Загінулыя дэльфіны і 210 мільёнаў тон нафты ў акіяне. Трагедыя, што нарадзіла Дзень Зямлі

 «Катастрофы на свой злавесны лад ставяць усё на сваё месца», — пісаў Віктар Гюго. Міжнародны Дзень Зямлі, які прыпадае на 22 красавіка, заклікае ахоўваць навакольнае асяроддзе і клапатліва ставіцца да прыроды. Але мала хто ведае, што гэтая дата была народжана адной з найбольш магутных экалагічных катастроф ЗША.

Дамба на ўзбярэжжы заліва Санта-Барбара, пакрытая нафтой

Дамба на ўзбярэжжы заліва Санта-Барбара, пакрытая нафтой

З чаго ўсё пачыналася

Распрацоўка нафты ў заліве Санта-Барбары і прылеглай берагавой лініі выклікала спрэчкі з першых дзён асталявання на радовішчах, так як напрыканцы 19-га стагоддзя прыбярэжны горад пачаў пазіцыянавацца як курорт і турыстычны кірунак з драматычнымі прыроднымі краявідамі, некранутымі пляжамі і ідэальным кліматам. Насуперак, эканамічны бум не знайшоў «мэтч» з турыстычнымі амбіцыямі рэгіёна — у 1896 годзе на радовішчы Самерлэнд, што знаходзілася ў шасці мілях ад патэнцыйнага курорта, распачалася распрацоўка першай нафтавай свідравіны. 

 Пратэсты супраць распрацоўкі радовішчаў нафты

 Пратэсты супраць распрацоўкі радовішчаў нафты

За некалькі гадоў каліфарнійскае ўзбярэжжа ператварылася ў вялізны прамысловы горад: радовішчы пачалі распрацоўваць не толькі ў моры, але і на сушы, наўпрост сярод школ, каледжаў, прыватных дамоў. Санта-Барбара апынулася заціснутай нафтакачалкамі з усіх бакоў.

Нягледзячы на гучныя мясцовыя пратэсты, жыхары не змаглі спыніць нафтавыя распрацоўкі пасярод горада, паколькі ў той час існаваў гарадскі ўказ, які спецыяльна дазваляў бурэнне на радовішчы Меса ўнутры Санта-Барбары. Нафтавыя вышкі зніклі толькі тады, калі здабыча на сушы рэзка скарацілася і спынілася, напрыканцы 1930-х гадоў.

Адзінае, што пакінулі былому акіянічнаму Эдэму — турыстычны гатэль на адной з нафтавых платформ.

Перадумовы бяды

Пасля Другой сусветнай вайны старацелі нафты шукалі спосабы бурэння радовішчаў на большай глыбіні, каб вызначыць месцазнаходжанне меркаваных нафтавых рэзервуараў глыбока пад дном акіяна. Сейсмічныя выпрабаванні, якія ўяўлялі сабой ваганні зямной кары, былі надзвычай разбуральнымі: выбухі расколвалі вокны ды пашкоджвалі тынкоўку ў бліжэйшых населеных пунктах, а прыбярэжныя пляжы напаўняліся дохлай рыбай. 

 Плафторма Union Oil

 Плафторма Union Oil

У 1955 годзе Кангрэс нарэшце прыняў законапраект, згодна з якім была створана зона абароны ад распрацоўкі новых радовішчаў у радыусе 26 кіламетраў ад горада. Кааліцыя партнёраў-распрацоўшчыкаў запэўнівала, што свідравіны ўсталяваныя якасна і эксплуатуюцца бяспечна. Тым не менш, за год да трагедыі прыйшла сур’ёзная вестачка, што сведчыла пра абыякавасць да работы і парушэнні — 2000 амерыканскіх галонаў сырой нафты выліліся ў мора з новай платформы Phillips Hogan.

Дзень X

Раніцай 28 студзеня 1969 года рабочыя, якія бурылі пятую свідравіну А-21 на марской платформе Union Oil, дасягнулі канчатковай глыбіні распрацоўкі. Пасля таго, як яны з некаторымі цяжкасцямі выцягнулі буравое долата, у паветра вырваўся вялізны струмень нафты, газу і буравога раствору, заліўшы людзей брудам. Нягледзячы на спробы ліквідацыі непаладак, праз небяспеку выбуху прыроднага газу працаўнікі былі вымушаны пакінуць аб’ект на ратавальных лодках. У надзеі выправіць сітуацыю, яны закрылі адкрытую свідравіну перад эвакуацыяй. 

Праз 13 хвілін пасля першага выбуху рабочыя заўважылі, як на паверхню акіяна выходзіць буйная канцэнтрацыя бурбалак у сотнях метраў ад буравой свідравіны. Каксаванне бурам на вяршыні не змагло спыніць выкід, які наўпрост разрываў дно акіяна па ўсёй плошчы вакол платформы. У заліў Санта-Барбара пачала выкідвацца надзвычайная колькасць нафты і газу аж да паверхні вады, дзе хутка распаўсюджвалася густая кіпячая нафтавая пляма. 

Газета Los Angeles Times ад 6 лютага 1969 года

Газета Los Angeles Times ад 6 лютага 1969 года

Пласты нафты на паверхні акіяна, якія пачалі з'яўляцца праз 14 хвілін пасля выбуху, на працягу наступных 24 гадзін пашырыліся аж на 19 кіламетраў уздоўж узбярэжжа Каліфорніі. Пазней даследчыкі вызначылі, што нафта і газ бескантрольна ўсплывалі праз пяць асобных разрываў зямной кары.

Праз некалькі гадзін пасля здарэння прадстаўнік Union Oil Дон Крэгс запэўніў лейтэнанта берагавой аховы ЗША Джорджа Браўна, што будзь-якія ўцечкі нафты адсутнічаюць, у той час як нафта тонамі хлыстала на паверхню вады. Сур'ёзнасць разліву стала відавочнай на наступную раніцу, калі верталёт даставіў Браўна разам з наглядчыкам дзяржаўнага рыбалоўства да платформы, дзе яны змаглі ўбачыць чорную ваду плошчай у кіламетры.

Наступствы і іх ліквідацыя

Экалагічную сітуацыю ў Санта-Барбары спрабавала выратаваць паводка, якая пачалася за тры дні за катастрофы. Вялізныя аб'ёмы прэснай вады з мясцовых рэчак і ручаёў цяклі па кірунку аварыйнай буравой устаноўкі. У спалучэнні з моцнымі вятрамі патокі адштурхоўвалі нафтавую пляму ад узбярэжжа — у адваротным выпадку яно б страціла ўсю флору і фауну. 

4 лютага кірунак ветра змяніўся, што аднавіла пагрозу бяды. У той вечар уся гавань пакрылася свежай сырой нафтай, а 800 лодак імгненна пачарнелі. Жыхары былі эвакуіраваны праз рызыкі выбуху пароў вуглевадародаў. Падрадчыкі па здабычы нафты разам з берагавой аховай пачалі выкарыстоўваць хімічныя дысперсанты ад нафты каля берага. Там жа быў знойдзены першы мёртвы дэльфін — яго дыхала было забіта нафтай. 

Нават пасля таго, як на працягу наступнага тыдня свідравіну на платформе дадаткова закаркавалі буравым растворам, рэчыва працягвала закіпаць. 6 лютага прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан загадаў цалкам спыніць здабычу нафты ў федэральных водах заліва Санта-Барбара. 

 Прэзідэнт Рычард Ніксан на пляжы Санта-Барбары, 21 сакавіка 1969

 Прэзідэнт Рычард Ніксан на пляжы Санта-Барбары, 21 сакавіка 1969

Брыгады добраахвотнікаў з усёй дзяржавы збіраліся ля гавані, каб любымі спосабамі бароцца з бядой. Яны раскідвалі вялізныя кучы саломы па замазаных нафтай участках пляжу, пасля чаго зграбалі прапітанае рэчыва ў кучы і вывозілі іх. Іншыя валанцёры выкарыстоўвалі апараты накшталт адпарвальнікаў для адзення, якія больш-менш адслойвалі плёнку з камення і глебы. Ад гэтага гарачага пару паміралі мідыі ды іншыя насельнікі пляжу, якім удалося выжыць.

Самалёты скідвалі хімічныя дысперсанты, каб дапамагчы расшчапіць нафту, нават калі гэтыя хімікаты самі па сабе былі таксічныя для дзікай прыроды. Бульдозеры перамяшчалі забруджаны пясок у кучы для ўтылізацыі. На ліквідацыю асноўнай часткі наступстваў сышло 45 дзён бесперапыннай работы.

Агулам, у выніку экалагічнай катастрофы загінула каля 3500 птушак, больш за 10 тысяч дэльфінаў, цюленяў і марскіх львоў. Грамадзянскія валанцёры выратавалі шмат абсмаленых птушак, даставіўшы іх у шматлікія шпіталі, але нават пасля лячэння ўзровень іх выжывання склаў толькі 12%. 

«Смяротная» аварыя трапіла ў загалоўкі амерыканскіх і замежных газет, выклікаўшы шэраг экалагічных рэформаў. У якасці рэакцыі на катастрофу былі мабілізаваны актывісты для стварэння экалагічнага рэгулявання, экалагічнай адукацыі і Дня Зямлі. 22 красавіка 1970 года адбылася гістарычная масавая акцыя ў ЗША, якая выказала занепакоенасць навакольным асяроддзем і заахвоціла да далейшых дзеянняў па ахове прыроды.

Сярод галоўных стваральнікаў і прыхільнікаў Дня Зямлі былі людзі, якія стаялі на перадавой барацьбы з гэтай катастрофай. У 2009 годзе ААН афіцыйна абвясціла 22 красавіка Міжнародным Днём Зямлі. 

Валанцёр ліквідуе наступствы катастрофы

Валанцёр ліквідуе наступствы катастрофы