Журналісты выкрылі афшорныя схемы сусветных лідараў: 138 кампаній належаць грамадзянам Беларусі

Міжнародны кансорцыюм журналістаў-расследавальнікаў ICIJ апублікаваў «архіў Пандоры», у якім гаворыцца аб дачыненні шэрагу сусветных лідараў да афшорных схемаў. 138 кампаній са спісу звязаныя з грамадзянамі Беларусі. Усяго ў базе больш за 27 000 кампаній.

Скрыншот Інфаграфіка icij.org

Скрыншот Інфаграфіка icij.org

Аўтары заяўляюць, што дадзенае расследаванне «маштабнейшае і глабальнейшае» за агучаныя ў 2016-м «Панамскія дакументы», якія пацягнулі за сабой сур'ёзныя наступствы. Яны сцвярджаюць, што «архіў Пандоры» паказвае, што афшорная грашовая машына працуе ва ўсіх кутках планеты, уключаючы найбуйнейшыя дэмакратыі свету.
Заяўляецца, што цяперашняе расследаванне раскрывае фінансавыя сакрэты 35 цяперашніх і былых сусветных лідараў, больш за 330 палітыкаў і дзяржаўных чыноўнікаў у 91 краіне і тэрыторыі, а таксама шэрагу ўцекачоў, аферыстаў і забойцаў па ўсім свеце.
Сакрэтныя дакументы раскрываюць афшорныя здзелкі караля Іарданіі, прэзідэнтаў Украіны, Кеніі і Эквадора, чэшскага прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша і экс-прэм'ера Вялікабрытаніі Тоні Блэра, у іх апісваецца фінансавая дзейнасць прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і больш за 130 мільярдэраў з Расіі, ЗША, Турцыі і іншых краін, заяўляюць журналісты.
Над расследаваннем працавалі больш за 600 журналістаў са 150 СМІ, было атрымана больш за 11,9 мільёнаў канфідэнцыйных файлаў. Такая каманда была неабходная, паколькі 14 афшорных правайдараў, якія з'яўляюцца крыніцамі ўцечкі дакументаў, маюць штаб-кватэры па ўсім свеце. Яны ствараюць падстаўныя кампаніі і іншыя афшорныя прытулкі для кліентаў, якія часта імкнуцца захаваць сваю фінансавую дзейнасць у ценю.
Запісы паказваюць, што многія ўплывовыя гульцы, якія могуць дапамагчы пакласці канец афшорнай сістэме, замест гэтага здабываюць з яе выгаду і хаваюць актывы ў таемных кампаніях і трастах, пішуць аўтары.
Аналіз сакрэтных дакументаў ICIJ выявіў у афшорных зонах 956 кампаній, звязаных з 336 высокапастаўленымі палітыкамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі.
Расследаванне выкрывае таемных уладальнікаў афшорных кампаній, ананімных банкаўскіх рахункаў, прыватных самалётаў, яхт, асабнякоў, твораў мастацтва аўтарства Пікаса, Бэнксі і іншых майстроў.
Фігурант «архіва» — прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш, адзін з самых багатых людзей сваёй краіны. Ён прыйшоў да ўлады, паабяцаўшы змагацца з ухіленнем ад выплаты падаткаў і карупцыяй. У 2011 годзе, калі ён стаў больш актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, Бабіш сказаў выбаршчыкам, што хоча стварыць краіну, «дзе прадпрымальнікі будуць займацца бізнесам і будуць рады плаціць падаткі».
Паводле расследавання, у 2009 годзе Бабіш перавёў 22 мільёны долараў у шэраг афшорных кампаній, каб купіць шырокую ўласнасць у вёсцы недалёка ад Кан. Пры гэтым, па атрыманых дакументах, у дэкларацыях гэтыя кампаніі і асабняк Бабіш не пазначыў. На запыты аб каментарах ён не адказаў.
Былы прэм'ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр, які выступаў супраць ухілення ад выплаты падаткаў, разам з жонкай Шэры ў 2017 годзе стаў уладальнікам віктарыянскага будынка за 8,8 мільёна долараў, набыўшы афшорную кампанію, якая займалася нерухомасцю. Згодна з інфармацыяй «архіва», яна была набытая ў сям'і міністра прамысловасці і турызму Бахрэйна Заеда бен Рашыда Аз-Заяні. Купіўшы акцыі кампаніі замест будынка, Блэр скарысталіся юрыдычным пагадненнем, якое пазбавіла іх ад неабходнасці плаціць больш за 400 тысяч долараў у выглядзе падатку на маёмасць. Блэр і Аз-Заяні заявілі, што першапачаткова не ведалі пра дачыненне адзін аднаго да ўгоды, а Шэры Блэр сцвярджае, што яе муж не ўдзельнічаў у пагадненні.
У «архіве Пандоры» знайшліся звесткі пра 4,5 тысячы бенефіцыяраў з Расіі. Адзін з расейцаў, які фігуруе ў ім, звязаны з Пуціным, — гэта гендырэктар «ОРТ / Первого канала» Канстанцін Эрнст. Паводле дакументаў, Эрнст атрымаў шанец удзельнічаць у прыбытковай магчымасці неўзабаве пасля правядзення цырымоній адкрыцця і закрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года ў Сочы, стварыўшы відовішча, якое павысіла рэпутацыю Пуціна як унутры краіны, так і за яе межамі. Сцвярджаецца, што ён стаў «маўклівым партнёрам», схаваным за пластамі афшорных кампаній, у фінансаваным дзяржавай прыватызацыйным кантракце — пагадненні па куплі дзясяткаў кінатэатраў і іншай уласнасці ў Маскве. Уцечка даных паказвае, што да 2019 года кошт асабістай долі Эрнста ў валоданні нерухомасцю перавысіў 140 мільёнаў долараў. Эрнст сказаў ICIJ, што ён «ніколі не хаваў» свайго ўдзелу ў пагадненні па прыватызацыі і што здзелка не была кампенсацыяй за яго працу падчас Алімпійскіх гульняў 2014 года.
«Я не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў», — сказаў ён.
У большасці краін не забаронена мець актывы ў афшорах або выкарыстоўваць падстаўныя кампаніі для вядзення бізнесу праз нацыянальныя межы. Бізнесмены, якія працуюць на міжнародным узроўні, кажуць, што ім патрэбныя афшорныя кампаніі для вядзення сваіх фінансавых спраў. Аднак аўтары адзначаюць, што часта гэта зводзіцца да пераводу прыбытку з краін з высокімі падаткамі, дзе яны зарабляюцца, кампаніям, якія існуюць толькі на паперы ў юрысдыкцыі з нізкімі падаткамі. Выкарыстанне афшорных сховішчаў выклікае асаблівыя спрэчкі ў палітычных дзеячаў, паколькі іх можна выкарыстоўваць для таго, каб схаваць ад грамадскасці палітычна непапулярную ці нават незаконную дзейнасць.
Аўтары тлумачаць, што згодна са схемамі, за некалькі соцень або тысяч долараў афшорныя правайдары могуць дапамагчы кліентам стварыць кампанію, сапраўдныя ўладальнікі якой застаюцца ўтоенымі. Альбо за 2-25 тысяч долараў яны могуць стварыць траст, які дазваляе яго бенефіцыярам кантраляваць свае грошы, не несучы юрыдычнай адказнасці. Такім чынам магчыма абараніць актывы крэдытораў, праваахоўных органаў і былых мужа і жонкі.
reform.by