Анатоль Сыс — Распуцін беларускай літаратуры
Падобна да Грыгорыя Распуціна ў расійскай «эліце», у эліце белліту з такімі паводзінамі Анатоля Сыса калегі звыкліся і ўспрымалі іх калі не прымальнымі, то, прынамсі, непазбежнымі.
Выхадзец з палескай глыбінкі Анатоль Сыс (1959–2005) у 90-я гады ХХ стагоддзя стаў для беларускай літаратуры падабенствам харызматычнага “старца” Грыгорыя Распуціна апошніх гадоў Расійскай імперыі для яе дваранскай вярхушкі.
Было нямала тых, хто яго апантана любіў, і шмат тых, хто яго непрыхавана гідзіўся. А самотная смерць напаткала Анатоля ва ўзросце, яшчэ меншым за ўзрост самотна сканалага, не дабітага змоўшчыкамі Распуціна.
Маладыя гады, маладыя жаданні
Дзіцячыя і юнацкія гады як Распуціна, так і Сыса прайшлі ўдалечыні ад дзяржаўных сталіцаў. Вялікай будучыні ні ў першым, ні ў другім вакольныя не бачылі — бачылі ў іх хутчэй перспектыву, у добрым выпадку, пайсці дарогаю сваіх вясковых бацькоў.
У абодвух выпадках вакольныя не прадбачылі магчымасці як для сібірскага таежніка, так і для палескага самародка імклівага сацыяльнага ліфта і магутных апекуноў. А яны ў абодвух нашых харызматычных герояў з’явіліся.
Ды гісторыі іх узвышэння, як і смерці — па-за межамі нашага сённяшняга тэксту. Пра тое шмат напісана раней і нескладана адшукаць у сеціве. Наш тэкст — пра падабенства Распуціна і Сыса.
І святы, і грэшнік, і актор
игнорируя насмешки и осуждения… явился…
ярким и страстным… в настоящем народном стиле,
будучи разом и невежественным и красноречивым…
и святым и грешником… в каждую минуту актёром…
Цытата — з успамінаў начальніка дэпартамента паліцыі Бялецкага (не блытаць з сучасным праваабаронцам Бяляцкім!) пра Грыгорыя Распуціна. Але хіба хоць адно слова з цытаты — не пра Анатоля Сыса?..
У інтэлігенцкім асяродку беларускай літаратуры 90-х гадоў ХХ стагоддзя Сыс, бадай наўмысна, імкнуўся падкрэсліць сваю “простасць”, што часам выглядала юродствам, а часцей — беспардоннасцю і хамствам. Ды падобна да Грыгорыя Распуціна ў расійскай “эліце”, у эліце белліту з такімі паводзінамі калегі звыкліся і ўспрымалі іх калі не прымальнымі, то, прынамсі, непазбежнымі.
…бросалось в глаза, что он терпеть не мог навязчивых особ.
Но с другой стороны, он надоедливо преследовал…
З успамінаў Сімановіча, сакратара Распуціна
Ідэфікс заўжды быць бачным, чутным і тым, хто дасягае жаданага, у 90-я рэалізоўваўся Сысам бязмерна. Даходзіла і да боек з нармальнымі хлопцамі, пасля і нармальныя хлопцы, і Анатоль хадзілі з фінгаламі і крыху пашкоджанымі сківіцамі… На шчасце, бойкі былі па-беларуску літасцівымі — Сыса цанілі, ды і ён заставаўся чалавечным. Але аднойчы Анатоля, пасля таго як ён дзесь за кагось уступіўся, моцна збіла міліцыя…
Витте… до последних дней, зная подвиги Г., говорил,
что у Р.возвышенная душа, что он — человек больших добродетелей
З манаха Іліядора
Увесну 1995-га па Беларускім тэлебачанні некалькі разоў паказалі дакументальны фільмец аднаго з таленавітых прыслугачоў новай улады “Дети лжи”. З убачанага добра запамінаўся негатыўны вобраз п’яна-брутальнага Сыса. У выніку многія тагачасныя тэлегледачы адвярнуліся ад нацыянальнай Беларусі. Як у свой час многія адвярнуліся ад Расімперыі з непрывабным з выгляду Распуціным. Пра тое, што агідна выглядаць — далёка не самае страшнае, гідлівым давялося ў абодвух выпадках задумацца ўжо праз некалькі гадоў.
У тым жа, што і згаданы фільм, 1995-м, Сыс надоўга трапляе ў гастраэнтэралагічнае аддзяленне мінскай бальніцы №2. Ягоны страўнік, праблемны яшчэ ў войску, цяпер цягне на інваліднасць. Урэшце, праз дзесяцігоддзе са страўнікавым крывацёкам Анатоль і памрэ…
Он вернулся… вполне выздоровевший после тяжёлого ранения,
которое подвергло его жизнь такой большой опасности.
Но всё склоняло к предположению, что со времени его возвращения
им слегка пренебрегали…
З успамінаў пра Распуціна П’ера Жыльяра
У сярэдзіне 90-х Сыс актыўна карыстаўся календаром пісьменніцкіх дат народзінаў, каб завітваць да імяніннікаў на пачастунак. Хтось сустракаў добразычліва, хтось — з жахам, хтось ужо ігнараваў…
Кватэра і “Ролекс”
Падобна да Распуціна, Сыс узяў завядзёнкай за сяброўскім сталом ва ўласнай кватэры на вуліцы Крапоткіна, якую атрымаў ад Саюза пісьменнікаў, з упэўненым і пафасным выглядам настаўляць малодшых беларускіх творцаў. У запрашэнні маладога творцы дахаты звычайна прысутнічала пэўная праверка запрошанага “на вашывасць”: яму раптам даводзілася траціцца на незапланаваную бутэльку, незапланаваныя прадукты, незапланаваныя падарункі… Пры тым Анатоль, напаўпрыхавана-іранічна прыглядаўся да таго, ЯК запрошаны траціцца: сквапна, злосна, прымусова ці лёгка-безалаберна, хай сабе й на апошнія грошы…
Кажуць, быў выпадак, калі Сыс выпрасіў у аднаго пісьменніка — “сынка” з крутога пісьменніцкага клану “панасіць” некалькі дзён ягоны швейцарскі “Ролекс” — наручны гадзіннік, цана якога, бывае, даходзіць да некалькіх тысяч даляраў, а калі наспеў час вяртаць, выдаў: “Згубіў…”
Больш, кажуць, “Ролекса” таго аніхто не бачыў, і было падобна, што Анатоль яго згубіў насамрэч… Да гонару небаракі-пісьменніка, той “праверку” вытрымаў без істэрык…
“Іконе месца ў царкве”
Класік беларускага жывапісу Алесь Марачкін падарыў Анатолю вялізную ікону Божай Маці Чарнобыльскай уласнай работы — можа, самы значны са сваіх твораў.
Анатоль, як і належыць, прыняў дар з піетэтам, але маці і сёстрам сказаў, што аднясе ікону ў Заспінскую царкву, што за некалькі кіламетраў ад роднай гарошкаўскай хаты.
Імідж заспінскага “бацюшкі” быў тады адмоўным. Пазбаўлены месца служэння ў Гомелі за неадпаведныя паводзіны, ён і ў вёсцы аўтарытэт меў нязначны: казалі, што з царквы за час яго святарства сышло нямала каштоўнага. Таму да Анатолевай ідэі з іконай сваякі паставіліся негатыўна: маўляў, можа з заспінскай царквы знікнуць, як і іншыя…
Але Сыс, насуперак усім вакол, усё ж аднёс ікону ў Заспу. У той царкве яна стаіць і дагэтуль — на ганаровым месцы.
Квіток на Гомель
Увесну 1999-га, пасля сяброўскай размовы з гарэлкай у Сысавай кватэры, мы з ім рушылі да вакзала, каб пасадзіць мяне на цягнік на Гомель. Нарабіўшы ў дарозе нядбаек, завітаўшы ў часопіс да былога Анатолевага пакравіцеля, які цяпер ледзь не выштурхаў яго прэч, бо ў яго была сустрэча з замежнікам, і ў газету да былога Анатолевага супраціўніка, які цяпер мужна вытрымаў нас, як зубны боль, мы ў выніку пабачылі хвост патрэбнага цягніка…
І тут Сыс, самаахвярна, у цесна набітым тады яшчэ старым будынку вакзальных касаў з доўгімі чэргамі, нейкай неспасцігальнай моцай пераканання вакольных дабраўся да аднаго з акенцаў з маім квітком і за хвіліну давёў касірцы, што квіток трэба замяніць на найбліжэйшы цягнік да Гомеля. Найбліжэйшы ішоў неўзабаве, і хоць давялося крыху даплаціць, касірка мой ранейшы квіток паспяхова перааформіла… Харызма Анатоля яшчэ змяняла прастору!
Пасля скону
Ёсць дзіўны феномен: бывае, памерлы збірае людзей, спачатку на сваё пахаванне, а пасля на памінкі і адзначэнне датаў памяці — і прастора вакол яго робіцца святлейшай, людзі — чысцейшымі, а стасункі між імі выпраўляюцца, развязваюцца даўнія вузельчыкі і непаразуменні…
Штось падобнае адбылося і з Анатолем Сысам. Паступова адпала многае другаснае шалупінне, выпрасталіся недарэчныя крывуліны-загагуліны…
Як і Грыгорый Распуцін, Сыс, безумоўна, не святы. Але, як і пасля Распуціна, пасля Сыса засталася і духоўная спадчына — у беларускага творцы тое перадусім паэтычны зборнік “Сыс”, які дзіўным чынам ёсць беларускім каментаром-паралеллю да біблейскага “Псалтыра” — сведчаннем пра сучасную Беларусь з яе пробліскамі святасці і многімі праблемамі, падменамі ды ілюзіямі.
PS: У 18-м Бялецкага (аднаго са згаданых аўтараў успамінаў пра Распуціна (не блытаць з Бяляцкім — адным з вартых сяброў Сыса) расстраляюць у Маскве кітайцы.
PS-2: Пры напісанні дадзенага тэксту, у прыватнасці, былі выкарыстаныя кнігі Андрэя Мельнікава “Анатоль Сыс — псальмяр эпохі перагною” і “Анатоль Сыс — псальмяр дэфармаванай Беларусі”, першая з якіх выйшла ўвесну 2017 года ў сталічным выдавецтве “Харвест”, а другая — увосень 2017-га ў гомельскім аб’яднана-грамадзянскім самвыдаце. Што да Сысавага “Псалтыра” — пра яго напісаная яшчэ адна кніжка, што чакае зацікаўленага выдаўца.