Беларускія назвы вернуцца і для Хвойнікаў, і для Берасця
Некалькі дзясяткаў чалавек наведалі прэзентацыю кнігі «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» у Берасці. Сустрэча з мовазнаўцам адбылася ў часе курсаў «Мова нанова».

Кніга «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды» і складаецца з тэкстаў аднайменнага цыкла Радыё Свабода.

У часе прэзентацыі кнігі Вінцук Вячорка зладзіў моўную віктарыну, паказаў вулічныя відэаапытанні, знятыя для ягонай перадачы. Мовазнаўца распавёў пра асаблівасці моўнай сітуацыі ў Берасці паводле апошняга перапісу насельніцтва, пра хібы пытанняў, зададзеных падчас гэтага перапісу.

Прысутныя змаглі задаць мовазнаўцу пытанні: адных цікавіла, як правільна пісаць па-беларуску імёны сваіх продкаў, другія пасмяяліся з перакладу вуліцы Вароўскага на «Зладзеева» на афіцыйным сайце, іншыя абураліся практыкай ужывання слова «брэстаўчане» замест «берасцейцы».

«Галоўная праблема тут не ў суфіксе. Галоўная праблема тут у корані. Не „Брэст“, а Берасце, першакорань якога „бераст“, таму і націск на першы склад. Рана ці позна мы даможамся, што беларускія назвы вернуцца і для Менску, і для Хвойнікаў, і для Горадні, і для Берасця» — адказаў Вінцук Вячорка.

Сустрэча з мовазнаўцам доўжылася больш за дзве гадзіны, пасьля чаго ён падпісаў усім ахвочым сваю кнігу.

Паводле Радыё Свабода