Землятрус па прозвішчы Орбан
На думку прэсы, пераканаўчая перамога на парламенцкіх выбарах 8 красавіка ў Венгрыі Віктара Орбана і яго партыі «Fidesz» паўплывае на лёс не толькі ўсходнееўрапейскага рэгіёну, але і ўсяго Еўрасаюза.
У прынцыпе, «элегантная перамога» Орбана была адразу прагназаваная. Аднак нейкія надзеі ў яго апанентаў заставаліся. Падчас выбарчай кампаніі сацыялісты — вядучая партыя дэмакратычнай апазіцыі, — нечакана дапусцілі магчымасць кааліцыі з радыкальнымі правымі з партыі «Jobbik». Нягледзячы на экстравагантнасць падобнага саюзу, з’явіўся сапраўды рэальны сцэнар адхіліць ад улады партыю Орбана «Fidesz».
Аднак канчатковыя дадзеныя венгерскага ЦВК пахавалі гэтыя ілюзіі. «Fidesz» у саюзе з хрысціянскімі дэмакратамі атрымаў 48,5 працэнта галасоў пры самай вялікай яўцы за апошнія 15 гадоў (каля 70 працэнтаў). У выніку Орбан займеў не проста самую буйную ў парламенце фракцыю, а фракцыю, якая мае права перапісаць пад сябе Асноўны закон.
Такія вынікі галасавання фенаменальныя для ўсёй Еўропы. Нездарма ў прэсе кажуць пра ўплыў выбараў на агульнаеўрапейскія расклады. Перш за ўсё, як лічаць журналісты, поспех Орбана адгукнецца на профілі Вышаградскай групы — аб’яднання Венгрыі,Чэхіі, Славакіі і Польшчы. Вышаград, які паўстаў у 1991 годзе, апошнім часам адкрыта пікіраваўся з Брусэлем. Гэта выявілася ў сабатажы брусэльскіх цыркуляраў наконт міграцыйнай палітыкі. Усходняя Еўропа ўпарта адмаўляе логіку Еўракамісіі, якая патрабуе ад краінаў-сябраў ЕС увесці квоту на прыём мігрантаў. Непакоіць старую Еўропу і тое, што лідары Вышаграда апелююць да тэмы абароны хрысціянства, падточваючы свецкія прынцыпы еўрапейскага праекту.
Як піша нямецкі «Tageszeitung», перамога Орбана яшчэ больш замацуе аўтанамісцкі дрэйф краін-сябраў Вышаграда, затармозіць іх трансфармацыю ў прававыя свецкія дзяржавы. Трыумф Орбана, на думку выдання, як мінімум робіць практычна немагчымым распрацоўку агульнай еўрапейскай міграцыйнай хартыі.
Яшчэ больш катэгарычная італьянская «Panorama», якая лічыць, што вышаградскі бунт можа ўвогуле пахаваць Еўрасаюз. Выданне прагназуе, што цэнтрабежныя і дэструктыўныя працэсы стартуюць пасля 2020-га, калі спыніцца праграма фінансавай падтрымкі краінаў — новых сябраў ЕС. У сваіх фантазіях аўтар публікацыі ў «Panorama» не выключае нават стварэння альтэрнатыўнага Еўрасаюзу, аб’яднання «Новая Еўропа», куды, акрамя краінаў Вышаграда, увойдзе Усходняя Германія і Аўстрыя.
Палохаюцца ў старой Еўропе таксама экспарту выбарчых тэхналогій «Fidesz», якія будаваліся на застрашванні электарату нашэсцем мігрантаў. Як адзначае славацкі «Spectator», Орбан можа натхніць «апетыты самадзяржаўя ў іншых палітыкаў, якія таксама мараць панаваць без канца і без увагі на палітычныя педантычнасці». Сапраўды, у сталіцах краін Вышаграда поспех Орбана быў успрыняты як прыклад. Далей за ўсіх пайшоў чэшскі прэм’ер Андрэй Бабіч, які віншаваў Орбана на венгерскай мове. Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Конрад Шыманскі заявіў, што «пераканаўчая перамога партыі Віктара Орбана ў Венгрыі з’яўляецца вынікам эмансіпацыі Цэнтральнай Еўропы».
Найбольшую пагрозу нямецкі «Die Welt» бачыць у тым, што Віктар Орбан — найбольш прарасійскі сярод вышаградцаў палітык, — становіцца нефармальным лідарам аб’яднання. Не выключана, што Будапешт пачне актывізаваць кантакты з Масквой, каб балансаваць у адносінах з Брусэлем. Іншыя лічаць, што лідарства ў Вышаградзе ўсё ж захавае Польшча як самы буйны эканамічны актор.
Кааперацыі па лініі Масква — Будапешт вельмі баяцца ва Украіне, дзе апошнім часам абвастрылася «венгерскае пытанне». Этнічныя венгры Закарпацця незадаволеныя адным з артыкулаў новай рэдакцыі Закона пра адукацыю, які пераводзіць усе школы нацменшасцяў на мову тытульнай нацыі. За плячыма закарпацкіх венграў стаіць Венгрыя, якая нават патрабуе ўвядзення на тэрыторыю Закарпацця назіральнікаў АБСЕ. Украінская прэса аднагалосна канстатуе, што спіраль венгерска-ўкраінскай канфрантацыі пасля 8 красавіка працягне раскручвацца.
Складаецца ўражанне, што ў старой Еўропе пакуль не ведаюць, як рэагаваць на новыя венгерскія выклікі. Старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер гуляе ў маўчанку. Адказваць замест Юнкера давялося ягонаму спікеру, які карэктна павіншаваў Орбана, дадаўшы фразу пра «неабходнасць пошуку агульных інтарэсаў».
А вось шараговыя палітыкі эмоцый не хаваюць. Шматлікія лідары правапулісцкіх партый віталі перамогу Орбана. «Віншуем, Віктар Орбан! Дрэнны дзень для Еўрасаюза, але добры для Еўропы», — такі твіт напісала адна з лідараў партыі «Альтэрнатыва для Германіі». У Нідэрландах мясцовы папуліст Герт Вілдэрс павіншаваў «выдатны вынік» Орбана і яго «заслужаную перамогу». А лідарка французскага «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн увогуле лічыць венгерскія выбары пачаткам новай нацыяналістычнай хвалі ў Еўропе.
Падобныя віншаванні выклікалі раз’юшаную рэакцыю з боку лібералаў і эколагаў. Яны кажуць, што сваімі віншаваннямі правыя палітыкі легітымізавалі брудныя піяр-тэхналогіі Орбана. Яшчэ больш агрэсіўную рыторыку дазволіў сабе міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн. Каментуючы падзеі ў Венгрыі, чыноўнік палічыў неабходным аб’яднаць усіх сябраў ЕС на платформе саюзнай дамовы, каб «нейтралізаваць гэтую пухліну».
З іншага боку, як адзначаюць аглядальнікі, вельмі асцярожная ацэнка Брусэлем вынікаў выбараў у Венгрыі можа азначаць карэкціроўку старой лініі. Замест таго, каб дражніць Будапешт, ЕС спрабуе ігнараваць Орбана, намагаючыся ўсё ж уцягнуць яго ў свае гульні і камбінацыі. Між тым, цяжка ўявіць, як кіраўніцтва ЕС праігнаруе ідэю Орбана зачыніць адукацыйныя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі, якія фінансуе Джордж Сорас. Прычым зрабіць гэта венгерскі прэм’ер абяцае самым бліжэйшым часам.