Беларусь развіталася з Юрыем Хадыкам

Сёння ў Грэка-каталіцкім цэнтры святога Язэпа сваякі, сябры, калегі і паплечнікі развіталіся з волатам беларускага Адраджэння прафесарам Юрыем Хадыкам.

juchl1_logo.jpg

Перакладчык і грамадскі дзяяч Лявон Баршчэўскі ўзгадаў зорныя часы Юрыя Хадыкі, калі той далучыўся да актыўнай грамадскай дзейнасці і дзякуючы свайму аўтарытэту высока ўзняў патэнцыял Беларускага народнага фронту, бо далучыў да яго акадэмічных даследчыкаў. «Ён верыў у дабро, быў чалавекам высокай маральнасці, умеў размаўляць з самымі рознымі людзьмі і пераконваць іх, заўжды гаварыў, што думаў, прызнаваў свае памылкі і да апошняй хвіліны непакоіўся за тое, што можна зрабіць на Бацькаўшчыне, каб змяніць сітуацыю да лепшага», — сказаў Лявон Баршчэўскі.

juchl2_logo.jpg

Паводле словаў праваабаронцы  і літаратара Алеся Бяляцкага, Юрый Хадыка нагадвае яму зубра, які ўпарта шоў наперад і цягнуў за сабой іншых. «Ён быў чалавекам энцыклапедычнах ведаў і сапраўдным прафесіяналам у фізіцы і мастацтвазнаўстве, а таксама высокадухоўнай асобай. Мне пашанцавала правесці з ім разам дзесяць дзён у камеры прыёмніка-размеркавальніка на вуліцы Акрэсціна. Паколькі апроч нас у камеры сядзелі яшчэ два хлопцы, якія працавалі на пэўную кантору, спадар Юрась вучыў іх — чытаў шматчасовыя лекцыі па Бібліі. Я ганаруся тым, што шмат гадоў быў з ім знаёмы і набіраўся ад яго ведаў, вопыту, мудрасці і аптымістычнаму погляду на жыццё», — сказаў Алесь Бяляцкі.

juchl3_logo.jpg

«Гэты мяккі інтэлігентны чалавек нанёс першую паразу лукашызму, калі аб’явіў першую палітычную галадоўку ў найноўшай гісторыі Беларусі. Улады вымушаныя былі яго вызваліць і ён адразу пасля вызвалення прыехаў у нашую раду, дзе мы яго сустрэлі з кветкамі. Я ўпэўнены, што імя Юрася Хадыкі залатымі літарамі назаўжды ўпісана ў гісторыю разам з імёнамі іншых волатаў беларускага нацыянальнага  адраджэння», — сказаў старшыня Кастрычніцкай раённай рады ТБМ горада Мінска Ян Грыб.

juchl4_logo.jpg

Філолаг і грамадскі дзяяч Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што Юрый Хадыка быў чалавекам новага беларускага адраджэння — асобай адказнай, універсальнай, з прынцыпамі,  гатовым ахвяраваць за гэтыя прынцыпы сваім здароўем і жыццём дзеля вольнай і незалежнай Беларусі.

juchl5_logo.jpg

«Пра гэта сведчыць і ягоная галадоўка, і тое, што гэты прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук з гарантаваным сацыяльным статусам падпісваў заяўкі на масавыя акцыі і ішоў з адкрытым чалом на гэтую антыдэмакратычную антыбеларускуюд ўладу, чым уяўляў сабой прыклад для іншых. Спадар Хадыка быў чалавекам еўрапейскай культуры — носьбітам заходніх падыходаў здабыцця праўды ў дыскусіі і палеміцы, але гатовы пераканаць іншых у той праўдзе, да якой прыходзіў сам. Вось чаму ён яднаў вакол сябе людзей. Беларуская свабода і сапраўдная беларушчына былі для яго катэгорыямі эстэтычнымі, маральнымі і духоўнымі. Менавіта ён адкрыў для сябе і іншых цудоўны кантынэнт старабеларускага высокапрафесійнага мастацтва, створанага розумам, рукамі і талентам нашых продкаў. Асветлены праўдай гэтага адкрыцця ён апантана нёс яе грамадству. Менавіта Юрый Віктаравіч прынёс у беларускую палітыку прынцып “хто не супраць нас, той можа быць з намі”, які дапамагаў знайсці паплечнікаў, а не нажыць ворагаў», — адзначыў Вінцук Вячорка.

juchl6_logo.jpg

Узгадваю, як пад час адной размовы з спадаром Хадыкам ён заўважыў, што галоўнае яго жаданне — дачакацца таго дня, калі Беларусь стане сапраўды вольнай і незалежнай. На жаль, ён так і не дачакаўся гэтага дня. Аднак усё, што ён зрабіў для беларускага грамадства, набліжае той час, калі сонца ўрэшце загляне і ў нашае ваконца.

juchl7_logo.jpg
juchl8_logo.jpg

juchl9_logo.jpg

Юрась Хадыка памёр пасля цяжкай хваробы 10 верасня ў Дэнверы (ЗША), дзе жыў у сям’і малодшага сына Кастуся. Праз шэсць дзён адбылося развітанне з Юрасём Хадыкам у Дэнверы і паніхіда ў Мінску.