Журналістку Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 5,4 млн рублёў
Суд Дзяржынскага раёна (суддзя Шайко) прыняў рашэнне аштрафаваць журналістку Вольгу Чайчыц за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП на 30 базавых велічыняў — 5 млн 400 тыс. рублёў. Цяпер пачаўся разгляд аналагічнай справы журналіста Сяргея Краўчука.
На суд у Дзяржынск прыехалі каля 20 журналістаў, у тым ліку старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, намеснік старшыні Міхась Янчук і прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.
Усіх ахвотных упусцілі ў памяшканне, але суддзя Шайко забараніла весці ў зале суда фота- і відэаздымкі і адхіліла хадайніцтва Вольгі Чайчыц пра вядзенне працэсу па-беларуску.
Абодвух абвінавачвалі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт з Фаніпаля (Дзяржынскі раён
Мінскай вобл.) пра нядопуск здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану забудовы горада. Фаніпальская міліцыя раздрукавала тэкст і выявы сюжэта з сайта «Белсат» і
звінаваціла журналістаў у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ.
***
Па падліках ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у 2015 годзе беларускіх калег ужо 16 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па
гэтым артыкуле цяпер перавышае 70 мільёнаў рублёў.
baj.by