Замежныя СМІ пра Беларусь: 30 мая — 4 чэрвеня
Новыя варыянты ўзаемадзеяння РБ і ЕС абмяркоўваюцца, таму што ранейшымі не задаволеныя абодва бакі. Танальнасць у адносінах змянілася ў сувязі са зрухамі ва ўспрыманні Беларусі Еўрасаюзам, а таксама з-за геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне, якая таксама змянілася. Беларусь — адзіная краіна-ўдзельніца «Усходняга партнёрства», дзе няма тэрытарыяльных спрэчак і канфліктаў з суседзямі. Разам з тым дыялог не значыць, што ЕС пакінуў убаку праблемы з правамі чалавека ў Беларусі. «Deutsche Welle» (Германія)
Не варта чакаць нейкай імклівай беларусізацыі і пераўтварэння Беларусі ў беларускамоўную краіну. Але цалкам рэальны кіеўскі варыянт. Украінская сталіца яшчэ 20 гадоў таму была адназначна
рускамоўнай, зараз Кіеў двухмоўны, з перавагай рускай мовы ў размовах, але ўкраінскай у надпісах, афіцыйных дакументах, адукацыі. Зараз Мінск у тым месцы, у якім быў у моўным пытанні Кіеў у 1995
годзе, на пачатку шляху незаўважнай беларусізацыі. Для турыста з Украіны Мінск можа зрабіць уражанне горада цалкам русіфікаванага, як Данецк. Але на самай справе ў параўнанні з 2010 годам шмат што
змянілася. Рускамоўныя мінчане ўжо не рэагуюць нервова на беларускую мову, наадварот, распаўсюджаная справа: «Сам не кажу на мове, але люблю яе і падтрымліваю». Беларуская мова
становіцца моднай — і гэта не толькі сярод моладзі або інтэлектуалаў. Што будзе далей — пакажа час.
«Главный регион» (Украіна)
Расія ў найбліжэйшай будучыні хутчэй узмоцніць эканамічны націск на Мінск. Гэтую тактыку Маскве даводзілася ўжываць ўжо неаднаразова. У пачатку 2000-х Расія прыпыніла транспарціроўку газу ў
Беларусь, каб зрабіць ціск на ўрад Лукашэнкі. У 2010 і 2011 гадах Крэмль спыніў пастаўкі нафты са скідкай і прыгразіў зноў звярнуцца да такіх мер у 2013 годзе. У мінулым годзе Масква заблакавала
істотную частку харчовага экспарту ў памеры 4,5 мільярда долараў. Беларусы апынуліся ў бязвыхаднай сітуацыі. Калі Лукашэнка пойдзе на саступкі Крамлю, то ў гэтым выпадку Беларусь можа зноў, як у
савецкія часы, ператварыцца ў памежную тэрыторыю Расіі. Калі ж Лукашэнка паспрабуе дыверсіфікаваць сваю знешнюю палітыку і завесці новых сяброў у Еўропе, то ад Крамля варта чакаць вельмі жорсткай
рэакцыі. І тое, і іншае ўяўляе пагрозу для незалежнасці Беларусі.
«Guardian» (Вялікабрытанія)
«Лукашэнка ніколі не стане Вацлавам Гавэлам, — кажа дзяржсакратар МЗС Латвіі, маючы на ўвазе чэшскага прэзідэнта-рэфарматара. — Але ён і не Мілошавіч». Аднак
крытыкі такога падыходу асцерагаюцца, што пацяпленне ў адносінах з Захадам не прымусіць Лукашэнку мякчэй ставіцца да ўнутранай апазіцыі, а саму сітуацыю ён можа выкарыстоўваць толькі для таго, каб
атрымаць больш выгадныя пазіцыі на перамовах з Расіяй. Беларускія чыноўнікі, у сваю чаргу, не адмаўляюць, што Еўропа не зможа замяніць Мінску Маскву, і Беларусь у любым выпадку застанецца цесна
звязаная з Расіяй. І таму яны запэўніваюць, што нармальныя адносіны Мінска з Еўрапейскім саюзам не павінны насцярожваць Маскву. Беларуская апазіцыя, у сваю чаргу, запэўнівае: чым больш еўрапейскіх
каштоўнасцяў будзе ў беларусаў, тым больш дэмакратыі будзе ў краіне.
«Washington Post» (ЗША)
Беларуская дэлегацыя зарэгістравалася на рыжскім саміце самай апошняй, 20 мая, а Аляксандр Рыгоравіч застаўся дома. Чаму? Таму што прыезд у Рыгу быў бы сімвалічным пераходам Лукашэнкі на бок
Захаду. Гэта можна было б прадставіць як велічэзную перамогу Захаду над Расіяй. Гэта, дарэчы, магло б стаць на наступным этапе і падставай, з аднаго боку, для легітымацыі будучых прэзідэнцкіх выбараў
у Беларусі, а з другога — магло б стаць гэтак жа падставай для дэстабілізацыі Беларусі па ўкраінскім сцэнары. Лукашэнка не ўцягнуўся, інтуіцыя спрацавала.
«Укррудпром» (Украіна)