Як такое магчыма? Людзі з’язджаюць з Беларусі, але грошай у краіну пераводзіцца больш, чым выводзіцца з яе

Беларусы сталі часцей пераводзіць грошы за мяжу і назад. Пра што гэта сведчыць?

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Колькасць беларусаў, якія з'ехалі з краіны, імкліва расце. Відаць, у кожнага знойдзецца хаця б адзін знаёмы, які за апошні год перабраўся за мяжу. Хтосьці з'язджае назаўжды, хтосьці на заробкі. Тое, што адбываецца, наводзіць на думку, што колькасць міжнародных пераводаў у Беларусь і назад павінна прыкметна вырасці. Пра гэта разважае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

А што кажа афіцыйная статыстыка? Яна пацвярджае такія здагадкі. Паводле інфармацыі Нацбанка, за апошнія некалькі месяцаў колькасць грошай, якія беларусы адправілі за мяжу і атрымалі адтуль з дапамогай міжнародных сістэм грашовых пераводаў, істотна павялічылася.

Каб было зразумела. Калі ў першым квартале 2022 года сума такіх пераводаў з РБ склала $40 млн., а ў Беларусь — $72,4 млн., то ўжо ў другім квартале гэта былі зусім іншыя паказчыкі: з краіны сышло $78 млн., а ў краіну прыйшло — $115,2 млн.

Адпаведна, вырас і сярэдні чэк пераводаў. У першым квартале пры пераводах з Беларусі ён быў каля $300, цяпер стаў $476, а пры пераводах у краіну быў $281, а стаў $372. А яшчэ мы бачым, што розніца ў пераводах, якія пайшлі з краіны і прыйшлі ў яе, нягледзячы на значнае павелічэнне патоку, практычна не мяняецца гадамі. За апошнія 4 гады ў краіне стабільна заставалася ад $55 млн да $69 млн у першым паўгоддзі.

Пра што кажуць гэтыя лічбы? Напрыклад, можна зрабіць выснову, што ў краіну грашовыя пераводы цякуць значна больш актыўна, чым з яе. І гэта можа здацца трохі нелагічным, бо эмігранты, па ідэі, павінны актыўна забіраць свае грошы: яны ім відавочна больш патрэбныя на новым месцы жыхарства. Так, хтосьці перадае рэгулярна частку заробленага за мяжой сваёй сям'і ў Беларусі, пажылым бацькам. Але адкуль настолькі яўная розніца?

Калі пачаць разбірацца, высвятляецца некалькі важных дэталяў, якія трэба ведаць, калі казаць пра статыстыку.

Мы гаворым тут пра рух грошай, што ажыццяўляецца праз міжнародныя сістэмы грашовых пераводаў. У статыстыцы Нацбанка, якую мы бачым, улічваюцца ўсяго сем з іх: Western Union, Юнистрим, Залатая Карона, Money Gram, Contact, Ria Money Transfer і Сбербанк Онлайн. Важна разумець, што многія з гэтых плацежных сістэм у Беларусі цяпер абмежавалі сваю працу, некаторыя зусім закрыліся (той жа Western Union).

Таксама майце на ўвазе, што многія з іх — расійскія, а значыць, самі знаходзяцца пад дзеяннем абмежавальных мер, і наўрад ці тым Збербанкам вы адправіце грошы ў Польшчу. А прамыя пераводы з банкаўскага рахунку на рахунак у статыстыцы не ўлічаны.

Усё гэта значыць, што, калі казаць пра пераводы, беларуская статыстыка вельмі моцна абмяжоўваецца тымі краінамі, з якімі супрацоўнічаюць цяпер у Беларусі сістэмы пераводаў. Гаворка пра пераводы ў Еўрасаюз фактычна не ідзе.

Чым жа абумоўлены тады такі рост? Паколькі большасць пераводаў звязана з Расіяй, ён можа быць выкліканы значным умацаваннем расійскага рубля. Статыстыка вядзецца ў доларах, адпаведна, пры пераводзе тых жа сум, што і раней, у расійскіх рублях эквівалент у доларах значна вырасце. Яшчэ можна меркаваць, што апошнія месяцы мы назіраем, як расіяне рухаюць свае капіталы, спрабуючы зразумець, як імі распараджацца ў новых умовах. Ускосна гэта пацвярджаецца тым, што такая ж карціна росту грашовага абароту з Расіяй назіраецца цяпер, напрыклад, у Арменіі або Таджыкістане.

І, нарэшце, апошняе важнае пытанне: а што з пераводамі ў Еўрасаюз? Відавочна, што ў Польшчу і Літву з'язджаюць дзясяткі тысяч людзей, іх грошы павінны рухацца як туды, так і адтуль. Пераводы робяцца, але не ў тых сістэмах, якія ўлічваюцца беларускай статыстыкай. Мы гаворым цяпер пра SWIFT. А гэта значыць, што даныя, якія зараз публікуе Нацбанк, адлюстроўваюць толькі малую частку вялікай карціны, і рэальна меркаваць пра тое, колькі грошай уваходзіць у краіну і колькі выходзіць з яе, мы па іх не можам.