У Слуцку прэзентавалі новую кнігу краязнаўцы Ігара Ціткоўскага
У Слуцкай раённай бібліятэцы вечарам 21
кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі вядомага мастака-краязнаўцы Ігара
Ціткоўскага «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры».
Прасторная зала бібліятэчнага памяшкання з цяжкасцю ўмясціла ўсіх жадаючых. На прызентацыі прысутнічалі каля 70 случчан рознага ўзросту і розных прафесій.
Вядучая мерапрыемства, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Цэгалка Валянціна Раманаўна, пазнаёміла са зместам новай кнігі, прадставіла слова аўтару і іньшым выступоўцам.
У перапынках паміж словамі выступоўцаў выхаванцы музычнай школы выконвалі лірычныя музычныя творы.
Гэта ўжо не першая кніга выкладчыка мастацкай школы Ігара Ціткоўскага па гісторыі Случчыны. Кніга “Мастакі і умельцы” з’явілася яшчэ ў 1995-м годзе. Пазней былі падрыхтаваны і выдадзены даведнікі «Помнікі архітэктуры Слуцка» (Слуцк. 1997), «Храмы горада Слуцка. Мінуўшчына і сучаснасць» (Слуцк. 2003), «Случчына. Уладары краю. Х-ХІХ стагоддзі» (Слуцк. 2004), «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006), «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры» (Мн. 2015).
Прымаў мастак-краязнаўца ўдзел і ў стварэнні 2-х тамоў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Слуцкі раён, Слуцк», якая выйшла ў 2000–2001 годзе.
Па словах самога аўтара, новая кніга — працяг і развіццё тэмы, прысвечанай помнікам архітэктуры Слуцка.
— Час не стаіць на месцы, — сказаў аўтар. — З’явіліся новая інфармацыя, а штосьці прыйшлося і падкарэктаваць. Гістарычныя крыніцы нярэдка даюць супярэчлівыя звесткі, а зараз ёсць магчымасць працаваць у розных архівах, у тым ліку і замежных. Захацелася ажывіць кнігу новымі персанажамі і надаць новы фармат.
Па словах аўтара, мэтай працы з’яўляецца папулярызацыя гісторыі горада і яна разлічана на школьнікаў, студэнтаў і ўсіх зацікаўленых асобаў.
У кнізе прыводзяцца звесткі пра 54 архітэктурныя аб’екты, што былі ў Слуцку раней, і пра тыя, якія існуюць раней. Гэта помнікі грамадзянскай, абарончай і храмавай архітэктуры. Колькасць помнікаў і іх апісанне на старонках уражвае. Кніга — гэта сапраўдная вандроўка па старонках гісторыі Случчыны. На жаль, у Слуцку няшмат захавалася гістарычных помнікаў , паколькі старажытны Слуцк быў пабудаваны з дрэва. Над знішчэннем драўляных культавых будынкаў папрацавалі час, пажары, наступствы розных войнаў. У 1930-я гады бальшавікамі ўжо свядома быў узарваны Мікалаеўскі сабор у гістарычным цэнтры. Некаторыя помнікі архітэктуры зніклі з твару горада ўжо ў 70-я і 80-я гады мінулага стагоддзя.
Падчас правядзення дажынак былі знішчаны будынкі гарадской бальніцы, пабудаваныя ў пачатку ХХ стагоддзя.
Кніга выйшла накладам у 250 экземпляраў у мінскім выдавецтве “Смэлтак”. Матэрыяльную падтрымку для выдання кнігі аказала мінская кампанія “Твая сталіца», якой кіруе Уладзімір Давідовіч, былы жыхар Слуцка.
“Я лічу, што без нацыяльна-культурнага Адраджэння немагчыма развіццё нават беларускай эканомікі, — сказаў у каментары НЧ Уладзімір Давідовіч. — Па магчымасці мы падтрымліваем розныя культуралагічныя праекты, аказваем падтрымку тэатру беларускай драматургіі. Хацелася б, каб дзеці і ўнукі не з’язджалі на Захад, а раслі на роднай зямлі, ведалі яе гісто рыю і мову, ганарыліся сваёй сучаснай Радзімай».