БХД заклікае дэмакратычны рух не дазволіць Расіі рэанімаваць СССР
Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) выступіў з адкрытай заявай, у якой заклікаў дэмакратычныя сілы краін Усходняй Еўропы кансалідавацца ў
супраціве "шавіністычным планам Крамля па рэанімацыі СССР". Адпаведны тэкст з'явіўся на афіцыйным сайце БХД 2 ліпеня.
Такім чынам хрысціянскі палітычны рух асудзіў звесткі пра тое, што Расія размесціць у Лідзе (Гродзенская вобласць) сваю авіябазу, якая пачне функцыянаваць ужо сёлета. "Беларускія хрысціянскія дэмакраты рашуча асуджаюць размяшчэнне расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі як дзеянне, якое супярэчыць палажэнням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і накіраванае супраць нацыянальных інтарэсаў", — адзначаюць аўтары заявы.
Кіраўніцтва БХД лічыць, што спробы рэанімацыі "імперскай шавіністычнай палітыкі" з боку Расіі і ўладаў іншых постсавецкіх краін, якія нібыта залежаць ад яе, "нясуць
пагрозу культурнай, эканамічнай і палітычнай незалежнасці народаў Усходняй Еўропы і супярэчаць нацыянальным інтарэсам усходнееўрапейскіх краін". Да кансалідацыі, на думку хрысціянскага
палітычнага руху, падштурхоўвае таксама "геапалітычная пагроза, якая ўвасабляецца ў вайсковых нападах на суседнія краіны", "размяшчэнні расійскіх вайсковых баз на
тэрыторыях іншых краін", ды спробы "стварэння Еўразійскага саюза як рэанімацыі СССР".
Аўтары заявы мяркуюць, што для "эфектыўнага супрацьстаяння шавіністычным планам Крамля" неабходна кансалідацыя дэмсіл, найперш удзельнікаў праграмы "Усходняе
партнёрства", сярод якіх Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан.
"Мы заклікаем дэмакратычныя партыі да арганізацыі стала дзейснай пляцоўкі для супрацы, правядзення сумесных палітычных і грамадскіх кампаній у рэгіёне, — адзначаецца
ў заяве БХД. — У якасці першага этапу, на працягу 2013 году, мы прапануем арганізаваць супольны Усходнееўрапейскі дэмакратычны форум, які мусіць зацвердзіць асноўныя супольныя задачы
і планы правядзення супольных кампаній ў абарону незалежнасці і дэмакратыі краін Усходняй Еўропы ад расійскай экспансіі".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН