Шатландыя. Вірус і незалежнасць
Напярэдадні Калядаў здзейснілася старая мара шатландскіх нацыяналістаў, якія даўно хацелі адмежавацца ад Англіі.

Dominic Lipinski / PA
Пасля ўспышкі новага штаму каронавіруса на паўднёвым усходзе Альбіёна ўлады Шатландыі 21 снежня абвясцілі пра закрыццё межаў з іншымі рэгіёнамі краіны. Такім чынам, калядныя святы шатландцы першы раз за амаль 300 гадоў адзначаюць асобна ад англічан. Праўда, пакуль строгая забарона на паездкі паміж Шатландыяй і астатняй часткай Вялікабрытаніі ўводзіцца толькі на святочны перыяд.
Такая мера блакіроўкі мяжы ў рамках каранціну абмяркоўвалася ў тым жа Эдынбургу яшчэ вясной, але выклікала супярэчлівыя ацэнкі сярод шатландцаў. Аднак апошнія правалы кабінета Борыса Джонсана ў барацьбе з эпідэміяй выклікалі бум скепсісу адносна працягу знаходжання ў саюзе з Англіяй. Ужо ў кастрычніку колькасць прыхільнікаў незалежнасці наблізілася да 60 працэнтаў. Калі пералому на эпідэміялагічным фронце не адбудзецца, то, паводле ацэнак спецыялістаў, ужо ў траўні Шатландыя пачне падрыхтоўку да новага рэферэндуму наконт незалежнасці. Зрэшты, цяпер у палітычным жыцці Вялікабрытаніі пануе такі хаос, што нельга выключаць прыняцця гэтага рашэння яшчэ да вясны.
Паводле брытанскай прэсы