Такое яно, «народнае веча». Абараняць УНС будуць 3 тысячы сілавікоў, у тым ліку АМАП

Міністэрства ўнутраных спраў прыводзіць у павышаную гатоўнасць супрацоўнікаў для аховы так званага Усебаларускага народнага сходу, які будзе працаваць у Мінску 24-25 красавіка.

img_2998_2_logo.jpg_logo_1.webp

У ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што намеснікі кіраўніка МУС Юрый Назаранка і Мікалай Карпянкоў правялі інструктаж мінскай міліцыі. Падраздзяленні ведамства 24-25 красавіка прыводзяцца ў павышаную гатоўнасць.

Адзначаецца, што ахоўваць УНС будуць каля 3 тысяч супрацоўнікаў, да гэтай важнай справы прыцягнуць АМАП, сапёраў, ратавальнікаў, іншых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і нават медыкаў.

На базе ГУУС, як і падчас лютаўскіх «выбараў» у «парламент», будзе разгорнуты «аператыўна-сітуацыйны штаб».

«Задзейнічаны будуць нарады АМАП і РУУС, сапёрна-піратэхнічныя і групы процідзеяння БПЛА, інтэрнэт-маніторынгу, максімальная колькасць працоўных месцаў у цэнтры відэаманіторынгу ГУУС. Супрацоўнікі ДАІ забяспечаць бяспеку перамяшчэння дэлегатаў і кантроль дарожнай абстаноўкі», — гаворыцца ў паведамленні ў міліцэйскім выданні «На варце».

«Асабісты склад арыентаваны на неадкладнае рэагаванне і спыненне парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і іншых злачынстваў. Любой інфармацыі, якая змяшчае пагрозы бяспецы, у тым ліку ў дачыненні да дэлегатаў сходу, будзе дадзеная прававая ацэнка», — цытуе прэс-служба МУС начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандра Купчэню.


Глядзіце таксама

Нагадаем, 2 лютага Лукашэнка даручыў стварыць арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні першага пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу. У яго ўвайшлі прэм’ер Раман Галоўчанка (узначаліў), іншыя міністры і кіраўнікі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, і іншыя чыноўнікі.

У сакавіку дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў аб мабілізацыі сілавікоў для прадухілення «магчымых правакацый» падчас УНС.

«Сёння ў сілавым блоку прынятыя ўсе рашэнні, падрыхтоўка адпаведных сіл ідзе поўным ходам і мы трымаем руку на пульсе. Я думаю, што тыя задачы, якія ўскладзеныя на структуры сілавога блока, будуць выкананыя годна», — сказаў Вальфовіч.

Усебеларускі народны сход атрымаў канстытуцыйны статус і мноства паўнамоцтваў у выніку «рэферэндуму» 2022 года. Мяркуецца, што яго старшынём стане Лукашэнка, які будзе сумяшчаць гэтую пасаду з пасадай «прэзідэнта». У склад УНС уключаныя больш за 1000 чалавек — спрэс лаяльных да дзейнага рэжыму, якія прывыклі за ўсё галасаваць адзінагалосна.

Прапаганда і самі лукашэнкаўцы крывадушна назваюць УНС «народным веча», хаця ніводны дэлегам у гэты орган не абіраецца беларусамі прамым галасаваннем.