Майра Мора: Я гатова прасіць, маліць — каб толькі палітвязні выйшлі на волю
Ці выйдуць палітвязні на волю да лістапада і па якіх прынцыпах дзейнічае ЕС у Беларусі, кажа кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора.
— Які галоўны аргумент для еўрачыноўнікаў быў на карысць зняцця забароны на ўезд у Еўрасаюз з беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея?
— Ужо былі такія прэцэдэнты, калі з дыпламатаў санкцыі здымалі, каб яны на іх не распаўсюджваліся. Таму, што гэта — суразмоўцы з боку краіны.
— Сённяшняя дыскусія ладзілася з нагоды будучага саміта “Усходняга партнёрства”, што пройдзе 28–29 лістапада ў Вільні. Сустрэча адбываецца пад назвай “Адносіны Беларусі і ЕС: дэжавю напярэдадні лістападаўскага саміта”. Няма апасенняў, што і пасля яго адносіны паміж афіцыйным Мінскам і ЕС застануцца ў тупіку?
— Не буду зазіраць наперад. Але з улікам таго, што саміт гэты будзе праходзіць у суседняй Літве, спадзяюся, што тупіка не будзе, а Беларусь будзе ўдзельнічаць у гэтай праграме (“Усходняга партнёрства” — Еўрарадыё). Я вельмі спадзяюся на тое, што пэўныя падрыхтоўчыя працы будуць зробленыя. Альбо — адбудуцца такія рэчы, якія зробяць магчымым удзел Беларусі ў гэтым саміце на дастаткова высокім узроўні. І пра гэта мы будзем са спадаром Макеем гаварыць.
— Вы такім чынам выказваеце спадзеў на тое, што да лістапада сітуацыя з беларускімі палітзняволенымі можа змяніцца ў лепшы бок?
— Я вельмі на гэта спадзяюся. Мы лічым, што гэтыя людзі не павінны там знаходзіцца. Асабіста я гатова была б зрабіць усё — прасіць, маліць. З адзінай мэтай — каб толькі вызваліць людзей з турмы.
— Тым не менш, паводле сцвярджэння беларускіх праваабаронцаў, сёння ў Беларусі з’явіўся новы палітвязень — атрымаў 1,5 года калоніі Андрэй Гайдукоў…
— Трэба яшчэ паглядзець, як гэта сітуацыя будзе развівацца. Яшчэ ёсць магчымасць падаць касацыйную скаргу і перагледзіць прысуд. Я была б вельмі расчараваная, калі б гэты зняволены быў кваліфікаваны як палітзняволены. Гэта тая сітуацыя, якую мы мелі раней: нельга выпускаць на свабоду адных, але адначасова ствараць новых палітзняволеных.
— Зараз гучаць словы, што Еўрасаюз і Беларусь пачалі рабіць крокі насустрач: ЕС выкрасліў Макея са спісу неўязных, а ў Мінск прыехаў шведскі дыпламат. Але не амбасадар — часовы павераны ў справах Швецыі ў Беларусі. Наколькі роўныя гэта крокі насустрач?
— Гэта прыклад таго, пра што мы размаўлялі з беларускімі дыпламатамі і са спадаром Макеем у прыватнасці: трэба рабіць тое, што можна рабіць. І нават нейкія дробныя крокі альбо супрацоўніцтва ў тых сферах, дзе яно магчыма — за гэта трэба трымацца. Гэта — так званае крытычнае ўзаемадзеянне. У межах яго мы не спынялі сектаральнае ўзаемадзеянне з абодвух бакоў, мы ажыццяўляем тут праекты агульнай дапамогі альбо супрацоўніцтва дзеля развіцця з Беларуссю з нацыянальнай каардынацыяй, з зацвярджэннем праектаў урадам. І усё — каб дзейнічаць, каб звяртацца да насельніцтва Беларусі. Мой прынцып: чым далей і шырэй мы можам пайсці ў народ са сваімі праектамі і сваёй інфармацыяй — тым лепш. Трэба рабіць рэчы тыя, якія можна рабіць.
— Літва спадзяецца, што за 6 месяцаў свайго старшынства ў ЕС яна зможа нешта значнае зрабіць на шляху наладжвання стасункаў паміж ЕС і Беларуссю. Вы верыце, што такое магчыма?
— Калі Літва гатовая працаваць у гэтым накірунку, то гэта можна толькі вітаць. Але рашэнні прымаюцца ўсімі цяпер ужо 28 краінамі Еўрасаюза (1 ліпеня паўнапраўным сябрам ЕС стала Харватыя — Еўрарадыё). А ўсе яны хочуць, і гэта — першая ўмова, каб не было палітзняволеных. Гэта — галоўная перашкода на шляху ўсяго развіцця адносінаў. І я не разумею, чаму гэтую перашкоду трэба так доўга трымаць і не бачыць, што яно перашкаджае нармальнаму развіццю адносінаў. І калі за час літоўскага старшынства Літве, як арганізатару саміту Усходняга партнёрства, удасца да лістапада адыграць значную ролю ва ўрэгуляванні адносінаў, у зняцці самай галоўнай перашкоды на шляху да ўрэгулявання адносінаў, то гэта будзе толькі вітацца.
— Можа ўжо ёсць знакі з беларускага боку, што нехта з палітвязняў у хуткім часе можа быць вызвалены?
— Вызваленне, так бы мовіць, па натуральных прычынах не прымаецца — гэта не вызваленне. Гэта — выйсце пасля адбыцця пакарання на свабоду. Тут апладысментаў не будзе — будзьце ўпэўненыя! Але ж, відаць, палітычнай волі беларускім уладам не хапае. Я не разумею: навошта рабіць так, што лёс краіны залежыць ад лёсу 9 чалавек (сёння ў Беларусі адбываюць пакаранне 9 вязняў, прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволенымі — Еўрарадыё)?! Трэба ж думаць у гістарычных катэгорыях.
— Нават беларускія праваабаронцы лічаць, што, трымаючыся патрабавання наконт вызвалення ўсіх палітвязняў, Еўрасаюз павінен адмовіцца ад патрабавання іх поўнай рэабілітацыі. Што вы думаеце на гэты конт?
— Асобныя вашы юрысты сцвярджаюць, што няма такога юрыдычнага тэрміну ў Беларусі, як “рэабілітацыя”. Але наша пазіцыя такая: калі не падабаецца слова “рэабілітацыя”, то называйце гэта па-іншаму — аднаўленне ўсіх грамадзянскіх і палітычных правоў. Шэкспіра хочацца цытаваць: “Ружа пад іншым іменем будзе пахнуць гэтак жа прыгожа”. Так трэба ставіцца да патрабаванняў — не забываючыся на сутнасць. А пра сутнасць ніхто не забываецца.
Фота: Змітра Лукашука