Беларусы ў НХЛ: Усяго 15 чалавек за гісторыю, уключна з Канстантынам Кальцовым
Нацыянальная Хакейная Ліга была створаная ў 1917 годзе ў Канадзе і ЗША. З тых часоў самыя лепшыя хакеісты з усяго сьвету мараць аб адным: трапіць у яе і па магчымасьці выйграць са сваёй камандай Кубак Стэнлі. За больш чым 100-гадовую гісторыю ў лізе гулялі 15 беларусаў. Наколькі пасьпяховымі былі гэтыя выступы?
Як толькі адкрылася вакно магчымасьцяў са сьмерцю камуністычнага рэжыму, нашыя хакеісты змаглі згуляць з галоўнымі зоркамі сусьветнага хакею ў адной камандзе.
Аляксандар Андрыеўскі
Самым першым, хто трапіў у НХЛ, стаў легендарны ў Беларусі нападнік Аляксандар Андрыеўскі. Легендай заакіянскай лігі ўрэшце ён не стаў, бо правёў толькі 1 гульню.
Андрыеўскага выбралі на драфце 1991 года (перадсэзонная падзея, калі клюбы НХЛ па чарзе абіраюць з магчымых сусьветных хакеістаў новыя таленты, зь якімі пры нагодзе будуць заключаныя прафэсійныя кантракты). Яго абралі пад агульным 220 нумарам, што рэдка каго прыводзіла да фэерычных выступаў у наймацнейшай лізе сьвету.
Аляксандар Андрыеўскі згуляў за сваю каманду Чыкага Блэкхоўкс адну гульню ў сэзоне 1992/1993: супраць Дэтройта 27 сьнежня. Гэта была гістарычная падзея для беларускага хакею.
Дзе сёньня?
Аляксандру 55 гадоў, і ён працуе асістэнтам галоўнага трэнера менскага “Дынама”.
Алег Мікульчык
Абаронца далучыўся да каманды «Вініпэг Джэтс» у сэзоне 1993/1994. Гэта былі часы, калі зборная Беларусі па хакеі гуляла пад бел-чырвона-белым сьцягам. Мікульчык быў у складзе той легендарнай каманды. А за акіянам Алег правёў тры сэзоны, у якіх пасьпеў выйсьці на лёд дастаткова няшмат разоў – усяго 37, у якіх набраў усяго 3 асістэнцкія балы. Трэба ведаць, што сэзон у НХЛ складаецца з 82 гульняў кожнай з камандаў. Таму такі сьціплы вынік за тры гады нясе для Алега прысмак расчараваньня.
Дзе сёньня?
Мікульчыку 59 гадоў, і ён працуе сёньня ў расейскім “Мэталюргу” трэнерам абаронцаў.
Уладзімер Цыплакоў
Адзін з сымбаляў нашага хакею 90-х, Уладзімер быў абраны на драфце сонечным «Лос Анджэлем Кінгз» у 1995 годзе пад 59-м нумарам.
Пачынаючы з сэзона 1995/1996, Цыплакоў правёў у НХЛ 6 сэзонаў, якія ўключылі ў сябе 331 гульню, 69 шайбаў і 101 перадачу.
Дзе сёньня?
У 2019 годзе, ва ўзросьце 50 гадоў, Уладзімер Цыплакоў раптоўна памёр.
Руслан Салей
Бадай, самы знакаміты беларускі хакеіст у сьвеце. Адзін з самых таленавітых у нашай гісторыі – дакладна. Руслан быў абраны на драфце 1996 года ў першым раўндзе пад 9-м нумарам – неверагодны посьпех для хакеіста.
Менавіта Салей правёў найбольшую колькасьць гульняў у НХЛ сярод беларусаў – 917, у якіх абаронца закінуў 45 шайбаў і аддаў 159 выніковых перадачаў. За сваю галоўную каманду за акіянам – «Анахайм Дакс» — Руслан гуляў 9 сэзонаў. Пачынаючы з 1996/1997 і да 2005/2006. Потым яшчэ былі «Фларыда Пантэрз», «Каларада Эвэланш» і «Дэтройт Рэд Уінгз». Кар’ера ўладальніка Кубка Стэнлі, які ён прывозіў у Менск на агульны агляд, скончылася ў НХЛ у 2011 годзе.
Дзе сёньня?
На жаль, год канца кар’еры за акіянам стаў і годам канца жыцьця Руслана. Тым летам, у 2011 годзе, ён па незразумелай прычыне падпісаў гадавы кантракт з расейскай камандай «Лякаматыў» з Яраслаўля. 7 верасьня яго каманда вылецела на першую гульню сэзона з менскім «Дынама». Аднак самалёт з Салеем на борце разьбіўся.
Канстантын Кальцоў
Кальцоў быў абраны легендарным клюбам «Марыё Лем’е Пітсбург Пінгуінз» у 1999 годзе пад 18-м нумарам на драфце. Выступаць пачаў пазьней, толькі з сэзона 2002/2003. Надоўга ў НХЛ Канстантын не затрымаўся. За тры сэзоны ён выходзіў на лёд 144 разы, пры гэтым варта адзначыць, што ў сэзоне 2003/2004 ён паўдзельнічаў у абсалютна ўсіх 82 гульнях чэмпіяната.
За кар’еру нападніка ў НХЛ Кальцоў назьбіраў досыць слабыя паказчыкі: усяго 12 галоў і 26 перадачаў, што для хакеіста на яго пазыцыі вельмі мала за 144 гульні.
Дзе сёньня?
Жыцьцё нападніка трагічна абарвалася на гэтым тыдні.
Андрэй Касьціцын
Старэйшы з братоў Касьціцыных быў абраны пад агульным 10-м нумарм на драфце 2003 года. Вышэй за гэты паказчык сярод беларусаў быў толькі Салей (нумар 9). Андрэй прыглянуўся «Манрэаль Канадзіэнз», і з сэзона 2005/2006 правёў за іх 7 адданых гадоў. У апошнім для сябе сэзоне 2011/2012 пасьпеў згуляць яшчэ за каманду «Нэшвіл Прэдэйтарз».
Агулам за 398 гульняў Андрэй закінуў 103 шайбы і зрабіў 119 перадачаў.
Дзе сёньня?
Улетку 2023 года Касьціцын абвесьціў аб сканчэньні хакейнай кар’еры. Сёньня працуе намесьнікам кіраўніка спартовага аддзелу менскага «Дынама».
Міхаіл Грабоўскі
Гэты хакеіст правёў цэлых 10 гадоў у складзе 4 розных камандаў НХЛ. Грабоўскі быў абраны на драфце 2004 года пад агульным 150-м нумарам канадзкай камандай «Манрэаль Канадзіэнз». З сэзона 2006/2007 пачаў за іх выступаць, але не здолеў замацавацца, і праз два гады перайшоў у суседні – «Таронта Мэйпл Ліўз». За гэтую каманду Міхаіл гуляў ад душы, і гэты быў лепшы перыяд яго хакейнай кар’еры.
Потым былі яшчэ «Вашынгтон Кэпіталз» і «Ню-Ёрк Айлэндэрз». Агулам Міхаіл правёў 554 гульні, у якіх закінуў 125 шайбаў, і быў асістэнтам яшчэ 171 раз. Гэта робіць Грабоўскага самым выніковым з беларусаў у НХЛ. Праз гады тры яго можа абысьці Ягор Шаранговіч, зрэшты, гэта залежыць ад яго формы.
Быў вымушаны скончыць пасьпяховую кар’еру праз сур’ёзныя праблемы: страсеньні глузду пакінулі яго па-за бортам.
Дзе сёньня?
Пасьля сканчэньня кар’еры неаднаразова знаходзіўся ў кампаніі беларускага дыктатара Лукашэнкі на рознага кшталту мерапрыемствах. Да нядаўняга часу быў асістэнтам трэнера ў менскім «Дынама», а зараз – выконвае таямнічыя функцыі мэнэджэра ў зборнай Беларусі.
Сяргей Касьціцын
Малодшы брат Андрэя Касьціцына таксама пагуляў у НХЛ. Ён быў абраны тым жа «Манрэаль Канадзіэнз» у 2005 годзе на драфце пад агульным далёкім 200-м нумарам.
Сяргей правёў сярэднія шэсьць сэзонаў, пачынаючы з 2007/2008. За 353 гульні здолеў закінуць 67 шайбаў і зрабіць 109 асістаў.
Дзе сёньня?
Апошнія два гады выступае ў беларускай Экстралізе за жлобінскі «Мэталюрг».
Дзьмітры Корабаў
Абаронца правёў усяго тры гульні за каманду «Тампа-Бэй Лайтнінг» у сэзоне 2013/2014. Агульны час на лёдзе ў НХЛ – 31 хвіліна. Не багата.
Дзе сёньня?
Дзьмітры катаецца ў Менску за мясцовае “Дынама” ў расейскай хакейнай лізе КХЛ.
Раман Грабарэнка
Досьвед Рамана ў НХЛ складана назваць сур’ёзным: усяго адна гульня. Абаронца правёў 11 хвілінаў і 55 сэкундаў у лепшай лізе на Зямлі ў складзе «Нью-Джэрсі Дэвілз» у сэзоне 2014/2015.
Яго паспрабавалі на льду пасьля выступаў у мінорных паўднёваамэрыканскіх лігах. Вынік, як бачым, пасрэдны.
Дзе сёньня?
Мінулы сэзон выступаў у польскай хакейнай лізе.
Максім Сушко
Яшчэ адзін беларускі нападнік, кар’ера якога ў НХЛ укладзецца ў абзац: у 2017 годзе быў выбраны на драфце «Філадэльфіяй Флайерз» пад агульным 107-м нумарам, а згуляў толькі дзьве гульні ў сэзоне 2020/2021.
Дзе сёньня?
Максім сасланы ў “Сібір” – хакейны клюб з расейскага Навасібірску.
Ягор Шаранговіч
Ягор на сёньня – галоўная беларуская хакейная зорка. Ён быў абраны «Нью-Джэрсі Дэвілз» на драфце 2019 года пад далёкім 141-м нумарам. У асноўны склад Шаранговіч трапіў з сэзона 2020/2021, і за першыя тры гады ён выступаў шмат, але пытаньняў да яго гульні было таксама нямала.
У выніку перад пачаткам гэтага сэзона яго абмянялі ў сёньняшнюю каманду – «Калгары Флэймз», дзе Ягор адчувае палёгку і відавочнае натхненьне ў сваёй гульні. Гэты сэзон – найлепшы ў яго выкананьні. Агулам за 273 гульні ў беларуса 81 закінутая шайба і 75 перадачаў.
Уладзіслаў Калячонак
Абаронца быў абраны на драфце 2019 года пад нумарам 52 клюбам «Фларыда Пантэрз», але не згуляў за пантэраў ніразу, а быў абменены ў клюб «Арызона Каётс». І ўжо за каётаў Ільля пачаў выступаць з вельмі пераменным посьпехам з сэзона 2021/2022. За тры няпоўныя сэзоны ён правёў усяго 35 гульняў і адзначыўся галом і двума асістамі.
У гэтым сэзоне яго ўдзел у НХЛ складаецца з 6 хвілінаў і 9 сэкундаў на лёдзе. Трэба нешта зьмяняць Уладзіславу.
Аляксей Протас
Аляксей праводзіць свой трэці сэзон у НХЛ у складзе сталічнай каманды «Вашынгтон Кэпіталз». Цэнтральны нападнік быў абраны на драфце 2019 года пад агульным 91-м нумарам. На сёньняшні дзень (а заўтра плянуецца ўжо новая гульня Аляксея) ён правёў 156 гульняў, у якіх назабіваў 12 галоў і зрабіў 40 асістаў.
Ад сэзона да сэзона Протас дадае моцы, і варта чакаць у наступным сэзоне прарыву са статыстычнымі паказчыкамі.
Ільля Салаўёў
Наш самы сьвежы хакеіст у наймацнейшай лізе. Абаронца быў абраны на драфце 2020 года пад агульным нумарам 205 і атрымаў шанец пагуляць за «Калгары Флэймз» у гэтым сэзоне. Ільля на сёньняшні дзень правёў яшчэ мала гульняў – усяго 6, у якіх здабыў два асістэнцкія балы. Апошняя яго гульня прыйшлася на 11 сьнежня 2023 года і, спадзяемся, была не апошняй. У Ільлі ўсё наперадзе!
Глядзіце добры хакей!