Беларуску і яе 4-гадовую дачку знайшлі ў Турцыі пад абломкамі нежывымі
Цуду не здарылася. Целы грамадзянкі Беларусі і яе дачкі знайшлі пад абломкамі ў турэцкім Кахраманмарашы. Учора знайшлі яе мужа і яшчэ адно дзіця.

Ілюстрацыйнае фота twitter.com/anadoluagency
Грамадзянку Беларусі і яе 4-гадовую дачку знайшлі пад абломкамі ў турэцкім горадзе Кахраманмараш, які знаходзіўся непадалёк ад эпіцэнтра землятрусу. Пра гэта паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Турцыі.
"Ратавальнікі спецатрада "ЗУБР" МНС Беларусі пацвердзілі пасольству інфармацыю аб вынятых з-пад абломкаў у горадзе Кахраманмараш цел грамадзянкі Беларусі і яе непаўналетняй дачкі, якія былі апазнаныя блізкім сваяком па лініі мужа (грамадзяніна Турцыі). Яны загінулі», — паведамілі ў пасольстве, піша «Люстэрка».

9 лютага стала вядома, што з месца пошукавых работ у Кахраманмарашы з-пад завалаў дасталі целы яе мужа (грамадзяніна Турцыі) і аднаго з двух малалетніх дзяцей.
Пра тое, што беларуска загінула, паведаміў тэлеканал «Б*лсат» яшчэ 8 лютага са спасылкай на знаёмую зніклай у Турцыі жанчыны. Тады з’явілася інфармацыя, што загінула ўся сям'я: беларуска разам з мужам і дзецьмі — 11-гадовым сынам і 4-гадовай дачкой. У доме, дзе яны жылі, выратаваліся ўсе, акрамя іх.
Аднак учора, 10 лютага, як пісаў НЧ, пасольства Беларусі ў Турцыі зняпраўдзіла інфармацыю пра смерць жванчыны і яе другога дзіцяці.

Яшчэ адна беларуска, Аляксандра Акпінар, якая знікла пасля землятрусу ў Турцыі, жывая і застаецца ў шпіталі. Яе муж Кемаль Акпінар памёр у шпіталі. Аднак інфармацыі пра іх малога сына да гэтага часу не з’явілася. Дзіця ўсё яшчэ шукаюць. Сям’я жыла ў правінцыі Хатай, якая найбольш пацярпела ад землятрусу.
Землятрус магнітудай 7,7 з эпіцэнтрам на глыбіні 7 кіламетраў адбыўся ў 4.17 раніцы 6 лютага ў правінцыі Кахраманмараш на поўдні Турцыі.
Наступствы катаклізму закранулі мноства рэгіёнаў Турцыі і суседняй Сірыі. Штуршкі працягваліся ўвесь дзень. Па апошніх дадзеных, вядома, што загінулі больш за 20 тысяч чалавек, аднак, відаць, колькасць загінулых можа быць большай