Замежныя СМІ пра Беларусь: 20–26 верасня
Упершыню аб праекце адзінай расійска-беларускай візы загаварылі летам 2014 года. Беларускі МЗС 11 верасня абверг факт перамоваў на гэтую тэму. Па версіі беларускага боку, мытных і памежных пагадненняў, што існуюць, цалкам дастаткова. Акрамя таго, паміж ведамствамі дзвюх краін існуе добрая каардынацыя. Неафіцыйна, на ўзроўні чутак, распаўсюджвалася інфармацыя, што падрыхтоўку праекта «завярнуў» сам прэзідэнт Лукашэнка пасля падзей у Данбасе. «Блокнот» (Расія)
Некалькі гадоў таму прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку называлі «апошнім дыктатарам» у Еўропе, а цяпер ён пазіцыянуе сябе ў якасці пасярэдніка ў мірным працэсе паміж
Украінай і Расіяй. Лукашэнка спрабуе быць карысным для абодвух бакоў. Магчыма, у меншай ступені для Масквы, бо паміж Лукашэнкам і Пуціным перыядычна ўзнікае напружанасць. Тым не менш, крызіс ва
Украіне для Беларусі з’яўляецца магчымасцю адлігі ў адносінах з Захадам ці, па меншай меры, шанцам зноў адкрыць некаторыя дзверы. Калі Расія хоча захаваць лаяльнасць Беларусі, ёй давядзецца
праявіць шчодрасць у дачыненні да коштаў на энерганосьбіты і ў прадастаўленні танных расійскіх крэдытаў.
«CNBC» (ЗША)
Два шэф-кухары з маскоўскіх рэстаранаў распавялі журналістам, што яны бачылі сапраўдны сыр Парміджана-Рэджана, які вырабляецца толькі ў некалькіх паўночных правінцыях Італіі, у арыгінальнай
італьянскай упакоўцы, але залепленай прымітыўнай этыкеткай з надпісам «зроблена ў Беларусі» — такая вось спроба абысці забарону. Кажучы на ўмовах ананімнасці, яны
патлумачылі гэта тым, што Беларусь не ўводзіла забарону на імпарт тавараў з ЕС і з’яўляецца сябрам Мытнага саюза з Масквой, таму прадукты могуць дастаўляцца ў Беларусь легальна, а потым іх
адпраўляюць у Расію, не правяраючы на мяжы. Акрамя італьянскага сыру, з Беларусі пачалі пастаўляць таксама садавіну і гародніну — усё з беларускімі этыкеткамі.
«The Independent» (Вялікабрытанія)
Нягледзячы на словы беларускага тэлебачання, што айчынныя прадукты самыя лепшыя, тавары з Еўропы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. З 1994 года (тады да ўлады прыйшоў
«аўтарытарны» Лукашэнка) ЕС ужо не раз накладаў на краіну санкцыі, асабліва з-за падаўлення апазіцыі. Таму для ўраду так важна, каб краіна магла сама сябе забяспечыць: згодна з
харчовай праграмай, ад 80 да 85 працэнтаў спажываных у Беларусі прадуктаў павінна быць выраблена ўнутры краіны. У сельскай мясцовасці крамы прадаюць у асноўным толькі мясцовыя прадукты. У сярэднім
беларусы каля 40 працэнтаў заробкаў выдаткоўваюць на прадукты харчавання.
«Spiegel» (Германія)
Многія аналітыкі ў Беларусі, ацэньваючы цяперашні ўзровень адносінаў Мінска і Брусэля, кажуць пра адлігу, якая, аднак, не з’яўляецца следствам ліквідацыі папярэдніх рознагалоссяў. У
такіх умовах, на думку аналітыкаў, супрацоўніцтва можа развівацца па двух асноўных сцэнарах: альбо яно прывядзе да паўтарэння цыкла «адліга-выбары-рэпрэсіі-санкцыі», альбо яна
ператворыцца ў азербайджанскі варыянт узаемадзеяння, пры якім пытанні правоў чалавека, дэмакратызацыі і грамадзянскай супольнасці будуць вынесеныя ў фармат дыскусій.
«Deutsche Welle» (Германія)