Беларуская Жанна Д’арк
Чатырох паручнікаў засушыла, генерала зрабіла трубадурам, увесь штаб другой дывізіі зачаравала, а цяпер артылерыйскага капітана, барона, гатуе сабе, галубочка, на мужа.
![emilija_plater._emilija_pljater__xix__i__logo_1.jpg emilija_plater._emilija_pljater__xix__i__logo_1.jpg](/img/v1/images/emilija_plater._emilija_pljater__xix__i__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
211 гадоў таму, 13 лістапада 1806 года, нарадзілася Эмілія Плятэр — сімвал патрыятызму і самаахвярнасці ў імя Радзімы. Гэту жанчыну яшчэ называюць беларускай Жаннай д’Арк.
Быў сцюдзёны снежаньскі перадсвяточны дзень. У невялічкім пакойчыку шляхецкай сядзібы на ложку памірала знясіленая дзяўчына, якой усяго месяц таму споўнілася 25 гадоў. Дажыць да Раства ёй не было наканавана.
Яна памерла ў асяродку малавядомых людзей, пад чужым прозвішчам, каб не патрапіць у рукі варожых уладаў. Аднак ужо ў наступным годзе яе імя зрабілася вядомым на ўсю Еўропу, дзякуючы рамантызаванаму вобразу з верша, напісанага ў 1832 годзе паэтам Адамам Міцкевічам — «Смерць палкоўніка». Ад рэчаіснасці ў ім быў толькі апошні радок: «То ліцвінка Эмілія Плятэр!». Так паўставала легенда пра беларускую Жанну д’Арк, якая ператварылася для нашчадкаў у сімвал сапраўднай патрыёткі.
![emila_plater_conducting_polish_scythemen_in_1831_logo_1.jpg emila_plater_conducting_polish_scythemen_in_1831_logo_1.jpg](/img/v1/images/emila_plater_conducting_polish_scythemen_in_1831_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ні ў чым не адставаць ад хлопцаў
Эмілія Плятэр нарадзілася 13 лістапада 1806 года ў Вільні ў вядомай арыстакратычнай сям’і Ганны фон Моль і Францішка Ксаверыя Плятэра. Яе маці была высокаадукаванай асобай, якая намагалася выхаваць дачку ў лепшых традыцыях свайго часу. Але дзяцінства Эміліі не было шчаслівым: бацькі ўвесь час сварыліся, прычынаю чаго з’яўляўся разгульны лад жыцця бацькі, які любіў азартныя гульні і прыгожых жанчын.
Калі дзяўчынцы ішоў дзясяты год, яе маці не здолела далей трываць і ў 1815 годзе пераехала да сваякоў на поўнач Віцебшчыны — у маёнтак Ліксна каля Дынабурга (цяпер — Даўгаўпілс). Характар выхавання дзяўчынкі радыкальна змяніўся, паколькі ў маёнтку цёткі Ізабелы Зыбэрэк-Плятэр не было ніводнай аднагодкі Эміліі. Яна апынулася сярод хлопцаў, у першую чаргу яе стрыечных братоў — 11-гадовага Людвіка і 9-гадовага Казіміра, вымушаная даказваць, што ні ў чым ім не саступае: ні ў фехтаванні, ні ў коннай яздзе, ні нават у паляванні. Пазней у маёнтку Дусяты іншай цёткі, Апалінарыі, яна пасябравала са стрыечнымі братамі Уладзіславам і Цэзарыем.
Ужо ў раннім дзяцінстве яна захапілася кнігамі, у прыватнасці гістарычнымі, з якіх даведалася пра Жанну д’Арк, на якую марыла быць падобнай. Да ліку яе любімых герояў таксама належалі Тадэвуш Касцюшка і Ласкарына Бубуліна (1771–1825) — гераіня грэчаскай рэвалюцыі 1821 года, якая прадала маёнтак, каб узброіць тры караблі і ўзначаліць іх у барацьбе з туркамі. Траплялі да Эміліі і творы філаматаў ды філарэтаў, сярод якіх вылучалася «Гражына» Адама Міцкевіча, галоўная гераіня якога павяла атрады ўласнага мужа супраць крыжакоў. Да таго ж Эміліі падабаліся творы нямецкіх рамантыкаў Гётэ і Шылера.
![emilija_pljater_11_logo_1.jpg emilija_pljater_11_logo_1.jpg](/img/v1/images/emilija_pljater_11_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Збіральніца беларускага фальклору
Эмілія з дзяцінства захапілася беларускімі народнымі песнямі, якія збірала і апрацоўвала. Ураджэнец Віцебшчыны Максімільян Маркс (1816–1893), які ў 1866 годзе праходзіў па справе аб замаху Д.У. Каракозава на імператара Аляксандра ІІ і быў сасланы на пажыццёвае пасяленне ў Сібір, узгадваў:
«Яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу, аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, палегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі».
Збіраючы песні, яна і сама спрабавала пісаць вершы на беларускай мове, дасканала авалодала жанрам галашэнняў, у якіх падрабязна апісвалася пакутнае жыццё простага беларускага селяніна: «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць». М. Маркс апісаў выпадак, калі сваім галашэннем Эмілія Плятэр прымусіла яго анямець ад здзіўлення і давяла да слёз аднаго вясковага музыку: «Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся...»
Эмілія захаплялася і беларускімі народнымі танцамі, асабліва «Лепятухай», марыла, што надыдзе час, калі тыя стануць звычайнай часткаю салоннага жыцця арыстакратыі.
У 1824–1829 гадах дзяўчына актыўна падарожнічала па Беларусі, Літве і Інфлянтах, а ў 1829 годзе разам з маці выбіралася ў Польшчу — у Варшаву, Кракаў і Чанстахову.
«Афіцэрская змейка»
У гэты ж час руку і сэрца ёй прапанаваў заможны рускі інжынер, які будаваў умацаванні ў яе сваякоў у Краслаўі. Пазней, як пацверджанне створанай легенды, будуць пісаць, што Эмілія адмовіла «з патрыятычных перакананняў». А Вацлаў Гансёроўскі ўвогуле ў працяг ствараемай легенды ў 1910 годзе ў вусны аднаго з персанажаў аповесці «Эмілія Плятэр» укладзе наступныя словы: «Пані Эмілія Плятэр, дачка графа Плятэра, афіцэрская змейка! Чатырох паручнікаў засушыла, генерала, камандуючага крэпасцю, зрабіла трубадурам, увесь штаб другой дывізіі зачаравала, а цяпер артылерыйскага капітана, барона, гатуе сабе, галубочка, на мужа».
Насамрэч, адмова аднаму інжынеру была звязаная з тым, што Эмілія пакахала іншага чалавека (які, так сталася, таксама быў інжынерам), маладога капітана, барона Дальвінга. Усё ішло да шлюбу і да таго, што Эмілія Плятэр ператворыцца ў звычайную арыстакратку, якая запомніцца ў беларускай гісторыі хіба тым, што адна з першых, амаль нароўні са «славянскім патрыётам» Зарыянам Даленгам-Хадакоўскім і філаматам Янам Чачотам, захапілася вывучэннем беларускага фальклору.
Але гэтую лінію лёсу перакрэсліў 1830 год, калі Эмілія страціла маці, смерць якой цяжка перажывала, і стала сведкаю распачатага 29 лістапада з Варшавы паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай.
![mielcarzewicz__julia__portret_emilii_plater__logo_1.jpg mielcarzewicz__julia__portret_emilii_plater__logo_1.jpg](/img/v1/images/mielcarzewicz__julia__portret_emilii_plater__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Лепш памерці, чым скончыць такім прыніжэннем»
Яна імкнулася далучыцца да барацьбы ўжо з самага яе пачатку. Але як жанчыну яе ігнаравалі, не дапускалі да ўдзелу. Таму Эмілія абстрыгла свае доўгія валасы і загадала пашыць сабе мужчынскае адзенне. У паўстанне яна ўступае разам з сяброўкай — Марыяй Прушынскай. Гэта адбываецца адразу пасля таго, як 25 сакавіка 1831 года партызанскі атрад Юліюша Гружэўскага выгнаў расійскае войска з Расіенаў, што стала сігналам да паўстання ў Літве і Беларусі.
Ужо 29 сакавіка разам з братам Цэзарыем Эмілія ў мястэчку Дусяты сабрала партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коннікаў і некалькіх соцень касінераў, з якімі рушыла не куды-небудзь, а на адну з магутнейшых крэпасцей у рэгіёне — Дынабург. План Эміліі складаўся ў тым, каб па дарозе да Дынабурга сабраць добраахвотнікаў, у той час як у крэпасці іх будуць чакаць лаяльныя паўстанцам маладыя афіцэры і вучні школы, у якой вучыліся яе браты.
30 сакавіка паўстанцы разбілі расійскі атрад каля паштовай станцыі Дангелі, а 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генерала Шырмана каля Уцянаў, дзе атрад Эміліі Плятэр зноў святкаваў перамогу. 4 красавіка паўстанцы ўдарылі на адну з калон корпуса генерала Шырмана, якая рухалася ў раён канцэнтрацыі асноўных рускіх войск у Дынабургу і занялі мястэчка Езёросы.
З-за колькаснай перавагі праціўніка стала зразумела, што атака на горад не будзе паспяховай. Да таго ж паўстанцы панеслі вялікія страты, таму Эмілія распусціла атрад. А з тымі, хто вырашыў змагацца да канца, 30 красавіка каля Панявежа далучылася да атрада вольных вількамірскіх стральцоў Караля Залускага, з якімі разам дайшла да Вількаміра. Тут Эмілія пазнаёмілася з новай прыяцелькай — Марыяй Рашановічаўнай, якая стала яе апошняй і неадлучнай сяброўкай.
Разам яны ўдзельнічалі ў бітвах пад Мейшаголай і Гарбіловам, дзе 5 чэрвеня генерал Дэзыдэры Хлапоўскі дараваў Эміліі ганаровае званне капітана 1-й роты 25-га палка лінейнай пяхоты. Адначасова генерал прапанаваў Плятэр вярнуцца да хаты, на што атрымаў катэгарычны адмоўны адказ.
![grafin_plater_an_der_spitze_ihres_ulanen_regiments_zu_den_vielen_heroischen_grossthaten_des_polnischen_befreyungskrieges_gehort_auch__...__logo_1.jpg grafin_plater_an_der_spitze_ihres_ulanen_regiments_zu_den_vielen_heroischen_grossthaten_des_polnischen_befreyungskrieges_gehort_auch__...__logo_1.jpg](/img/v1/images/grafin_plater_an_der_spitze_ihres_ulanen_regiments_zu_den_vielen_heroischen_grossthaten_des_polnischen_befreyungskrieges_gehort_auch__...__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яе атрад 27–28 чэрвеня вылучыўся ў бітве пад Коўна, а сама Плятэр вызначылася нязвыклаю мужнасцю, абараняючы канвой забеспячэння паўстанцкай арміі. Рэарганізаваныя рэшткі 25-га палка, якія суправаджалі абоз для арміі Гелгуда, патрапілі ў засаду паў Шаўлямі і толькі цудам уратаваліся ад поўнага знішчэння. У час бою Эмілія вызначылася мужнасцю і была ўратаваная маёрам Кекерніцкім, які аддаў ёй уласнага каня.
У ліпені стала зразумелым, што далейшы супраціў расійскім войскам не мае сэнсу, таму камандаванне паўстанцкіх сіл прыняло рашэнне перайсці ва Усходнюю Прусію і скласці зброю. На што Эмілія Плятэр заявіла: «Лепш памерці, чым скончыць такім прыніжэннем».
Эмілія вырашыла разам з Рашановічаўнай і братам Цэзарыем працягваць барацьбу, і таму накіраваліся да Варшавы. 10 дзён яны прабіраліся па лясах. Голад, недасыпанні, страх перад выкрыццём канчаткова падарвалі і без таго слабое здароўе Эміліі Плятэр. У выніку яна цяжка захварэла.
Яе схавалі ў маёнтку Абламовічаў у Юсцінаве Сейненскага павета, пад імем Коравінскай — настаўніцы шляхецкіх дзяцей. Але аднавіцца знясілены цяжкім паходным жыццём арганізм ужо не здолеў. 23 снежня 1831 года Эмілія Плятэр памерла і была пахаваная ў горадзе Капцёва.
![banknota_u_20_zlotyh_1931_logo_1.jpg banknota_u_20_zlotyh_1931_logo_1.jpg](/img/v1/images/banknota_u_20_zlotyh_1931_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Смерць палкоўніка»
Яе вобраз быў ідэалізаваны ў літаратуры і мастацтве. Вядомая літаграфія Стрэнчынскага, з якога на нас з цнатлівым спакоем паглядае прыгожая, стройная дзяўчына з прыемным тварам, валасы якой развіваюцца ад ветру. Гэтая выява стала выразам ідэала, сімвалам недасяжнай жаночай прыгажосці. У рэчаіснасці Эмілія выглядала інакш, аб чым сведчыў Ігнат Дамейка:
«Невысокая, бледная, не прыгажуня, але акруглага, прыемнага, сімпатычнага твару, з блакітнымі вачыма, добра складзеная, але не моцнай формы; была сур’ёзная, больш строгая, чым абаяльная ў паводзінах, мала размаўляла і адным поглядам быццам выклікала да сябе належныя адносіны».
Яна мела на сабе з тканіны шэрага колеру, сурдут з чырвоным каўнерам, а каля самай шыі карункавы каўнерык, які быў ёй да твару. На галаве, на пастрыжаных валасах, насіла мужчынскую фуражку. Суцэльнасць разам з ботамі стваралі шырокія, да зямлі порткі, кінжал і пісталет. Сарамлівая, без ніводнай ненатуральнай позы, яна заўсёды выдатна трымалася на кані.
![Клемаціс Эмілія Плятэр Клемаціс Эмілія Плятэр](/img/v1/images/klemacis_emilija_pljater1_logo__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Клемаціс Эмілія Плятэр
Але найбольш да яе вобраза прыклаў руку паэт на сумежжы культур Адам Міцкевіч, які вершам «Смерць палкоўніка» стварыў неўміручы вобраз патрыёткі, кіраўніцы паўстанцаў, памерлай ад атрыманых ран у змаганні за лепшы лёс Бацькаўшчыны, імем якой названы адзін з відаў прыгожай кветкі — Клемаціс Эмілія Плятэр:
На палянцы зялёнай, між думных бароў,
Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.
Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.
Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.
Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў
І прывесці бліжэй да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.
Загадаў свой прынесці паходны мундзір,
Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі.
А калі ўжо ад хаты каня адвялі,
Ксёндз туды ўвайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.
Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.
Нават воі Касцюшкі былыя,
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.
Раным-рана ў капліцы званіць пачалі.
Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх — насцеж дзверы.
Там ляжаў ён на лаве — ў спакоі чало.
У руках яго — крыж, збоч — нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі — сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!
Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў... дзяўчынай! Была — слёз не трэба, жанкі —
То ліцвінка Эмілія Плятэр!
(Пераклад Кастуся Цвіркі)