Будуць новыя штрафы? За несвоечасовую дзяржрэгістрацыю нерухомасці хочуць увесці адказнасць

У Беларусі могуць увесці адказнасць за несвоечасовы зварот па рэгістрацыю нерухомасці. Пакуль ладзіцца абмеркаванне ідэі.

_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__6__1_logo.jpg

З такой прапановай выступіў Дзяржкамітэт па маёмасці — на абмеркаванне вынесены праект змяненняў у законы па пытаннях дзяржрэгістрацыі нерухомасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Абмеркаванне праходзіць на прававым форуме па 3 траўня, піша «Люстэррка».

Дзяржкамітэт па маёмасці прапануе "ўдасканаліць практыку" і "ліквідаваць прабелы" ў пытаннях дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці. Адным з такіх прабелаў ведамства называе парушэнне тэрмінаў дзяржрэгістрацыі пераходу правоў на аб'екты нерухомасці.

У камітэце патлумачылі: у некаторых выпадках людзі не звяртаюцца па рэгістрацыю нерухомасці, у выніку ў рэгістры ўтрымліваецца неактуальная інфармацыя. З-за гэтага можа ўзнікнуць блытаніна з падаткамі — яны налічваюцца асобам, якія фактычна не з'яўляюцца ўладальнікамі аб'ектаў нерухомай маёмасці.

Да прыкладу, чалавеку належала кватэра, якую ён прадаў па дамове куплі-продажу. Згодна з умовамі дагавора, абавязак па дзяржрэгістрацыі пераходу права ўласнасці на жыллё ўскладзены на пакупніка. Але той не зрабіў гэтага своечасова, таму падаткі на кватэру па-ранейшаму налічваюцца прадаўцу, які працягвае лічыцца яе ўладальнікам.

Такая сітуацыя, калі пакупнікі не спяшаюцца рэгістраваць набытую нерухомасць, можа зацягнуцца вельмі надоўга. Увесь гэты час першапачатковыя ўладальнікі жылля, нібыта, абіваюць парогі выканкамаў і падатковай праз тое, што вымушаныя плаціць падаткі на нерухомасць, якая фактычна ўжо ім не належыць.

"У сувязі з гэтым прапануецца ўсталяваць абавязковасць ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі ў дачыненні да аб'ектаў нерухомай маёмасці", — гаворыцца ў абгрунтаванні да праекту.

У МУС накіравалі прапанову па ўключэнні ў КаАП артыкула аб адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне абавязку па своечасовым звароце за дзяржаўнай рэгістрацыяй нерухомасці — цяпер устаноўлены для гэтага тэрмін складае 6 месяцаў.