Замежная прэса пра Беларусь: 22–28 кастрычніка

У Еўракамісіі разгледзяць пытанне пра поўнае скасаванне санкцый супраць Беларусі. Гэта рашэнне ЕС было чаканым і прагназавалася. ЕС зрабіў высновы са сваёй няўдалай, калі не сказаць правальнай, палітыкі ў Беларусі. Яны зразумелі, што для таго, каб уплываць, трэба мець розныя формы адносін.«Сегодня» (Украіна)

Фота inosmi.ru

Фота inosmi.ru


Украіна, багатая прыроднымі рэсурсамі, вымушана закупляць паліва ў Беларусі — краіны, у якой няма ўласнай нафты. Беларускія НПЗ, у адрозненне ад украінскіх, рэнтабельныя і працуюць. Таму што замест палітычных лозунгаў Лукашэнка кіруецца прагматыкай. Мінск змог дамовіцца з Расіяй, якая пастаўляе ў Беларусь нафту бяспошлінна. Плюс Беларусь зарабляе мільярды долараў на перапродажы сваіх нафтапрадуктаў у трэція краіны, у тым ліку ва Украіну.

«Взгляд» (Расія)


Беларусь нагадвала Украіну, таму што мела ўласныя рэспубліканскія інстытуты і ідэнтычнасць, адрозную ад савецкай. У той жа час Беларусь адрознівалася ад Украіны. У ёй не было дысідэнцкага руху ў часы СССР. А ва Украіне дысідэнтаў было больш за ўсе савецкія рэспублікі — прапарцыйна колькасці насельніцтва. Гэтыя адрозненні захаваліся пасля калапсу СССР. Савецкі беларускі нацыяналізм Аляксандра Лукашэнкі заўсёды быў больш папулярны, чым этнічны нацыяналізм і патрыятызм апазіцыйных груп. Ва Украіне ж савецкая ідэнтычнасць была запатрабаваная толькі на Данбасе і ў Крыме.

«Газета» (Украіна)


З нашага пункту гледжання, пасля змены палітычнага кіраўніцтва ў Беларусі канфлікт «беларусы vs. літвіны» істотна абвострыцца. (…) Праблема, аднак, у тым, што акрамя «заходнікаў» прыйсці да ўлады няма каму. Так, на дадзены момант найбольш верагодным пераемнікам Лукашэнкі бачыцца цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які ў 2013 годзе не выключыў, што Беларусь у агляднай будучыні можа ўступіць у Еўрапейскі саюз.

«Четыре пера» (Расія)


Кажуць, што Крэмль распрацаваў план падзелу Беларусі на дзве часткі. Як Украіна падзяляецца на Захад і Усход, так падзяляецца і Беларусь. Віцебск, Гомель і Мінск — гэта «руский мир», а Брэст і Гродна — Захад. Такі сцэнар магчымы толькі пасля смерці або ліквідацыі Лукашэнкі. Беларускі лідар — аўтарытарны палітык. Ён сканцэнтраваў усю паўнату ўлады ў краіне. Сістэма пабудавана так, што важныя рашэнні прымае толькі Лукашэнка. Беларусь палітычна і эканамічна залежыць ад Расіі. Але не варта лічыць, што Лукашэнка — гэта стопрацэнтная марыянетка Крамля. Ён спрабуе балансаваць паміж Украінай, Еўропай і Расіяй.

«Эксперт» (Украіна)


Эксперты тлумачаць жаданне афіцыйнага Мінска прыняць Еўрапейскія гульні імкненнем падняць свой імідж на сусветнай арэне. Аляксандру Лукашэнку хочацца канчаткова развітацца са статусам апошняга дыктатара Еўропы, ізгоя ў еўрапейскім грамадстве, адчуць сябе паўнавартасным і паважаным кіраўніком дзяржавы. Аднак правядзенне Еўрапейскіх гульняў зусім не абавязкова прывядзе да такога выніку. Эксперты прыгадваюць, што правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ніяк не паўплывала на імідж Беларусі, а статус Еўрапейскіх гульняў значна ніжэй.

«Независимая газета» (Расія)