Землятрус у Турцыі і Сірыі: Колькасць ахвяр наблізілася да 20 тысяч, людзі выжываюць у жахлівых умовах
Агульная колькасць ахвяр магутнага землятрусу, які адбыўся ў панядзелак на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі, наблізілася да 20 тысяч чалавек. Тысячы будынкаў ляжаць у руінах, дзясяткі тысяч сем'яў засталіся без прытулку. Выратавальная аперацыя працягваецца, аднак надзеі знайсці тых, хто выжыў пад абломкамі, усё менш, піша BBC.
Прэзідэнт Турцыі
Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў у чацвер, што колькасць загінулых у яго краіне
дасягнула 16 546 чалавек, а ў Сірыі зарэгістравана не менш за 3162 загінулых.
Многія
па-ранейшаму застаюцца пад заваламі, працягваюцца выратавальныя працы і колькасць
ахвяр можа яшчэ ўзрасці. Пры гэтым у краіне расце незадаволенасць марудлівасцю
экстраных службаў: некаторым жыхарам разбураных раёнаў днямі даводзіцца чакаць
дапамогі.
Супрацоўнік
дабрачыннай арганізацыі Islamic Relief Салах Абуглас дапамагае ратавальнікам у
горадзе Газіянтэпе, які апынуўся побач з эпіцэнтрам землятрусу. «Выратавальнікі працуюць і ўсё яшчэ вераць, што цуды здараюцца... У той жа
час, мы цяпер прайграём гэтую гонку з часам», — кажа Абуглас.
Сусветная
Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ) заявіла, што перад гуманітарнымі арганізацыямі
стаіць нялёгкая задача забяспечыць выжыванне тых, хто перажыў землятрусы. Як
паведаміў прадстаўнік СААЗ, тысячы людзей цяпер спрабуюць выжыць пад адкрытым
небам, у жахлівых умовах, без доступу да вады, паліва,
электрычнасці і сувязі, пры мінусавай тэмпературы.
«Ёсць
рэальная небяспека другаснага бедства, якое можа нанесці шкоду большай
колькасці людзей, чым першапачатковае, калі не дзейнічаць гэтак жа энергічна,
як гэта робяць ратавальнікі», — сказаў менеджар СААЗ па ліквідацыі
наступстваў землятрусу Роберт Холдэн.
У некаторых
месцах блізка да эпіцэнтра ў чацвер адчуваліся рэшткавыя штуршкі і захоўвалася
пагроза абвальвання ледзь ацалелых будынкаў.
Сур'ёзныя
прэтэнзіі прад'яўляюцца да ўладаў і будаўнікоў, якія, як лічыцца, не выконвалі
стандарты сейсмічнай бяспекі пры ўзвядзенні шматпавярховых будынкаў у сейсмічна актыўных зонах.
Эканамічныя
страты ў выніку стыхійнага бедства цяжка падлічыць, бо сітуацыя працягвае развівацца
не ў лепшы бок, але, паводле ацэнак агенцтва Fitch Ratings, яны, верагодна,
перавышаюць 2 млрд долараў і могуць дасягнуць 4 млрд.
У сераду Эрдаган
заявіў, што да настолькі разбуральнага землятрусу падрыхтавацца было немагчыма.
Крытыкі Эрдагана
лічаць, што ўлады адрэагавалі на катаклізм занадта павольна і што падрыхтаваныя
да яго яны былі дрэнна. Прэзідэнт Турцыі прызнаў «некаторыя
праблемы», аднак цяпер, паводле яго слоў, сітуацыя пад кантролем.
Лідар
найбуйнейшай у краіне апазіцыйнай партыі Кемаль Кылычдараглу з ім не
пагадзіўся. «Калі ёсць адзін чалавек, адказны за гэта, то гэта
Эрдаган», — падкрэсліў палітык.
Эрдаган заявіў, што ў цяперашніх умовах трэба адзінства, а не ўзаемныя абвінавачванні. «У такі перыяд я не магу пацярпець, каб хтосьці піярыўся на негатыве ў сваіх палітычных інтарэсах», — заявіў прэзідэнт, якога часта абвінавачваюць у аўтарытарных паводзінах.
У суседняй Сірыі сітуацыя яшчэ больш цяжкая. На поўначы краіны застаецца апошні анклаў, які кантралюе не рэжым Асада, а апазіцыя. Спустошаны шматгадовай грамадзянскай вайной, ён цяпер яшчэ і моцна пацярпеў ад землятрусу. Там загінулі, паводле апошніх дадзеных, паўтары тысячы чалавек.
У чацвер туды
дабралася першая калона з гуманітарнай дапамогай. Як
паведамляецца, шэсць грузавікоў праехалі праз кантрольна-прапускны пункт
Баб-эль-Хава ў Ідлібе.
Чацвёра сутак
дастаўка гуманітарнай дапамогі ў гэты рэгіён затрымлівалася з-за разбураных
дарог і праблем з лагістыкай.
Ратавальнікі
паведамляюць, што тут загінулі па меншай меры 1900 чалавек, сотні сем'яў, якія
апынуліся пад абломкамі будынкаў.
Да землятрусу
мясцовыя жыхары, у асноўным жанчыны і дзеці, разлічвалі на гуманітарную дапамогу,
але прыродная катастрофа паставіла іх на мяжу выжывання.
У асяроддзі Асада
перакладаюць віну на Захад, заяўляючы, што ўведзеныя супраць рэжыму санкцыі
пагаршаюць бедства. «У нас не хапае бульдозераў, у нас не хапае кранаў, у
нас не хапае нафты, і ўсё цераз еўрапейскія і амерыканскія санкцыі», — заявіла дарадца Башара Асада Бутаіна Шабаан.