, якія пад выглядам раздачы рэкламнай прадукцыі вядуць сакрэтнае назіранне за мной. У гэтым ёсць і элемент псіхічнага ціску — так улада дэманструе, што проста адкрыта здзекуецца з галоўнага абаронца Юліі Цімашэнка». Вось такі постмадэрнізм. Паступова губляецца давер да тых, хто меўся прыйсці на змену аранжавай генерацыі — партыям Віктара Клічко і Алега Цягнібока. Губляецца сама ідэя таго, што нешта можна змяніць шляхам галасавання.
Нейкім кампенсатарам для маладой інтэлігенцыі і стала захапленне ідэямі Махно.
І хаця махноўская мара пра асацыяцыю вольных сялян сапраўды выглядае ўтапічна, аднак анархісцкая крытыка дзяржавы — вельмі моцная ідэйная зброя для тых, хто выступае за сапраўдныя кардынальныя рэформы сістэмы. Акрамя таго, мінулыя парламенцкія выбары давялі, што на ўсходзе і на поўдні фармуецца запыт на новую палітычную сілу, адрозную і ад «Партыі рэгіёнаў», і ад камуністаў. А папулярная ў народзе фігура бацькі Махно і яго спадчына можа быць выкарыстаная прадстаўнікамі новай хвалі мясцовых левых палітыкаў.