Нязломны Андрэй Бандарэнка

Калі пасля вызвалення Андрэй Бандарэнка заявіў, што працягне займацца палітыкай, якая і стала прычынай пераследу, я здзівіўся. Але здзівіўся непараўнальна больш, калі ён праз суд здолеў адваяваць маральную кампенсацыю за несправядлівы прысуд.



andrej_bandarenka.jpg

Першыя перамогі

Нарадзіўся Андрэй 14 красавіка 1973 года ў Ваўкавыску. Маці, Тамара Сцяпанаўна, родам з Чырвонай Слабады Салігорскага раёна, бацька, Валеры Рыгоравіч, — з вёскі Паўлавічы Кіраўскага раёна. Абодва з галіны фізічнай культуры. Бацька закончыў сталічны Інстытут фізкультуры, а маці — Гродзенскі тэхнікум гэтага ж профілю.

Праз год пасля нараджэння Андрэя сям’я пераехала ў Бабруйск (да яго бабулі з дзядулем) і пражыла там пяць гадоў. Потым быў Кіраўск, дзе будучы праваабаронца і закончыў СШ №1. У 1990 годзе ён паступіў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Спецыялізацыя — французская і нямецкая мовы. Некалькі гадоў пасля заканчэння інстытута працаваў перакладчыкам у Міністэрстве спорту і турызму, а потым перайшоў карэспандэнтам у газету «Спартыўная панарама».

Напэўна, журналістыка магла б стаць справай жыцця, але сярод першых артыкулаў былі два, якія вельмі моцна не спадабаліся профільнаму міністэрству, — «Па вушы ў турызме» і «НОКаўт». Кіраўніцтва газеты, каб вывесці журналіста-пачаткоўца з-пад удару высокага начальства, прапанавала яму перайсці на пасаду камерцыйнага дырэктара «Спартыўнай панарамы».

І ўжо адсюль ён «пайшоў у бізнэс». Спачатку працаваў у чужой камерцыйнай фірме. Потым адкрыў сваю. «Белвысотбуд» займаўся пастаўкамі адпаведнага будаўнічага абсталявання, а створаная паралельна «Белвысотбудгруп» яшчэ і непасрэдна вытворчасцю і будаўніцтвам.

У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка вырашыў балатавацца на парламенцкіх выбарах. Паколькі гэта, мякка кажучы, не спадабалася ўладам, у яго пачаліся праблемы, якія ў будучым зробяць з Андрэя вядомага абаронцу правоў асуджаных.

Абмежаваная радасць

Андрэя Бандарэнку арыштавалі 22 мая 2009 года і абвінавацілі па ч. 4 арт. 204 (крадзеж з выкарыстоўваннем службовых паўнамоцтваў). За што і прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму.

У лістападзе гэтага ж года прысуд быў адменены касацыйным Мінскім гарадскім судом, і справу накіравалі на новы разгляд.

Першамайскі суд сталіцы «крадзеж» памяняў на «махлярства», артыкул КК №204 — на артыкул №209 і з дзіўнай фармулёўкай — «в неустановленное время в неустановленном месте получил неустановленную сумму денег от неустановленного лица» — ад свайго першага прысуду адняў год.

Нармальная рэакцыя нармальнага чалавека на такую казуістыку: «Не можа быць». У сучаснай Беларусі — можа. І ведае гэта не толькі Андрэй Бандарэнка. У снежні 2010 года на гэты неверагодны прысуд мусіў зрэагаваць Вярхоўны суд: вынес пратэст і накіраваў справу на новы разгляд. Нарэшце, 22 сакавіка 2011 года Мінскі гарадскі суд цалкам апраўдаў Андрэя і адпусціў яго на волю. Праз год і дзесяць месяцаў пасля арышту.

Генеральная пракуратура яшчэ спрабавала абскардзіць гэта рашэнне, бо прызнаваць, што за кратамі ў нас знаходзяцца нявінныя людзі, праваахоўныя органы, мякка кажучы, не прывучаныя, але Вярхоўны суд адмовіў. Што таксама нечакана для нашых часоў...

Напэўна, такому развіццю падзей трэба толькі радавацца, але не дае спакою думка: а як быць з тымі, каму не пашанцавала так, як герою гэтага нарыса?

Нараджэнне «Платформы»

Менавіта для адказу на пытанне, як быць з тымі, каму не пашанцавала, «Платформа» і нарадзілася. Андрэй пасля вызвалення скіраваў усю сваю энергію на стварэнне грамадскай арганізацыі, якой далі назву Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова (ІАУ) «Платформа».

Канцэпцыя такой арганізацыі выкрышталізоўвалася ў яго ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска. Той самай, дзе сёння адбывае пакаранне вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Калі ўлічыць, што нават айчыннае правасуддзе нарэшце прызнала справу Андрэя Бандарэнкі незаконнай, цалкам лагічна спытацца: хто за ўсё будзе адказваць? І цалкам лагічны адказ — беларуская дзяржава. Гэта настолькі відавочна, што апошняй нават давялося пагадзіцца на пэўную кампенсацыю. У жніўні мінулага года было прынята адпаведнае судовае рашэнне.

Міністэрства фінансаў РБ «маёмасныя страты» ацаніла ў 60 мільёнаў беларускіх рублёў (столькі абышліся паслугі адвакатаў) і выплаціла гэтую частку амаль без праблем. А вось наконт кампенсацыі маральных страт праблемы пачаліся адразу ж.

Першапачаткова маральную шкоду ацанілі (суд Кастрычніцкага раёна Мінска) у 120 мільёнаў беларускіх рублёў, але пасля ўмяшання Вярхоўнага суда яе зменшылі да 100 мільёнаў. З моманту прыняцця такога судовага рашэння ўжо прайшло пяць месяцаў, але беларускае міністэрства фінансаў не спяшаецца выплачваць грошы. І асабіста я не здзіўлюся, калі Андрэй Бандарэнка не ўбачыць іх увогуле.

Аднак вернемся да «Платформы».

Не раз даводзілася чуць пра тое, што беларуская ўлада сама штурхае людзей у апазіцыю. Так адбылося і з Андрэем Бандарэнкам. Мажліва, каб не асабісты досвед і каб адразу пасля вызвалення яго не папярэдзілі, што любыя спробы займацца бізнэсам скончацца новай турмой, і настойліва не параілі б бегчы з роднай краіны, сёння б мы не ведалі праваабаронцу, які так заўзята змагаецца з беларускай пенітэнцыярнай сістэмай.

Яе сутнасць ён спазнаў на ўласным досведзе. Калі сутыкаешся з нечым падобным, то цяжка пазбегнуць адчування мэтанакіраванага імкнення ўлады маральна (і фізічна) прынізіць сваіх апанентаў. І палітычных, і ўсіх астатніх. Апошніх, дарэчы, значна больш.

Для абароны менавіта правоў «простых» (нікому не вядомых) асуджаных і стваралася «Платформа». І няма нічога дзіўнага, што зараз усе спробы афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю не мелі поспеху. Па розных надуманых прычынах Бандарэнку адмаўлялі. Даходзіла нават да відавочнага абсурду.

Калі адкрытым тэкстам сказалі, што шансаў на афіцыйную рэгістрацыю няма, Андрэй (дзеля смеху) падаў на рэгістрацыю структуры, назва якой цалкам адпавядала яго пашпартным дадзеным. Улады гэты гумар не прасяклі і адказалі, што арганізацыя з такой назвай ужо ёсць.

І ўсё ж з дапамогай сяброў (з іншых галін дзейнасці) зарэгістраваць арганізацыю Андрэю ўдалося. Так у чэрвені 2011 года з’явілася ІАУ «Платформа». Самая маладая праваабарончай структура, але далёка не самая бяскрыўдная, бо яе кіраўнік, як кажуць, ведае праблемы знутры.

Барацьба за «Платформу»

Калі казаць вельмі паліткарэктна, уладам не прыйшлася да спадобы дзейнасць новай установы літаральна з самых першых яе крокаў. Што і нядзіўна, бо прававое бязмежжа, да катаванняў уключна, якое творыцца ў міліцэйскіх пастарунках, калоніях і турмах, да гэтага практычна не трапляла ў фокус грамадскай увагі. У сферу публічнасці яго вывела «Платформа».

А «першымі ластаўкамі» сталі здзекі ў Глыбоцкай калоніі (ІК–13) і ІК–5 горада Івацэвічы (не блытаць з «Воўчымі норамі»).

Можна назваць яшчэ шмат канкрэтных прыкладаў паспяховай дзейнасці, але, на мой погляд, паказальнай у гэтым сэнсе можна лічыць і рэакцыю афіцыйных структур. Гаворачы моладзевым слэнгам, «Платформу» пачалі літаральна «гнабіць». Яе супрацоўнікаў неаднаразова затрымлівалі міліцыянты, на аднаго нават распачалі крымінальную справу, а намесніка кіраўніка юрыстку Алёну Красоўскую-Каспяровіч брутальна скралі, і трое сутак ніхто не ведаў, дзе яна знаходзіцца. Праз гэтыя страшныя трое сутак вывезлі і выкінулі з машыны ў чыстым полі. Самога ж Андрэя Бандарэнку на некалькі месяцаў зрабілі «невыязным», паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ. У яго неаднаразова забіралі кампутары.

Пра тое, колькі разоў над ім вісела сякера арышту і крымінальнага пераследу, сказаць нешта новае вельмі цяжка, бо гэта не аднойчы станавілася галоўнымі навінамі ўсіх СМІ. Дадам толькі тое, што ў момант, калі я працаваў над гэтым артыкулам, лідскія міліцыянты, чые здзекі з людзей зрабіла вядомымі грамадскасці менавіта «Платформа», настойліва шукалі яе кіраўніка і пагражалі ў чарговы раз яго засудзіць.

Што ж тычыцца самой ІАУ «Платформа», то беларускае міністэрства юстыцыі закрыла яе па прычыне, якая ў шмат каго вызывае сумную ўсмешку. Афіцыйнай зачэпкай стала тое, што структура не знаходзіцца па месцы афіцыйнай рэгістрацыі, то бок у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Чыноўнікаў не пераканала нават тое, што частка сяброў «Платформы» (уключна з Бандарэнкам) з’яўляюцца чальцамі АГП.

Па зразумелых (у тым ліку і для праваабаронцаў) прычынах усе спробы юрыдычна абскардзіць гэтае рашэнне былі безвыніковымі. Таму ў гэты ж час была зарэгістравана новая структура. Так у кастрычніку 2012 года паўстала прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Платформа Innovashion».

«Платформа Innovashion»

З гэтай назвай праваабаронцы зараз і працуюць. Прычым даволі эфектыўна, аб чым красамоўна сведчыць «лідская гісторыя», бо людзі ведаюць: каб не «Платформа Innovashion», катаванні так бы і засталіся нікому не вядомымі.

І ўвогуле, з’яўленне структуры, якой можна верыць у выкананні «пракурорскіх функцый» (да іх сёння ёсць шмат пытанняў), стала для айчыннага грамадства без перабольшвання ледзь не адзіным арыенцірам у пошуках праўды. Яе аўтарытэт рос так імкліва, што часам здавалася, быццам бы нехта наўмысна перашкаджае дзяржаве рэальна дапамагаць людзям...

Менш чым за два гады дзейнасці колькасць супрацоўнікаў па ўсёй краіне дасягнула дзвюх соцень, што для незалежнай структуры зусім не мала. Значная частка — прафесійныя юрысты. За гэты час удалося дабіцца, каб людзей перасталі збіваць непасрэдна ў калоніях. Дзякуючы іх непасрэднай падтрымцы, амаль дзесяць чалавек вызваліся з месцаў зняволення, шмат каго ўдалося абараніць ад добра вядомага «міліцэйскага бязмежжа».

А потым я зразумеў, што, па вялікім рахунку, здзіўляцца тут няма чаму, бо так насам рэч і павінна быць — перамогі дасягае толькі той, хто змагаецца.

На дадзены момант у рабоце каля сарака судовых прыгавораў і яшчэ столькі ж скаргаў на дзеянні міліцыянтаў. Плюс — новы накірунак працы — скаргі па розных гаспадарчых пытаннях.

Але ўсё гэта, як кажуць, звычайная статыстыка, за якой часам цяжка разгледзець канкрэтныя чалавечыя лёсы. А яны ўсе не менш цікавыя, чым лёс самога Андрэя Бандарэнкі. Без сумневу, гэты таленавіты чалавек мог адбыцца і дасягнуць высокіх вынікаў у любой сферы дзейнасці (журналіст, менеджар, бізнэсмэн), але паўсюль ён нарываўся на супрацьдзеянне сістэмы. Пачуццё ўласнай чалавечай годнасці не дазваляла яму ісці на беспрынцыповае прыстасаванства, а абвостранае пачуццё справядлівасці штурхала на барацьбу ў абарону сваіх і чужых правоў.