Пасольства Беларусі ў Турцыі: загінуў муж беларускі і дзіця. Яе саму і другое дзіця шукаюць
Малалетняе дзіця грамадзянкі Беларусі і яе мужа знайшлі загінулымі ў Турцыі. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Турцыі, піша «Люстэрка».
«Паводле ўдакладненай інфармацыі з месца пошукавых работ у Кахраманмарашы, з-пад завалаў дасталі целы яе мужа (грамадзяніна Турцыі) і аднаго малалетняга дзіцяці. Абодва загінулі. Пошукі грамадзянкі Беларусі і яе другога малалетняга дзіцяці працягваюцца», — праінфармавалі ў дыпмісіі.
Напярэдадні тэлеканал «Б*лсат» са спасылкай на знаёмую зніклай у Турцыі жанчыны паведаміў, што загінула ўся сям'я: беларуска разам з мужам і дзецьмі — 11-гадовым сынам і 4-гадовай дачкой. У доме, дзе яны жылі, выратаваліся ўсе, акрамя іх. Горад Кахраманмараш знаходзіўся непадалёк ад эпіцэнтра землятрусу.
Нагадаем, 8 лютага ў беларускай амбасадзе ў Анкары распавялі, што пасля стыхійнага бедства не могуць знайсці чатырох беларусаў — адну жанчыну і траіх дзяцей. Сярод іх — грамадзянка Беларусі і двое яе дзяцей, якія пражывалі якраз у горадзе Кахраманмараш.
Яшчэ адна беларуска, Аляксандра Акпінар, якая знікла пасля землятрусу ў Турцыі, жывая і застаецца ў шпіталі. Яе муж Кемаль Акпінар памёр у шпіталі. Аднак няма інфармацыі пра іх малога сына, яго ўсё яшчэ шукаюць. Сям’я жыла ў правінцыі Хатай, якая найбольш пацярпела ад землятрусу.
Як пісаў «НЧ», землятрус магнітудай 7,7 з эпіцэнтрам на глыбіні 7 кіламетраў адбыўся ў 4.17 раніцы 6 лютага ў правінцыі Кахраманмараш на поўдні Турцыі. Наступствы закранулі мноства рэгіёнаў Турцыі і суседняй Сірыі. Штуршкі працягваліся ўвесь дзень. Паводле апошніх даных, загінулі больш за 11 тысяч чалавек.