Вядзьмарка замест Святога Мікалая
Аказваецца, падчас фашысцкай дыктатуры ў Італіі грамадству як эрзац Святога Мікалая спрабавалі навязаць культ вядзьмаркі.
Не толькі Мусаліні, але і многія іншыя дыктатары спрабавалі прыватызаваць навагоднія святы. Напрыклад, у гітлераўскай Германіі хрысціянскія элементы Калядаў падмяняліся артэфактамі германскіх паганскіх культаў. Сцвярджалася, што Каляды першапачаткова не мелі нічога агульнага з нараджэннем Ісуса Хрыста, а святкаваліся як зімовае сонцастаянне і «адраджэнне сонца». Паколькі сімвалам сонца была свастыка, то Каляды, лагічна, набывалі рысы партыйнага свята нацыстаў.
Пад кардынальны перагляд у часы нацыстаў падпалі таксама ўсе біблейскія калядныя персанажы. Святы Мікалай быў абвешчаны германскім богам Одзінам (ці Вотанам), а Марыя і Ісус паказваліся ў вобразе эфектнай бландзінкі і, адпаведна, бялявага немаўляці. Падчас усталявання нацысцкага рэжыму пачалі анансавацца і намеры адзначаць на Каляды прыход у свет «Збавіцеля-фюрэра». Зрэшты, няўдачы на франтах затармазілі праект. Хіба што ў 1944 годзе немцаў заклікалі падчас Калядаў памінаць загінулых салдат Вермахта.
Эксперыменты з Калядамі праводзілі і італьянскія фашысты. Іх прапагандысты таксама сыходзілі з задачы выкарыстання паганскіх і рымскіх міфаў або сімвалаў для ўслаўлення рэжыму. Галоўная стаўка была зроблена на такую незвычайную фігуру, як Бяфана, або Бяфанія — міфалагічнага персанажа, які ў казках выяўляўся як старая жанчына, што ляціць на зношаным веніку, каб наведаць дзяцей у ноч з 5 на 6 студзеня (ноч Богаяўлення) і напоўніць іх шкарпэткі, адмыслова павешаныя на камін альбо каля вакна. Дзеці, якія добра сябе паводзілі на працягу года, атрымлівалі ад Бяфаны прысмакі. Тыя, хто паводзіў сябе кепска, знаходзілі ў шкарпэтках вугаль або часнык.
Італьянцы шанавалі гэтую справядлівую вядзьмарку з язычніцкіх часоў, але ў 1928 годзе Беніта Мусаліні абвясціў дзень Бяфаны, які адзначаўся 6 студзеня, нацыянальным святам. Сама постаць Бяфаны таксама зайграла новымі колерамі. Яе вобраз быў адаптаваны пад італьянскія міфы пра багінь урадлівасці і багацця, якія лёталі над палямі ўначы, каб дабраславіць ураджай.
Была яшчэ адна прычына для таго, каб ператварыць бабулю з бародаўкамі на носе ў калядную зорку. Афіцыёзам было заяўлена, што, у адрозненне ад імпартаванага Санта-Клаўса, Бяфана з’яўляецца сапраўдным сімвалам італьянскіх Калядаў. Адпаведна, дзецям раілі атрымліваць падарункі ад вядзьмаркі.
Для папулярызацыі вобразу Бяфаны ў масах былі імкліва мабілізаваныя пісьменнікі і паэты, якія складалі дзіцячыя вершы і загадкі пра вядзьмарку. Дайшло да таго, што некаторыя функцыянеры пачалі называлі бабулю «фашыстка Бяфана». Аднак гэтым не абмежаваліся — і ў 1934-м кіраўніцтва партыі пастанавіла называць яе «Бяфана Дучэ», каб у рамках калядных святаў узмацніць таксама прэстыж дыктатара. Цікава, што такая трактоўка вядзьмаркі не спрацавала, і ў выніку фашысты вярнуліся да першапачатковай версіі.
Адначасова правінцыйным федэрацыям фашысцкай партыяў прыйшоў цыркуляр — збіраць да дня Бяфаны ахвяраванні. Гандляры, прамыслоўцы і фермеры былі абавязаныя даць нейкія грошы фашысцкім арганізацыям. Напярэдадні 6 студзеня на тыя сродкі набываліся падарункі, якія раздаваліся дзецям. Асноўную ролю ў кампаніі адыгрывалі моладзевыя секцыі партыі фашыстаў, што надавала культу Бяфаны прыкметы клопату рэжыму пра маладых італьянцаў. Таксама рабіўся акцэнт, нібыта Бяфана дапамагае перш за ўсё дзецям з бедных сем’яў, а гэта працавала на сацыяльную аўру дыктатуры.
Святы ў гонар Бяфаны на афіцыйным узроўні працягваліся да краху італьянскага фашызму ў 1944 годзе. Цікава, што пасля пэўны час Касцёл спрабаваў весці кампанію супраць рэшткаў масавага паганства італьянцаў на прыкладзе Бяфаны, аднак пасля кінуў тую справу.
Што да Бяфаны, то з ёю пасля вайны адбыўся нечаканы кульбіт. Шматлікія фірмы і арганізацыі ў Італіі і цяпер шануюць сваю карпаратыўную вядзьмарку, якая на Каляды прыносіць падарункі дзецям супрацоўнікаў. Яна таксама папулярная як сувенір. Паколькі зеніт такой практыкі прыпаў на 1960-я гады, калі італьянская гаспадарка моцна развівалася, сёння шмат хто ўспрымае вобраз Бяфаны як настальгічны сімвал «добрых старых часоў». Ну а сама Бяфана, нягледзячы на сваё супярэчлівае ідэалагічнае мінулае, працягвае, як заўжды, разносіць падарункі.
Для даведкі:
Некаторыя даследчыкі лічаць, што папярэдніцай Бяфаны была паганская рымская багіня Strenia. Сам тэрмін «Befan k» паходзіць ад грэчаскага «Богаяўленне». Легенда абвяшчае, што аднойчы халодным зімовым вечарам у дом да старой Бяфаны, выродлівай і гарбатай, з кручкаватым носам і вострым падбародкам, пастукалі вешчуны, якія шукалі шлях да немаўляці Ісуса і неслі яму золата, ладан і смірну, каб ушанаваць яго.
Яны папрасілі заночыць, бо дом у Бяфаны быў ахайны і дагледжаны. Раніцай яны спыталі дарогу ў Віфлеем і паклікалі Бяфану з сабой, але яна спаслалася на занятасць ды неабходнасць прыбрацца — і адмовілася. А потым спахапілася. Сабрала ўсё лепшае, што было ў яе ў доме, і кінулася следам за імі. Але знайсці не змагла.Яна стукала ў дзверы кожнага дома, спрабуючы адшукаць патрэбнае немаўля, і пакідала падарунак у надзеі, што знайшла. Так і шукае да гэтага часу — але ніяк не знойдзе і працягвае пакідаць дзецям падарункі.