Топ-10 фільмаў-катастрофаў. Землятрусы і ня толькі
Страшэнныя наступствы прыроднай катастрофы ў Турэччыне і Сірыі чарговы раз прымусілі людзей задумацца, а ці могуць яны нешта супрацьставіць такой моцы. Мы склалі спіс лепшых стужак, у якіх адбываецца тая ці іншая катастрофа.
Нумар 10. Пік Дантэ (Dante's Peak). 1997
У гэтай стужцы мы будзем сьведкамі адчайнай барацьбы за само існаваньне чалавецтва пасьля вывяржэньня вулкана. Вулканоляг у выкананьні Пірса Броснана (актор, які ў той час быў самым сапраўдным агентам 007 у бандыяне), што раней страціў сваю жонку пры іншым вывяржэньні, працуе ў маленькім гарадку, каб мець магчымасьць спакойна займацца сэйсмічнымі назіраньнямі. Аднойчы ён прыходзіць да высновы, што новае вывяржэньне можа паставіць пад пагрозу сьвет. Яму ня вераць на слова, і толькі мэр гарадка працягвае навукоўцу руку дапамогі.
Поруч з мэрам у вакананьні Лінды Хэмільтан (той самай, што змагалася з Тэрмінатарам у іншым фільме) пару чакаюць вельмі гарачыя прыгоды. З вулканамі не жартуюць.
Нумар 9. Сьмерч (Twister). 1996
Фільм мае ўсе лепшыя аспекты для стужак гэтага жанру. Выдатныя спецэфэкты, не банальная перадгісторыя дзеючых асобаў і моцная энэргія, якая сыходзіць праз кожны кадр. У галоўных ролях тут Хелен Хант і Біл Пэкстан, якія вымушаныя бегчы з усіх ног, каб пасьпець за камэрай, якая ўжо ад’ехала на бясьпечную адлегласьць, каб не быць зьнішчанай сьмерчам.
Можна выказаць адно агульнае пытаньне да фільмаў-катастрофаў: часам у галоўных герояў ёсьць больш чым адзін анёл-ахоўнік, і яны застаюцца ацалелымі нават у сытуацыях, калі такое малаверагодна. Прыкладам у гэтай стужцы станем сьведкамі падхопленай ветрам цыстэрны з нафтай, якая круціцца ў перадсьмяротным танцы і разрываецца на дробныя кавалачкі. Хелен Хант і Біл Пэкстан выжылі падчас гэтага эпізоду. Ну і дзякуй Богу. Але гэта яшчэ не канец.
Імклівая і звышэнэргічная драма пра тарнада.
Нумар 8. Не глядзі ўвысь (Don't Look Up). 2021
Сьвежы прыклад добрага кіно пра катастрофу. Суквецьце зорных актораў (Леанарда Ды Капрыё, Кейт Бланшэт, Мэрыл Стрып, Джэніфэр Лоўрэнс і іншыя) сустракаюцца ў іранічным фільме, прысьвечаным сёньняшнім і заўтрашнім падзеям у сьвеце. Цікавыя і абсурдныя сітуацыі, зь якімі мае справу герой Ды Капрыё — астраном, які ўбачыў камэту, што імкліва нясецца да Зямлі — выкрываюць сучасныя недалёкія падыходы да чалавечага жыцьця.
Мы ўбачым журналістаў папулярнага шоў, для якіх навіна аб магчымым канцы сьвету стаіць у шэрагу новай інфармацыі аб каціроўках акцый. Мы паглядзім на палітыкаў, для якіх камэта можа каштаваць некалькіх адсоткаў у падтрымцы на выбарах. Рэжысэр Адам МакКей па-майстэрску гуляецца з жахам канца чалавечай цывілізацыі. Не глядзі ўвысь — там можа быць праўда.
Нумар 7. Пекла, якое ўзвышаецца (The Towering Inferno). 1974
Пол Ньюман і Сьціў МакКуін супраць грандыёзнага полымя, якое з кожнай хвілінай ставіць пад пагрозу далейшае існаваньне людзей. Амаль кожная хвіліна трохгадзіннага фільма будзе насычаная барацьбой. Справа адбываецца ў 135-ці павярховым доме, большая частка якога становіцца пасткай для яго жыхароў. У сувязі з гэтым лепш глядзець стужку ў вышых знаёмых, што жывуць у маленькіх, нізкіх дамах.
Праз неналежны падыход да будаўніцтва пачынаецца пажар, сярод тых, хто не можа пакінуць будынак – інвэстар, архітэктар праэкту і мясцовая эліта, якая прыйшла на вечарыну з нагоды ажыцьцяўленьня пабудовы хмарачосу. Архітэктар, які папярэджваў пра такія небясьпекі, вымушаны заняцца выратаваньнем людзей, што могуць згарэць у творы ягоных рук.
Масштабнае полымя, не меньш грандыёзная выратавальная аперацыя. Ці згарыць усё да шчэнту?
Нумар 6. Армагедон (Armageddon). 1998
Людзі, якія не чыталі Апакаліпсіс Яна Багаслова, ўпершыню даведаліся пра слова армагедон акурат пасьля выхаду гэтага фільма-катастрофы. Канец усяго жывога, фінал чалавечай гісторыі. На Зямлю скіроўваецца вялізны астэроід. У выпадку сустрэчы дзьвюх нябесных целаў адбудзецца непазьбежнае. Але як спыніць тое, на што не маеш улады?
Прыгожая стужка пра змаганьне за будучыню для сябе і дзяцей. У мільёнаў людзей гэты фільм асацыюецца з саўндтрэкам — песьняй Aerosmith — I Don’t Want To Miss A Thing. Разам са спробамі выратаваць нашую плянэту на экране разьвіваецца і рамантычная гісторыя. Але ці ёсьць час і справа для такіх летуценных рэчаў, калі заўтра ўсё можа скончыцца? Паглядзіце ў тэлескоп, магчыма там ляціць выратоўваць усіх на шатле Брус Уіліс і Бэн Афлек.
Нумар 5. Пасьлязаўтра (The Day After Tomorrow). 2004
Калі вам складана абраць са шматлікіх прыродных катастрофаў, гэтая стужка зробіць усё сама. А дакладней спалучыць і водныя небясьпекі, і страшэнную засуху і імклівае замярзаньне. Розныя прыродныя зьявы адначасова атакавалі Зямлю, відаць прыйшлі апошнія дні. Навуковец-кліматоляг у выкананьні Джэйка Джыленхола выходзіць на бой з прыродай.
Заўважце, як шмат увагі ў фільмах-катастрофах надаецца навукоўцам. Яны паказваюцца ў выглядзе супер-герояў, якія без суперздольнасьцяў робяць тое, на што не хапіла б кампетэнцый Бэтмэна ці Чалавека-Павука.
Мы трапім у становішча, дзе пытаньне выжываньня чалавецтва будзе залежыць ад пачуцьцяў дваіх людзей. Гэта можа падацца наіўным, але разам з тым — менавіта з гісторыі кожнага чалавека паасобку складваецца сусьветная гісторыя ўсіх нас.
Нумар 4. Мэлянхолія (Melancholia). 2011
Які стан душы найбольш пасуе чалавеку для зьмястоўнага жыцьця? Ларс фон Трыер стварыў фільм, дзе чалавечыя слабасьці шукаюць шляхі пераходу ў стан цалкам адваротны, дзе абыякавасьць дзівосным чынам пераўвасабляецца ў прагу да жыцьця і творчасьці. А імпэт і энэргія саступаюць месца безвыходнасьці ў той самы момант нябачнага пераходу. Мы бачым двух сёстраў у выкананьні Кірстэн Данст і Шарлот Гінзбур, якія становяцца ў цалкам іншую пазыцыю ў параўнаньні з тым, кім яны былі напачатку.
Гісторыя адбываецца на фоне набліжэньня да нашай Зямлі іншай плянэты — з назвай Мэлянхолія. Штосьці страшэннае альбо выратавальнае чакае кожнага несельніка Зямлі. Зьмены адбудуцца і з галоўнымі гераінямі.
Падчас прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце адбыўся скандал, куды часта трапляе фон Трыер. У выніку рэжысэр быў абвешчаны асобай нон-грата і ягоныя стужкі больш не траплялі ў конкурсную праграму. Але за гэтую — Кірстэн Данст атрымала ўзнагароду як лепшая акторка.
Нумар 3. Ідэальны шторм (The Perfect Storm). 2000
Трыццаці мэтровыя хвалі, якія ўздымаюцца і рухаюцца на вас — тое, што не варта бачыць у жыцьці, але ў кіно — захапляльна. Тым больш што стужка зробленая паводле рэальных падзеяў. Усё адбываецца ў моры, дзе стыхія становіцца сапраўдным выпрабаваньнем для караблёў, што выглядаюць магутнымі і непераможнымі волатамі, але гэта ў порце. Сярод бясконцага мора — яны нібы дзіцячыя цацкі.
У двубой са штормам трапляюць рыбалоўная лодка і прыгожы карабель з ветразем — шыкоўны транспарт шыкоўных людзей. Яны ствараюць дзьве асобныя гісторыі. Герояў у стужцы сапраўды хапае, але галоўная дзеючая асоба – гэта шторм. Менавіта ён, у сваёй выключнай ідэальнасьці, нясе сьмяротную небясьпеку. Лепшыя сцэны фільма зьнятыя без дыялёгаў. Чалавек супраць прыроды. Кожны паўстае перад штормам роўным, кожны мусіць скінуць свае маскі, якія выкарыстоўваліся на сушы.
Нумар 2. Тытанік (Titanic). 1997
Рэдкая паненка ў сьвеце ды ў Беларусі не мела пасьля выйсьця на экраны гэтага фільму майкі ці прынамсі сшытка, на якіх была выява Леанарда Ды Капрыё і Кейт Уінслет. Гісторыя каханьня, якая закранула сэрцы ўсяго чалавецтва. Джэймс Кэмеран стаў аўтарам шэдэўральнага фільма-катастрофы, які атрымаў фантастычныя 11 прэмій Оскар.
Пісаць пра гэты фільм – гэта як пракруціць па памяці безьліч легендарных кадраў. Карціна стала не меньш эпахальнай, як “Зьнесеныя ветрам” у далёкіх 1930-х. Гонар, зайздрасьць, гераізм і сапраўднае каханьне – гэтым насычаны Тытанік. Трагічны лёс якога выклікае бурныя эмоцыі і сёньня.
Што было, калі б фінал быў паказаны інакш? Тытанік, поўны людзьмі разнастайных клясаў і паходжаньняў, плыў насустрач свайму айсбэргу, як і ўсё дваццатае стагодзьдзе ішло да шчасьлівай будучыні праз войны, рэпрэсіі і кроў.
Як і праца Кэмерана напрыканцы стужкі дае ўсё ж надзею, так і мы павінны спадзявацца на тое, што прыйдзем у патрэбнае месца.
Нумар 1. Немагчымае (The Impossible). 2012
На першым месцы водная драма з Наомі Ўотс у галоўнай ролі. Падзеі на экране паўтараюць рэальную гісторыю, якая мела месца за некалькі гадоў да здымкаў. Катастрафічнае па сваёй моцы цунамі абрынулася на ўзьбярэжжа Тайланду. Сям’я з пяці чалавек апынулася разьдзеленая раптоўным ударам воднай стыхіі па курортным гатэлі. Усе літаральна расплыліся ў розныя месцы, нехта відавочна ня выжыў.
Мы пражывем з Наомі Ўотс усе фазы наступстваў. Адчуем нясьцерпны боль ад разадранай пад вадой нагі, будзем перажываць за згубленых дзяцей і мужа, убачым тысячы загінулых. Будзем захлынацца ад вады, якая ніяк не скончыцца. Скончыцца можа толькі воля да выратаваньня. Галоўная гераіня імкнулася яе захаваць. Што можа чакаць у катастрофе, якая па сьціплых ацэнках забрала больш за 200 тысячаў жыцьцяў людзей?
Праплывіце гэты шлях з Наомі Ўотс.