Зяленскі пацвердзіў усталяванне кантролю над Ліманам

«Па стане на 12:30 Ліман зачышчаны поўнасцю», — сказаў украінскі прэзідэнт у сваім кароткім звароце і падзякаваў украінскай арміі.

gkuw6qtfy42cpv5yik6ywgtnannjbwhr.jpg


Учора здачу горада ў Данецкай вобласці пацвердзіла расійскае міністэрства абароны.

Ліман — украінскі горад, які УСУ вызваляюць ужо другі раз. У сярэдзіне красавіка 2014 года яго захоплівалі сілы самаабвешчанай «ДНР». Тады кантроль над Ліманам быў адноўлены праз паўтара месяца, на пачатку чэрвеня 2014 года.

У 2022 годзе расійская армія змагла захапіць Ліман у канцы траўня і ўтрымлівала яго больш за чатыры месяцы.

Варта адзначыць, што пад Ліманам украінскія войскі амаль акружылі 5-тысячную расійскую групіроўку. Мінабароны Расіі заявіла, што войскі былі выведзеныя «на больш выгадныя рубяжы», але прызнала, што гэта было зроблена «пад пагрозай акружэння».

Рэакцыя на адступленне з Лімана ў рускіх СМІ і пабліках была надзвычай нервовая. Так, напрыклад, Рамзан Кадыраў абвінаваціў у страце Лімана генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна. І заклікаў да кардынальных мер — ажно да выкарыстання ядзернай зброі. Кадыраў напісаў, што Лапін кіраваў абаронай гэтага ўчастка і не забяспечыў войскі «неабходнай сувяззю, узаемадзеяннем і падвозам боепрыпасаў».


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) зазначае, што ў тым рэгіёне дзейнічаюць расійскія войскі, ЧВК «Вагнер» і кадыраўскія падраздзяленні. «Кадыраў, Лапін і Прыгожын дзейнічаюць у сектары Данбаса, і такія каментары сведчаць аб напружанасці ўнутры расійскіх сіл, якія дзейнічаюць ва Украіне, і іх кіраўніцтва. Магчыма, Крэмль узмацняе такую крытыку, каб стварыць інфармацыйныя ўмовы для кадравых змяненняў у вышэйшым ваенным камандаванні ў бліжэйшыя тыдні», — лічаць спецыялісты.

Што ж да ядзернага ўдару, то адмыслоўцы не лічаць яго верагодным — у тым ліку і з пункту гледжання вайны. На думку ISW, расійскія ўзброеныя сілы ў іх цяперашнім стане «амаль напэўна не здольныя дзейнічаць на полі бою з ужываннем ядзернай зброі», нават нягледзячы на наяўнасць неабходнага абсталявання і падрыхтоўку сваіх падраздзяленняў.

«Хаатычная навала змардаваных кантрактнікаў, спехам мабілізаваных рэзервістаў, прызыўнікоў і наймітаў, з якіх у цяперашні час складаюцца расійскія сухапутныя войскі, не зможа функцыянаваць у ядзерным асяроддзі. Любыя раёны, уражаныя расійскай тактычнай ядзернай зброяй, стануць непраходнымі для рускіх, што, хутчэй за ўсё, выключыць магчымасць іх прасоўвання наперад. Гэта меркаванне з'яўляецца яшчэ адным фактарам, якія зніжаюць верагоднасць прымянення Расіяй тактычнай ядзернай зброі», — гаворыцца ў зводцы ISW.