Апошняя каралева Брытаніі?

Працяглая хвароба 90-гадовай каралевы Вялікабрытаніі Елізаветы ІІ выклікала спекуляцыі пра яе хуткі скон. На думку каментатараў, сыход каралевы ў цяперашні час стварае пагрозу для інстытуту брытанскай манархіі.

liz4.jpg

Такая пастаноўка пытання выглядае трошкі дзіўнай, бо пры Елізавеце аўтарытэт брытанскай манархіі, падаецца, дасягнуў небывалага ўзроўню. Каралева, якая кіруе з 1952 года, мае бясспрэчны аўтарытэт, што стала фіксуе сацыялогія, — 76 працэнтаў брытанцаў лічаць сябе манархістамі. Толькі 17 працэнтаў на Альбіёне сімпатызуюць рэспубліканскім ідэям.

Аднак доўгае знаходжанне Елізаветы на троне мае і адмоўныя моманты. Сыход з жыцця асобы, якая шмат для каго ўвасабляе стабільнасць у Каралеўстве, відавочна, выкліча пачуццё глабальнай трагедыі, адчуванне надыходзячага канца свету. А паколькі ў паветры лунаюць яшчэ эканамічны і палітычны крызісы — наступствы Brexit, пагроза шатландскага сепаратызму, — апакаліптычныя забабоны набываюць дадатковы імпульс.

385494142.jpg


Другая праблема манархіі — праблема нашчадкаў Елізаветы. Паводле дзеючых правілаў, трон павінен заняць прынц Чарльз, рэпутацыя якога ў брытанскім грамадстве, мякка кажучы, неадназначная. Толькі 27 працэнтаў брытанцаў лічаць яго вартым пасады манарха (дадзеныя апошняга апытання 2016 года).

Натуральна, Чарльзу не могуць прабачыць трагічнага лёсу прынцэсы Дыяны — яго былой жонкі, з якой ён сварыўся, здраджваў і інтрыгаваў супраць яе з дапамогай маці. Хаця на момант смерці Дыяны (яна загінула ў аўтааварыі ў 1997-м) яны былі ў разводзе, народная канспіралогія сцвярджае, што нябожчыцу «замовілі». Быццам бы, Дыяна збіралася апрылюдніць некаторыя акалічнасці побыту Букінгемскага палацу. Паколькі яе споведзі маглі паставіць аўтарытэт манархіі пад пагрозу, Віндзары, маўляў, запрасілі кілераў.

Аднак і без канспіралагічных тэорый пра штучную смерць Дыяны Чарльза ў народзе ўспрымаюць выключна як нейкага мажора-пераростка, які ў дадатак пакутуе на псіхалагічную траўму. Яму ўжо 68 гадоў, а ён — праз фантастычнае даўгалецце маці — так і не здолеў стаць памазанікам божым. Як падлічылі гісторыкі, цяперашні дафін чакае карону так доўга, як ніводны іншы прынц у гісторыі Англіі. Натуральна, такі форс-мажор можа паўплываць на любую псіхіку.

bilostalo.ru

bilostalo.ru

Як следства, атрымаўшы запаветную карону, Чарльз можа наламаць дроў. На карысць такіх прагнозаў сведчаць яго папярэднія учынкі. Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х стала вядома, што прынц не задавальняецца цырыманіяльнымі функцыямі, якія выконваюць прадстаўнікі дынастыі. Замест гэтага, ён актыўна лез у палітыку, бамбардзіруючы Даўніг-Стрыт, 10 (рэзідэнцыю брытанскага прэм’ера) лістамі, у якіх лабіяваў розныя тэмы і праекты. Дыяпазон інструкцый Чарльза быў надзвычай шырокі: прынц прапаноўваў ідэі наконт аграрнага сектару, архітэктуры, клімату, сацыялкі… З комплексамі вялікага палітыка Чарльзу будзе цяжка выконваць дэкаратыўныя абавязкі караля, якія выданне «Daily Star» сфармуліравала наступным чынам: «Быць дарадчыкам, натхняць і надаваць пяшчоту».

Найбольш смелыя публіцысты прагназуюць нават канфлікт паміж галінамі ўлады. Аж да таго, што краіне пагражае вяртанне ў часы, калі манарх упарта змагаўся з парламентам за свае прывілеі. На іх думку, кампраміс, які быў дасягнуты ў грамадстве ў 1688 годзе ў межах так званай «Слаўнай рэвалюцыі», можа быць парушаны.

womendevelopment.org.ua

womendevelopment.org.ua

У прынцыпе, патэнцыйнага канфлікту можна пазбегнуць, калі Чарльз пагодзіцца адмовіцца ад кароны на карысць прынца кембрыджскага Вільяма. Сына Чарльза і Дыяны жадаюць бачыць на троне 52 працэнта брытанцаў. Натуральна, сваю ролю ў папулярнасці такога варыянту згуляла і жонка Вільяма прынцэса Кейт Мідлтан, якую называюць эталонам элегантнасці. Аднак тут таксама ёсць перашкоды. Елізавета ІІ неаднаразова жорстка выступала за тое, каб наступным каралём быў Чарльз.

Так ці інакш, катаклізм у адносінах паміж урадам і манархам або скандалы ў каралеўскай сям’і даюць рэспубліканцам магчымасць пачаць кампанію за ліквідацыю інстытута манархіі. Відавочна, што апераваць яны будуць любімым аргументам пра каралеўскіх паразітаў, на ўтрыманне якіх штогод ідзе каля 300 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Мяркуючы па змесце рэспубліканскіх сайтаў, скон Яе Вялікасці павінен стаць «часам Х». Адразу пасля публікацыі некралогу ідэйныя нашчадкі Кромвеля (сёння ў Вялікабрытаніі каля 35 тысяч актыўных рэспубліканцаў) павінны пачаць збор подпісаў за адпаведны рэферэндум.

Сустракаецца ў прэсе і думка, што канфлікт паміж Чарльзам і Вільямам толькі дапаможа прэстыжу манархіі. Як кажа дырэктар брытанскай сацыялагічнай кампаніі па вывучэнні грамадскай думкі Opinium Research, людзі даўно ўспрымаюць каралеўскую сям’ю як вечную драму, і напружанасць у венцаноснай сям’і толькі ўзмоцніць інтарэс да «серыялу», асабліва сярод моладзі.

elizaveta_ii.jpg


Між тым 16 студзеня Елізавета ІІ зрабіла першы публічны выхад у новым годзе, наведаўшы царкву ў графстве Норфалк. Яе выхад у свет, натуральна, супакоіў манархічную грамадскасць. Аднак нават самыя заядлыя аптымісты прызнаюць, што гэта толькі адтэрміноўка трагічнай навіны. Раней выданне «The Telegraph» зліла канфідэнцыйную інфармацыю з каралеўскай канцылярыі. Ананімны інфарматар паведаміў, што ў Букінгемскім палацы ўжо запусцілі план пад назвай «мост» — падрыхтоўку пахавання каралевы і каранацыі прынца.