Замежныя СМІ пра Беларусь: 2–8 лютага

У Беларусі практычна няма законнай магчымасці мець іншае ад урада меркаванне. Апазіцыянерам даводзіцца збірацца таемна на кватэрах. Між тым, у краіне ёсць і новая эліта — актыўныя людзі, якія выказваюць сваё меркаванне, аднак развіваецца гэта сітуацыя вельмі павольна.   «Die Zeit» (Германія)



smi4.jpg

Кожны беларускі гастарбайтэр на расійскай зямлі з’яўляецца бачным і цалкам адушаўлёным сведчаннем поўнага правалу беларускага шляху развіцця, міфа пра Бацьку Лукашэнку. У сталіцы рэспублікі спыняюцца будоўлі, таму што будаўнікі бягуць брыгадамі. Варта нагадаць, што краіна, якая з’яўляецца экспарцёрам рабочай сілы, цалкам страчана для сістэмных інвестыцый. У лепшым выпадку, у ёй адкрыюць філіялы буйныя замежныя рэкруцкія фірмы. Ці разумеюць беларускія ўлады маштаб пагрозы? Уважлівае назіранне за рэакцыяй кіраўніцтва рэспублікі дазваляе лічыць, што разумеюць толькі часткова. Аўтарытарная мадэрнізацыя і дзяржаўная прапагандысцкая кампанія супраць гастарбайтэраў — прыклад такога частковага разумення праблемы.

«Рolitoboz» (Расія)

Пасля актыўнай барацьбы з бізнэсам у 1990-х гадах, у нулявыя сітуацыя больш-менш супакоілася. Астатнія бізнэсмэны аддавалі перавагу тактыцы — не высоўвацца, не гаварыць лішняга і ўладу не крытыкавалі. Але дзесьці паўтара гады таму Лукашэнка ціха, «без абвяшчэння вайны» пачаў канчатковую зачыстку: улады ўзяліся за ветэранаў беларускага бізнэсу — тых, хто зарабіў капітал у 1990-х і не дэманстраваў лаяльнасці рэжыму, але раней не прыцягваў увагі прэзідэнта папросту з-за невялікіх маштабаў сваёй дзейнасці.

«Деловые ведомости» (Эстонія)

У саюзнікаў Масквы па Трайным саюзе прынцыпова рознае стаўленне да інтэграцыі і прынцыпова розныя інтарэсы. Для Лукашэнкі альянс з Масквой і Астаной — спосаб бясконцага выбівання субсідый з расійскага бюджэту. Атрымаўшы ў антыкрызісным фондзе ЕўрАзЭС крэдыт у два з лішнім мільярды долараў, Лукашэнка тут жа абвясціў ЕўрАзЭС «пройдзеным этапам у інтэграцыі» і адмовіўся плаціць у гэту арганізацыю сяброўскія ўнёскі. У 2012 годзе ўнёсак Мінска ў бюджэт ЕўрАзЭС па спецыяльным распараджэнні Пуціна быў пагашаны са сродкаў расійскай казны. Не вельмі карэктныя паводзіны ў адносінах да саюзніка, ці не так? Але дасведчаны беларускі Бацька ведае, як супакоіць праведны гнеў расійскага мядзведзя: наш мядзведзь любіць вушамі.

«Московский Комсомолец» (Расія)

Прэзідэнт Беларусі ў сваёй заяве таксама адзначыў, што праз два гады сістэму беларускай аховы здароўя чакае сур’ёзная рэформа. Яна прадугледжвае ў тым ліку і павышэнне сярэдняй заработнай платы работнікам аховы здароўя. Аднак скептыкі ўжо даюць прагноз, што за два гады інфляцыя абясцэніць абяцаныя медыкам надбаўкі да зарплаты.

«Голос России» (Расія)

Заява Назарбаева пра тое, што «Казахстан будзе выходзіць з міждзяржаўных арганізацый, калі яны пагражаюць яго незалежнасці», цалкам выразна тлумачыць, да якога часу гэтая інтэграцыя будзе развівацца. Калі пагадзіцца з формулай аб саюзе аўтарытарных кіраўнікоў, то можна зразумець, што ні адзін з удзельнікаў аб’яднання не збіраецца станавіцца васалам іншага — і ў гэтым сваім сцвярджэнні Назарбаеў можа цалкам разлічваць на падтрымку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

«Главред» (Украіна)