Знаёмцеся — кліматычныя паўстанцы
Няздольнасць цяперашніх урадаў вырашыць праблему глабальнага пацяплення штурхае абаронцаў клімату да радыкалізму. Ці пагражае свету кліматычная вайна?
Сем нябожчыкаў. Гэта вынік толькі першага дня панавання жудаснай спякоты, што прайшла па Еўропе. Акрамя чалавечых ахвяраў, не абышлося без лясных пажараў, транспартных калапсаў, парушэння графіку працы шматлікіх устаноў… А што робіць улада? Падаецца, што ўрады здольныя толькі выказваць глыбокую заклапочанасць і весці безвыніковыя міжнародныя кансультацыі.
Не дзіўна, што сярод часткі эколагаў фарміруецца ўстаноўка: пратэставаць ужо недастаткова. Прыйшоў час атакаваць тых, хто адказны за кліматычную катастрофу.
Варта нагадаць, што феномен экалагічнага радыкалізму — не навіна. Дастаткова ўзгадаць Фронт вызвалення жывёлаў (ALF) — заснаваны ў 1976 годзе міжнародны падпольны рух, што практыкуе «прамыя дзеянні» для вызвалення жывёлаў, якія знаходзяцца ў няволі. І гэта, дарэчы, зусім не смешна. ALF атакаваў не толькі цыркавыя вальеры або лабараторыі фірмаў, што праводзілі доследы на жывёлах. Аб’ектамі атак ALF у ЗША былі фермерскія гаспадаркі і лакальныя энергетычныя сістэмы. Хапала ў Фронту вызвалення жывёлаў і паслядоўнікаў. Напэўна, адзнакі крыміналу прысутнічаюць у акцыях вядомай групоўкі «Greenpeace», якая любіць блакаваць тыя ж кітабойныя караблі. Дыверсіямі на атамных станцыях ЗША займалася ў 1980-я гады групоўка «Earth First!» (Зямля перш за ўсё!)
Праўда, пік актыўнасці згаданых вышэй арганізацый прыпадаў на мінулае. Цяпер на сцэну выходзіць новая генерацыя экалагічных радыкалаў. За прыкладам хадзіць далёка не трэба: 23 чэрвеня некалькі тысяч эколагаў з выкарыстаннем гвалту паспрабавалі захапіць нямецкую вугальную электрастанцыю «Гарцвайлер». Падчас сутыкненняў былі параненыя некалькі супрацоўнікаў паліцыі.
Акцыя эколагаў была настолькі нахабнай і правакацыйнай, што некаторыя каментатары пабачылі ў ёй праявы грамадзянскай вайны. Іншыя цалкам разумеюць такую лютасць пратэстоўцаў. Нават мэйнстрым-медыя дапускаюць, што ў чалавецтва ёсць прыкладна 12 гадоў для таго, каб спыніць глабальнае пацяпленне і не дапусціць канца жыцця на планеце. Драматургія сітуацыі нібы дазваляе легітымізаваць любыя ўчынкі ў абарону клімату.
А ў некаторых краінах прыхільнікі такой думкі ўжо фармуюць структуры, каб дзейнічаць больш эфектыўна. Піянерам тут, напэўна, сталі Нідэрланды, дзе паўсталі ініцыятывы «Shell must fall», «Extinction rebellion» і іншыя. На рахунку галандцаў перакрыццё ў імя абароны клімату аўтабанаў, захоп парламенцкай трыбуны, зрыў афіцыйных цырымоній, сабатаж працы ў офісах буйных кампаній, якія ігнаруюць экалагічныя стандарты…
Пры гэтым актывісты намагаюцца данесці пасланне — эпоха традыцыйных пасіўных формаў экапратэсту, накшталт складання петыцый або галасавання за партыю «Зялёных», прайшла. Час, маўляў, вымагае больш радыкальных крокаў у выглядзе «экалагічных інтэрвенцый».
Пры гэтым праграмныя забабоны кліматычных паўстанцаў яўна выходзяць за межы апартуністычных патрабаванняў — зацвердзіць урэшце пакет міжнародных пактаў, якія скароцяць выкіды CO2
у атмасферу. Правадыры — прынамсі, нідэрландскага філіялу «Extinction rebellion» — не вераць у выратаванне чалавецтва без ліквідацыі буйных энергетычных карпарацый і перадачы ўсёй улады саветам грамадзянаў на месцах. У гэтай схеме таксама няма месца цэнтральнаму ўраду, сістэме прадстаўнічай дэмакратыі, і нават Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Тое, што асобы з такімі радыкальнымі поглядамі і салідным бэкграўндам у галіне арганізацыі пратэстаў знаходзяцца на свабодзе, напэўна, можна растлумачыць па-рознаму. Найперш, такі падыход не супярэчыць аксіёмам еўрапейскай палітычна-прававой культуры. Наадварот, лічыцца пазітыўна публічна праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю, нават у чымсьці радыкальную.
Не выключана, што алармізм наконт клімату ў Еўропе дасягнуў такога ўзроўню, што вялікая частка грамадства гатовая патрымаць радыкалаў, не звяртаючы ўвагу на іх маніфесты. Сапраўды, рэпартажы пра кліматычных актывістаў або інтэрв’ю з іх каардынатарамі можна прачытаць у перадавых еўрапейскіх медыя.
Можна дапусціць і такі чыннік, як моцнае лобі, што стаіць за арганізацыямі, накшталт «Extinction rebellion». Ёсць версія, што псіхоз на тэме глабальнага пацяплення штучна падтрымліваецца буйнымі банкамі, якія вырашылі прымусіць аўта- і авіяіндустрыю пераходзіць на больш экалагічнае абсталяванне. Такая маштабная мадэрнізацыя прымусіць канцэрны звярнуцца па крэдыты ў банкаўскія ўстановы.
Так ці інакш, кліматычны радыкалізм робіцца на Захадзе папулярным трэндам. Пытанне толькі ў тым, ці не выйдзе ён за межы негвалтоўных акцый? Пакуль усе лідары радыкальных кліматычных праектаў клянуцца ў вернасці пастулатам Марціна Лютэра Кінга і Махатмы Гандзі, якія дапускалі выключна мірнае грамадзянскае непадпарадкаванне. Заставацца ў этычных рамках заклікаюць эколагаў аўтарытэтныя інтэлектуалы. На іх думку, гвалт можа дыскрэдытаваць кліматычны грамадзянкі рух, які мае шанец не толькі выратаваць планету, але і цалкам змяніць палітычныя прынцыпы арганізацыі нашай цывілізацыі.