«Брудная гісторыя чалавецтва» можа стаць «кнігай года» ў Германіі

Нямецкую прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры штогод уручае Біржавы саюз нямецкага кнігагандлю. У спісе намінантаў на Нямецкую прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры — восем кніг пра актуальнае і вечнае. У прыватнасці — пра смецце, замах на Гітлера, філасофію Канта і сітуацыю ў Ізраілі. Што з гэтага «Нямецкая хваля» раіць пачытаць?

Вось яны — намінанты на званне найлепшай кнігі. Фота: Christof Jakob / dpa / picture alliance

Вось яны — намінанты на званне найлепшай кнігі. Фота: Christof Jakob / dpa / picture alliance

У Сусветны дзень кніг 23 красавіка Біржавы саюз нямецкага кнігагандлю апублікаваў спіс з выданняў, якія могуць прэтэндаваць на званне найлепшай навукова-папулярнай кнігі 2024 года. Восем намінантаў на Нямецкую прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры ахопліваюць шырокі спектр тэм.

Кнігі пра экалогію і абарону клімату

Кніга «Verkaufte Zukunft» (можна перакласці як «Прададзеная будучыня») Ёнса Бекерта (Jens Beckert) аналізуе памылкі ў прадухіленні кліматычных зменаў. На думку аўтара, меры, якія сапраўды неабходныя для абароны клімату, не прымаюцца, бо мы «прадаем» нашу будучыню дзеля эканамічных паказчыкаў, вынікаў маючых адбыцца выбараў і імгненных спажывецкіх задавальненняў.

Яшчэ адно выданне, прысвечанае экалагічнай праблематыцы, — «Смецце. Брудная гісторыя чалавецтва» («Müll. Eine schmutzige Geschichte der Menschheit»). У ёй Раман Кёстэр (Roman Köster) распавядае пра тое, як абыходзіліся са смеццем у розныя гістарычныя эпохі, пачынаючы з неандэртальцаў. 

Глядзіце таксама

Нямецкія кнігі пра гісторыю

«Царыца. Глабальная кар'ера Неферціці» («Die Königin. Nofretetes globale Karriere») гісторыка Себастыяна Конрада (Sebastian Conrad) пераносіць чытача ў свет фараонаў, успамінае абставіны выяўлення бюста Неферціці і разважае пра ролю старажытнаегіпецкай прыгажуні ў творчасці Беёнсе і Рыяны.

У гэтым годзе ў Германіі да Неферціці прыкаваная ўсеагульная ўвага: роўна 100 гадоў таму яе бюст быў упершыню прадстаўлены ў Берліне, дзе па гэты дзень з'яўляецца адным з галоўных музейных экспанатаў. 

Бюст Неферціці — магніт для публікі на Музейным востраве ў Берліне. Фота: Christophe Gateau / dpa / picture alliance

Бюст Неферціці — магніт для публікі на Музейным востраве ў Берліне. Фота: Christophe Gateau / dpa / picture alliance

Кніга Рут Хофман (Ruth Hoffmann) «Das deutsche Alibi. Mythos «Stauffenberg-Attentat» («Нямецкае алібі. Міф «Замаху Штаўфенберга») вяртаецца ў ХХ стагоддзе. У яе фокусе — невядомыя факты аб замаху на Гітлера 20 ліпеня 1944 года, галоўным удзельнікам якога быў граф Клаўс Шэнк фон Штаўфенберг (Claus Schenk Graf von Stauffenberg). Аўтар лічыць, што змовай супраць «фюрэра» нярэдка злоўжываюць у палітычных мэтах, і тлумачыць, чаму. Адзін з прыкладаў, якія прыводзіць журналістка, — партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ), якая прыкрывае сваю варожасць да дэмакратыі меркаваным духам супраціву ў традыцыях Штаўфенберга.

У спіс найлепшых нямецкіх навукова-папулярных кніг уключана і выданне «Кант. Рэвалюцыя мыслення» («Kant. Die Revolution des Denkens»), прысвечанае Імануілу Канту (Immanuel Kant), чыё 300-годдзе цяпер шырока адзначаюць у Германіі. Аўтар кнігі Маркус Вілашэк (Marcus Willaschek), прафесар філасофіі і адзін з вядучых даследчыкаўКанта, тлумачыць у даступнай форме шматграннасць рэвалюцыйнага мыслення гэтага вялікага філосафа. 

Глядзіце таксама

Грамадска-палітычная літаратура з Германіі

Дзве кнігі прысвечаныя нямецкаму грамадству і яго каштоўнасцям. «Тысяча спробаў» («Tausend Aufbrüche») Крысціны Марыны (Christina Morina) аналізуе развіццё нямецкай дэмакратыі з 1980-х гадоў і звяртаецца да гісторыі палітычнай культуры на ўсходзе і захадзе Германіі.

Фраўке Ростальскі (Frauke Rostalski) у сваёй кнізе «Слабае грамадства» («Die vulnerable Gesellschaft») піша пра новыя выклікі для такіх каштоўнасцяў, як свабода.

Таксама ў фінал конкурсу трапіла кніга на актуальную знешнепалітычную тэму. Мошэ Цімерман (Moshe Zimmermann) разглядае сітуацыю ў Ізраілі і шукае адказ на пытанне, зададзенае ў назве кнігі — «Мір немагчымы? Ізраіль на ростанях» («Niemals Frieden? Israel am Scheideweg»). 

Глядзіце таксама

Найлепшая навукова-папулярная кніга: рашэнне журы

Нямецкую прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры штогод уручае Біржавы саюз нямецкага кнігагандлю. Для ўдзелу ў фінальным конкурсе на званне найлепшай кнігі 2024 года журы разгледзела каля дзвюх сотняў публікацый са 115 выдавецтваў. Крытэрамі адбору сталі актуальнасць, дбайнае вывучэнне фактаў, арыгінальная ідэя і падача інфармацыі такім чынам, каб яна была зразумелая ўсім, «каго займаюць надзённыя і вечныя пытанні».

Пераможца будзе абвешчаны 11 чэрвеня ў Гамбургу. Грашовая прэмія за першае месца будзе складаць 25 тысяч еўра. Астатнія сямёра лаўрэатаў атрымаюць па 2500 еўра. У мінулым годзе найлепшай навукова-папулярнай кнігай у Германіі стаў «Адзін двор і 11 братоў і сясцёр» («Ein Hof und elf Geschwister») Эвальда Фры (Ewald Frie) — пра выміранне традыцыйных фермерскіх гаспадарак у ФРГ. 

Глядзіце таксама