Жыхар Брытаніі III-IV стагоддзяў быў пахаваны з каменем у роце

Навукоўцы, якія даследуюць знойдзены ў 1991 годзе шкілет з пахавання III-IV стагоддзя блізу вёскі Стэнік ў Іст-Нортгемптаншыры выявілі ў яго ў роце гладкі плоскі камень. Пры гэтым даследнікі сцвярджаюць, што гэты камень замяняў папярэдне выдалены язык.

11_13.jpg

Археалагічная зона ў даліне ракі Нін была знойдзена ў сярэдзіне 1980-х гадоў, калі ў гэтых мясцінах рыхтаваліся пачаць здабычу жвіру. Людзі пасяліліся ў даліне з часоў позняга жалезнага веку. У канцы I стагоддзя да н. э. там ужо мелася квітнеючая вёска з каменнымі пабудовамі, аточаная сцяной з бярвення, якая існавала на працягу ўсяго перыяду рымскага валадарства ў Брытаніі. У IV стагоддзі ў даліне была пабудавана багатая віла. Пахаванні жыхары здзяйснялі за населеным пунктам. Паселішча існавала да VI стагоддзя.
Падчас раскопак 1984-1992 года было выяўлена больш за 11 тысяч знаходак, у тым ліку больш за 3500 манет, дзве з паловай тоны керамікі рымскага перыяду у 1600 узораў арганiчных матэрыялаў (раслінных валокнаў, насякомых, пылка), 1,4 тоны костак жывёл, 112 пахаванняў, не лічачы пахаванняў пасля крэмацыі, і восем асобных чэрапаў. Вывучэнне знаходак працягваецца да цяперашняга часу. Частка чалавечых парэшткаў была вынятая ў блоках глебы, каб яны заставаліся непашкоджанымі, пакуль археолагі не пачнуць з імі працаваць.
Калі навукоўцы дабраліся да шкілета з каменем у роце, астэалагічны аналіз костак чэрапа паказаў на наяўнасць інфекцыі. Гэта пацвердзіла версію аб выразанні языка, паколькі праз рану, што засталася пасля гэтага лёгка маглі б трапіць бактэрыі з палашчыні рота. Археолагі схіляюцца да версіі, што пахаваны чалавек быў пакараным злачынцам. Да таго ж пахаваны гэты чалавек быў тварам уніз, што можа сведчыць як аб пакаранні за злачынства, так і аб тым, што навакольныя асцерагаліся яго звышнатуральных здольнасцяў, якія маглі выявіцца пасля смерці. На момант смерці чалавеку без языка было каля трыццаці гадоў.

12_14.jpg

Спецыяліст па шкілетных парэштках Сайман Мэйс (Simon Mays) з камісіі па гістарычных будынках і помніках (Historic England), якая праводзіць даследаванне, сказаў, што адсячэнне языка згадваецца ў некаторых старажытнагерманскіх судовых кодэксах ў якасці пакарання за паклёп. Але навукоўцам яшчэ трэба будзе высветліць, ці існаваў такі звычай у Рымскай Брытаніі. Прававыя нормы Брытаніі гэтай эпохі вядомыя нам куды менш, чым юрыдычная практыка Старажытнага Рыма.
Таксама Мэйс заўважыў, што вядомыя іншыя пахаванні ў Брытаніі рымскага перыяду, дзе камень замяняў адсутную частку цела. Напрыклад, у прыкладна дзесяці чалавек камень або гліняны посуд быў пакладзены ў магілу замест адсечанай галавы. Па словах навукоўца, за такой практыкай можа стаяць ўяўленне аб неабходнасці поўнага камплекта частак цела пры пахаванні ці ж, наадварот, замена асобных органаў была патрэбна менавіта для таго, каб астанкі памерлага заставаліся няпоўнымі.
Паводле Pro Science