Замежныя СМІ пра Беларусь: 29 чэрвеня — 5 ліпеня

Беларусы баяцца рэвалюцый, але чакаюць пераменаў. Яны адварочваюцца ад Лукашэнкі, але да апазіцыі пакуль не павярнуліся. Гуляць пэўную ролю дэмсілам у працэсе трансфармацыі пакуль не атрымоўваецца, аднак слабымі і расколатымі праціўнікі Лукашэнкі сябе не адчуваюць. «Delfi» (Літва)



smi4.jpg

Прыпыненне візавых санкцый ЕС у дачыненні да кіраўніка МЗС Беларусі выклікала неадназначную рэакцыю. Прыхільнікі дыялогу Мінска і Брусэля заклікаюць кіравацца прынцыпам логікі — як можна дамаўляцца без кампрамісаў? Праціўнікі любых кантактаў ЕС з Беларуссю да таго часу, пакуль у краіне ёсць палітвязні, любыя адносіны расцэньваюць як падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Важныя дэталі, якія выпускаюць з-пад увагі крытыкі пазіцыі ЕС. Па-першае, санкцыі не зняты, а прыпыненыя. Па-другое, у рашэнні гаворыцца, што такім чынам Савет міністраў замежных спраў ЕС спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕС і Беларуссю. Акрамя таго, аўтары дакумента падкрэсліваюць, што рашэнне прыпыніць візавыя санкцыі ў дачыненні да кіраўніка МЗС Беларусі не азначае змены палітыкі ЕС у дачыненні да Мінска. Брусэль працягне сваю палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, у тым ліку і сваю палітыку санкцый, у мэтах садзейнічання павазе правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі.

«RFI» (Францыя)

Міністэрства культуры, адукацыі, у значнай ступені — спорту і турызму, інфармацыі, дзяржаўныя СМІ ў той ці іншай меры актыўна прапагандуюць перыяд Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, называючы яго «залатым векам» Беларусі. Тут жа знаходзіцца месца і культываванню русафобіі: Расія абвяшчаецца вінаватай у шматлікіх разбурэннях і знішчэнні насельніцтва на беларускіх землях у час шматлікіх руска-польскіх войнаў. Так, Міністэрствам культуры Беларусі прынята праграма «Замкі Беларусі», накіраваная на аднаўленне замкаў польскай шляхты, якая на падставе геаграфічнага прынцыпу пражывання аб’яўляецца беларускай. У замках ладзяцца разнастайныя фестывалі і мерапрыемствы ў спаланізаваным стылі. Асобнае пытанне — танальнасць экскурсій, якія праводзяцца ў гэтых замках. Беларусь у апавяданнях экскурсаводаў — гэта ўжо не краіна Хатыні і Брэсцкай крэпасці, з гэтага часу — гэта краіна польскай шляхты і польскіх каралёў!

«Фонд стратэгічнай культуры» (Расія)

Палітыка Украіны ў адносінах да Лукашэнкі з’яўляецца не проста адмаўленнем здаровага сэнсу, а ганебнай. Таму што на фоне таго, што Украіна імкнецца ў Еўрасаюз, дэкларуе нейкія каштоўнасці, гэта — супярэчнасць, у якой сёння, на жаль, жыве прэзідэнт Украіны. Чаму так доўга Лукашэнка не прыязджае ва Украіну? Я адразу ўспамінаю карту, якую бачыў у 2010 годзе ў Беларусі. Карта выглядала наступным чынам: пасярэдзіне рэспубліка Беларусь, на месцы Захаду напісана «казлы», унізе, то бок украінцы, — «вашывыя», а справа — «неданоскі». Так ён назваў Пуціна і кампанію. Разумееце, пасля такіх пасажаў ехаць не выпадае. Дый хто цябе будзе прымаць. Прайшло тры гады. І гэта крыху забылася, па меншай меры, у агульнай масе. Цяпер так здарылася, што Лукашэнка і Януковіч, абодва, былі зацікаўлены ў гэтым спатканні.

«Комментарии» (Украіна)

Усё ж такі недэмакратычным краінам складаней жывецца на свеце. Вось ужо і Беларусь апынулася без сланцавых вуглевадародаў у сваіх нетрах — ва ўсялякім выпадку, калі верыць справаздачы Міністэрства энергетыкі ЗША за 2013 год. Асаблівы цынізм ці то прыроды, ці то складальнікаў справаздачы заключаецца ў тым, што радовішча суседніх краін — Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны — заканчваюцца роўна на дзяржаўнай мяжы з Беларуссю. Не варта сумнявацца, што гэтая насмешка адрасавана асабіста Аляксандру Рыгоравічу.

«Однако» (Расія)