Вялікае кліматычнае перасяленне народаў
Масавыя ўцёкі людзей з Фларыды напярэдадні прыходу ўрагану «Мілтан» — усяго толькі адзін з феноменаў кліматычнай міграцыі, якая, магчыма, стане галоўным выклікам чалавецтву ў гэтым стагоддзі.
Кліматычныя мігранты ў тым ці іншым выглядзе існавалі заўсёды. Дрэнныя экалагічныя ўмовы або прыродныя катастрофы былі адной з прычын пераездаў людзей унутры краіны або за мяжу. З даўніх часоў людзі перабіраліся ў месцы з больш спрыяльнымі прыроднымі і ўмовамі надвор'я.
Аднак ніколі іх не было так многа як зараз. А будзе яшчэ болей. 200 мільёнаў чалавек! Менавіта столькі людзей па разліках ААН да 2050 года трапяць у катэгорыю «кліматычных мігрантаў» — тыя, хто змушаны часова ці назаўжды пакінуць сваю хату або радзіму з-за небяспечных змен навакольнага асяроддзя — кліматычных з'яваў і працэсаў, якія пагражаюць дабрабыту ці нават жыццю людзей.
Вышэйзгаданая лічба ў 200 мільёнаў, дарэчы, не ўлічвае часавых кліматычных мігрантаў. Такую з“яву можна назіраць ужо сёння. Напрыклад, у Каліфорніі многія людзі выязджаюць на летні час у іншыя штаты ці за мяжу з-за жудаснай спякоты і лясных пажараў.
Галоўным фактарам кліматычнай міграцыі будзе глабальнае пацяпленне. Пры гэтым клімат на планеце трансфармуецца нераўнамерна. Кліматычныя змены, якія прывядуць да голаду і росту смяротнасці, пагражаюць у першую чаргу такім рэгіёнам, як Паўночная Афрыка і Цэнтральная Азія.
Таму ўжо зараз з глабальнымі зменамі клімату ўзмацняецца інтэнсіўнасць міграцыі з краін Азіі, Афрыкі, Блізкага Усходу, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Адтуль мігранты едуць, у асноўным, у краіны Еўропы, Паўночную Амерыку, Расію, паколькі гэтыя рэгіёны больш шчасныя з эканамічнага і кліматычнага пункту гледжання.
Аднак ніякі рэгіён не застрахаваны ад кліматычных мігрантаў, паколькі ўцякаць яны будуць туды, дзе бяспечна і сыта. Напрыклад, ёсць у чорным спісе патэнцыйных ахвяр змены клімату і паўднёвая частка Італіі, якая можа ператварыцца ў другі Туніс — краіну, дзе дамінуе пейзаж пустыні.
Калі казаць пра ўнутраныя міграцыі, то ўсюды павялічваецца адток з вёсак у гарады, бо сельская гаспадарка вельмі ўразліва да змен клімату.
Адзіны пазітыў магчыма ў тым, што клімат мяняецца адносна павольна. Зрэшты, гэта «кампенсуецца» экстрэмальнымі з'явамі надвор'я — штормамі, паводкамі і ўраганамі. Большая частка «кліматычных» пераездаў у апошнія гады была звязаная з такога кшталту прыроднымі катастрофамі. І колькасць іх ахвяр проста шакуе. Кітай — 5,1 млн кліматычных бежанцаў, Філіпіны і Бангладэш — па 4,4 млн, Індыя — 3,9 млн, ЗША — 1,7 млн і г.д.
Відавочна, што вельмі мала людзей сярод кліматычных бежанцаў змогуць дазволіць сабе легальны пераезд у заможныя краіны. Пераважная большасць будзе прасочвацца праз межы, парушаючы законы. Нелегалы, якія не могуць легалізавацца, будуць уцягнуты ў крымінал, што адаб'ецца на ўзроўні агульнай бяспекі грамадзян.
Ці можна прадухіліць працэс кліматычнай міграцыі? Эксперты сцвярджаюць, што калі ў бліжэйшы час будуць прыняты меры па скарачэнні выкідаў і аднаўленні экасістэм, то колькасць кліматычных мігрантаў будзе не такой вялікай. Аднак невядома, наколькі рэальна, што такія меры будуць своечасова прыняты, улічваючы градус геапалітычнага напружання на планеце.
Так ці інакш, нават калі сёння кліматычная міграцыя не такая прыкметная, а змены клімату здаюцца неістотнымі, чалавецтва ўжо знаходзіцца на мяжы аднаго з самых буйных перасяленняў народаў у сваёй гісторыі.