Турэцка-армянскую мяжу адкрылі ўпершыню за 35 гадоў

Арменія накіравала пяць грузавікоў з гуманітарнай дапамогай у пацярпелыя ад землятрусу раёны Турцыі. Апошні раз памежны пераход паміж дзвюма краінамі быў адкрыты ў 1988 годзе пасля трагедыі ў Спітаку.

Наступсты землятрусу. Ілюстрацыйнае фота AFP / ADEM ALTAN

Наступсты землятрусу. Ілюстрацыйнае фота AFP / ADEM ALTAN

Сухапутная мяжа паміж Арменіяй і Турцыяй была адкрыта ўпершыню за 35 гадоў на фоне разбуральнага землятрусу ў раёне турэцка-сірыйскай мяжы. Турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu паведаміла ў суботу, 11 лютага, што Арменія накіравала пяць грузавікоў з гуманітарнай дапамогай для людзей у зонах землятрусу, піша «Нямецкая хваля».

«Грузавікі з гуманітарнай дапамогай перасеклі мост Маргара на (армяна-турэцкай. — Рэд.) мяжы і накіроўваюцца ў пацярпелы ад землятрусу рэгіён», — напісаў у Twitter прэс-сакратар армянскага МЗС Ваан Унанян.

Паводле даных Anadolu, апошні раз пераход каля армянскага горада Маргара быў адкрыты ў 1988 годзе. У той час з Турцыі ў Арменію былі дастаўлены гуманітарныя грузы пасля наймацнейшага землятрусу ў Спітаку, ахвярамі якога, па розных ацэнках, сталі ад 25 да 45 тысяч чалавек.

 

Адносіны, азмрочаныя гісторыяй і сучаснасцю

Адносіны паміж Турцыяй і Арменіяй сур'ёзна абцяжараныя з-за адрозненняў у поглядах на трагічныя падзеі ў 1915 годзе, якія ў многіх краінах лічаць генацыдам армян у Асманскай імперыі. Турцыя з такім вызначэннем катэгарычна не згодная.

Акрамя таго, Анкара ваеннымі і палітычным сродкамі падтрымлівае Азербайджан у зацяжным канфлікце вакол Нагорнага Карабаху, які ў 2020 годзе выліўся ў прамое ваеннае сутыкненне. Ахвярамі 44 дзён вайны з армянскага боку сталі 3825 чалавек, Азербайджан страціў забітымі 2908 чалавек.

Падчас візіту ў Берлін 7 лютага міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян распавёў аб прагрэсе ў перамовах паміж Ерэванам і Анкарой аб адкрыцці сухапутнай мяжы. Па яго словах, якія прыводзіць агенцтва AFP, дзвюма краінамі былі зроблены "пазітыўныя крокі". 

Колькасць ахвяраў землятрусу перавысіла 25 тысяч

Агульная колькасць ахвяр магутнага землятрусу, які адбыўся 6 лютага на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі, паводле інфармацыі на 11 лютага, перавысіла 25 тысяч чалавек. Са слоў турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана, толькі ў Турцыі налічваецца 21 848 загінулых.

Выратавальная аперацыя працягваецца, аднак надзеі знайсці тых, хто выжыў пад заваламі, застаецца ўсё менш. Ацаніць шкоду, якую нанесла стыхія, пакуль не ўяўляецца магчымым.