Чорны маклер Лукашэнкі
Іван Ціцянкоў назаўжды ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які публічна разадраў дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг і распісаўся на кавалках. Лукашэнкаўскі «заўхоз» 5 лістапада адзначае 65-годдзе. Добрая нагода прыгадаць іншыя цікавыя факты з ягонага мінулага.
3 снежня 1999 года краіну ўскалыхнула сенсацыйная навіна: паводле прэзідэнцкага ўказа № 714 у адстаўку пайшоў кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў. І хаця ва ўказе прысутнічала апраўдальная фармулёўка «по собственному желанию», было зразумела, што з такіх пасадаў па ўласнай волі сыходзяць раз на сто гадоў. Грамадскаць была здзіўлена: як, за што? Канешне, ведамства Івана ў апошнія часы трэслі скандалы, аднак пазіцыі Ціцянкова здаваліся непахіснымі. І вось…
Шлях наверх
Ваня Ціцянкоў прарваўся ў вялікую палітыку, як і ягоны будучы патрон Аляксандр Лукашэнка, дзякуючы выбарам у Вярхоўны Савет БССР у сакавіку 1990 года. На той момант Ціцянкоў займаў пасаду першага сакратара Краснапольскага райкама КПБ. Ураджэнец вёскі Клеявічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ціцянкоў у 1973 годзе скончыў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум «Дуброва» і пэўны час працаваў зоатэхнікам у гэтым рэгіёне. У 1981 годзе Ціцянкоў істотна падвысіў свой адукацыйны ўзровень: скончыў знакамітую Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці зоаінжынер.
З 1977 па 1986 гады Ваня працуе дырэктарам саўгаса «Каўгарскі» Асіповіцкага раёна і першым намеснікам старшыні ўпраўлення сельскай гаспадаркі Асіповіцкага раёна.
З 1986 года Ціцянкоў — на партыйнай працы: намеснік загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці Магілёўскага абкама партыі, а ў 1988 годзе ўзначальвае Краснаполле.
Кандыдатам у народныя дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання Ціцянкоў вылучаецца па Краснапольскай выбарчай акрузе №300. Акрамя Вані на запаветны дэпутацкі мандат прэтэндавалі яшчэ два чалавекі. Фаварытам гонкі лічыўся непасрэдны начальнік Вані — сакратар Магілёўскага абкама партыі Мікалай Парніцкі, які быў старэйшы за Ціцянкова амаль на дваццаць год. Да кампаніі таксама далучыўся Уладзімір Панасенка — старшыня калгаса імя Валадарскага Краснапольскага раёна. Аднак Панасенка неўзабаве зняў сваю кандыдатуру, што сведчыла пра адміністратыўны рэсурс на карысць Парніцкага.
У ходзе перадвыбарчай барацьбы Ціцянкоў удала эксплуатуе чарнобыльскую праблему. Асноўны напрамак Ванінай праграмы палягаў у адсяленні насельніцтва раёна ў экалагічна чыстыя зоны Магілёўскай вобласці і рэспублікі ў цэлым. Ціцянкоў крытыкаваў рэспубліканскія ўлады за невыкананне сумеснай пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў ад 7 снежня 1990 года «Аб неадкладных мерах па паскарэнні рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі ў Беларускай ССР вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у частцы перасялення і працаўладкавання насельніцтва». Ваня прапанаваў для тых часоў сапраўды рэвалюцыйны ход: адсяленне з радыеактыўнай зоны сем’яў з дзецьмі не толькі да 14 гадоў, а наогул школьнага ўзросту.
У канцы лютага (за некалькі дзён да выбараў) Ціцянкоў разам з калегамі — старшынямі абкамаў КПБ Слаўгародскага і Чэрыкаўскага раёнаў сустрэўся з першым сакратаром Камуністычнай партыі Беларусі Яфрэмам Сакаловым. Размова ішла пра перасяленне людзей з забруджаных зонаў і пра вострую няхватку ў тых рэгіёнах медыкаў, настаўнікаў, работнікаў сацыяльнай сферы.
На выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання перамога Ціцянкова была трыумфальнай: з 21 083 выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, Івана падтрымалі 16 850. Парніцкі атрымаў сапраўдны мізер — 1675 галасоў.
У чым быў сакрэт Ціцянкова? Яго раскрыла мясцовая жыхарка, пенсіянерка Соф’я Ільінічна Дуброўская: «Асабіста мяне Іван Іванавіч падкуплівае сваёй прастатой, якую рэдка можна цяпер сустрэць. Ён умее знайсці з кожным чалавекам агульную мову, наладзіць і арганізаваць любую справу. З ім можна пагаварыць і параіцца па любым пытанні».
Калі Ваня пры Лукашэнку стане магутным чалавекам, гэтыя «якасці» спатрэбяцца яму на ўсе сто працэнтаў.
У Вярхоўным Савеце
Стаўшы дэпутатам, Ціцянкоў развітваецца з ужо бесперспектыўнай партыйнай працай і пераходзіць на пастаянную аснову ў Вярхоўны Савет. 27 ліпеня 1990 года пастановай Вярхоўнага Савета Ціцянкоў зацвярджаецца ў якасці сакратара камісіі па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Адначасова з будучымі паплечнікамі прэзідэнта Лукашэнкі Леанідам Сініцыным і Віктарам Шэйманам Ціцянкоў становіцца членам часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях.
Паводле пастановы ВС ад 23 ліпеня 1990 года «О Временном положении об обеспечении деятельности народных депутатов Республики Беларусь», Ціцянкоў у якасці сакратара камісіі мусіў атрымліваць 1400 рублёў. Згодна з пунктам 13 пастановы («народному депутату БССР, освобожденному от выполнения производственных или служебных обязанностей в связи с работой в Верховном Совете БССР, не имеющему постоянного места жительства в Минске, предоставляется жилая площадь на всю семью в Минске»), Ваня атрымаў чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску па вуліцы Камуністычная агульнай плошчай 94,9 кв.м. і ўехаў туды з усім сваім сямействам: жонка, два сыны, маці жонкі. У 1993 годзе Іван выкупляе кватэру і канчаткова становіцца сталічным жыхаром.
У Вярхоўным Савеце Ціцянкоў заводзіць блізкае сяброўства з дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам, падтрымлівае апошняга. Так, 18 верасня 1991 года Лукашэнка балатаваўся ў якасці прадстаўніка ад Вярхоўнага Савета БССР у Вярхоўны Савет СССР, аднак ягоную кандыдатуру падтрымаў толькі 161 дэпутат.
Між іншым, калегі Лукашэнкі дэманстравалі лепшыя вынікі: напрыклад, будучы старшыня Дзяржкантролю Зянон Ломаць атрымаў ажно 200 галасоў. Тады падняўся Ціцянкоў і прапанаваў перегаласаваць за Лукашэнку, бо той быццам бы быў «большим специалистом в экономике». Аднак дэпутаты праігнаравалі прапанову Ціцянкова. Пры паўторным галасаванні Лукашэнка атрымаў яшчэ меншую колькасць галасоў — 147. Будучы беларускі прэзідэнт сам зняў сваю кандыдатуру, каб яе «не полоскали десять раз».
Аднак 4 чэрвеня 1993 года, калі Лукашэнка балатаваўся на пасаду старшыні часовай камісіі Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структураў пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання, Ціцянкоў прагаласаваў супраць свайго будучага патрона.
Іван, магчыма, лічыў, што стварэнне такой камісіі — правакацыя. Але Лукашэнка змог надаць камісіі прынцыповы характар. Ваня Ціцянкоў са здзіўленнем назіраў, як выхадзец са шклоўскіх трушчобаў смела выступае супраць Шушкевіча-Кебіча, заклікае да барацьбы з карупцыяй і аднаўлення СССР. Ваня нутром адчуў патэнцыял Лукашэнкі і пайшоў з ім да канца.
Менавіта Ваня ў сваім «мерсэдэсе» 1980 года выпуску вёз кандыдата ў прэзідэнта Лукашэнку ў чэрвені 1994 года пад Ліёзна, калі па аўтамабіле адбыўся стрэл.
Ваенны ў цывільным: Віктар Шэйман
Што да свайго дэпутацтва, то Ціцянкоў на першых парах пытаўся эксплуатаваць чарнобыльскую праблему. Нешматлікія прамовы Івана амаль цалкам прысвечаны Чарнобылю. У чэрвені 1990 года Ціцянкоў, выступаючы на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета, раскрытыкаваў рэспубліканскае і мясцовае кіраўніцтва за шкодную палітыку дэзактывацыі забруджаных земляў, калі ў іх ўліваліся мінеральныя ўгнаенні. Ваня з болем казаў, што гэта не гарантавала ад радыяцыі, а больш таго: гэтыя элементы ўмацавалі адзін аднаго.
Трэба аддаць належнае Ціцянкову: у першыя гады дэпутацкай дзейнасці ён клапаціўся аб роднай Краснапольшчыне, наракаў на дэфіцыт медыкаў, настаўнікаў і інш. у рэгіёне.
Аднак роля парламенцкага Дон Кіхота хутка надакучыла Ваню: яна не прыносіла аніякай карысці і грошаў. Таму «Іваныч» абраў іншы шлях.
Бізнес ад Івана
На пачатку 1990-х слова «бізнес» толькі-толькі ўваходзіла ў лексікон большасці беларусаў, але Ваня ведаў, што рабіць. 23 снежня 1992 года Ціцянкоў падае заяву аб вызваленні яго з пасады сакратара камісіі Вярхоўнага Савета па праблемах чарнобыльскай катастрофы. Праз тыдзень займае пасаду першага намесніка генеральнага дырэктара міжнароднага фонда «Наследие Чернобыля». У фондзе Іван працаваў да 1 лютага 1994 года, калі ўладкаваўся дырэктарам у сумеснае беларуска-венгерска-расійскае прадпрыемства з дзіўнай назвай «Тайминвест» з устаўным фондам у 200 тыс. долараў.
«Тайминвест» галоўным чынам аказваў пасрэдніцкія паслугі. Так, 26 студзеня 1994 года «Тайминвест» заключыў дагавор з мінскай карпарацыяй «Совтекс» аб рэалізацыі 8,5 тыс. т. дызпаліва на суму не менш 176,5 долараў за тону (у выніку Іван атрымліваў 1% узнагароды). З гэтай мэтай «Таймивест» 23 лютага 1994 года заключыў дагавор з Беларускай чыгункай, якая купляла 5 тыс. тон паліва (177 долараў за тону). Дагавор падісаў галоўны чыгуначнік Валадзько, аднак подпіс Ціцянкова адсутнічае. Замест Івана паперу падпісаў нейкі Сільчанка, які, як стала вядома пазней, увогуле не ўваходзіў у штат «Таймінвеста».
Здзелка з палівам была свядомым парушэннем: яно каштавала ў два разы больш насуперак загаду Белнафтапрама №19-Х ад 16 лютага 1994 года. Акрамя таго, як у 1995 годзе паказала праверка, Беларуская чыгунка дадаткова атрымала 630,9 тон, якія не былі прапісаны ў дагаворы.
Вялікі камбінатар
Стаўшы на на чале Беларусі, Лукашэнка знайшоў пачэснае месца Ціцянкову. Са жніўня 1994 года Ваня ўзначаліў антыканстытуцыйнае ведамства — кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Цяпер бізнес можна было ставіць на шырокую нагу. Праўда, побач з’явіліся небяспечныя людзі: кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Сініцын і сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман. У першыя часы троіца суіснавала мірна, але нават вожыку было зразумела, што гэтыя лукашэнкаўскія ваўкі рана ці позна ўчэпяцца адзін у аднаго.
Бізнез лукашэнкаўскага «заўхоза» быў просты як граблі. Людзі Вані пачалі фактычны рэйдэрскі захоп найбольш прывабных будынкаў у сталіцы і ў рэгіёнах. Затым здавалі іх у арэнду камерцыйным структурам і атрымлівалі вялікія барышы. Адпаведныя ўказы Лукашэнка выдаў 27 снежня 1994 года і 4 студзеня 1996 года. У ліпені 1997 года Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб перадачы Ціцянкову яшчэ 22 сталічных будынкаў, у тым ліку і легендарнага коласаўскага гуманітарнага ліцэя. Аднак навучэнцы ліцэя і іх бацькі далі такі бой, што ліцэй пратрымаўся яшчэ некалькі год.
Ліцэісты пратэстуюць супраць самадурства Ціцянкова. Крыніца: Свабода, 1997 год.
Другім напрамкам дзейнасці Вані стаў гандаль. У лістападзе 1995 года ўзнікла знакамітая фірма «Торгэкспо», якая мела права на бязмытны гандаль. Выдаткі ад дзейнасці фірмы ішлі не ў бюджэт, а ў нейкі таемны прэзідэнцкі фонд. Вярхоўны Савет 13 склікання хацеў стварыць адмысловую камісію па праверцы фірмы, бо, як сказаў дэпутат Генадзь Карпенка ў сакавіку 1996-га, «туда-сюда шуруют водку». Намеснік Ціцянкова Кашкан літаральна не вылазіў з дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і даказваў, што аніякай камісіі не патрэбна.
Жыццё ўдалося! Ціцянкоў за стырном аўтамабіля не хавае свайго задавальнення. Крыніца: Свабода, 1996 год. Паводле маскоўскай прэсы,Ціцнякоў слыў «банальным воришкой», аднак забойцам ён не быў.
Ведамства Івана занялося і будаўніцтвам найбольш прыбытковых плошчаў, а таксама «ўпарадкаваннем» галоўнага беларускага багацця — лясоў. Недзяржаўныя СМІ даносілі аб парушэннях заканадаўства кіраўніцтвам справамі прэзідэнта ў Бярэзінскім запаведніку і Белавежскай пушчы.
Антончык супраць
20 снежня 1994 года ў жыцці Ціцянкова наступіў непрыемны момант: ягонае імя фігуравала ў знакамітым антыкарупцыйным дакладзе Сяргея Антончыка, які назваў Ціцянкова галоўным фінансістам Лукашэнкі і ягоным «политическим могильщиком».
Пакрыўджаны Ваня папрасіўся ў адстаўку, але атрымаў ад Лукашэнкі поўху і падаў на Антончыка ў суд. Суддзі заўсёды прымалі бок Ціцянкова, а Антончык быў вымушаны выплочваць вялікія штрафы.
Сяргей Антончык і Іван Ціцянкоў пачас судовага паседжання. Крыніца: Свабода, 1995 год.
Калі няма мазгоў…
То Бог не дасі свае… Можна толькі дзівіцца, як рэалістычны Ваня мог укляпацца ў такое лайно: 16 мая 1995 года, калі вынікі рэферэндуму былі не зацверджаны Вярхоўным Саветам, Ціцянкоў на даху прэзідэнцкай адміністрацыі разарваў дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг на кавалкі і ставіў на іх аўтографы. Злыя языкі сцвярджалі, што кавалак каштаваў каля 200 долараў.
Актывістка Таццяна Процька, аўтарка ўнікальнай кнігі пра савецкую таталітарную сістэму ў Беларусі (1917-1941) падала на Ціцянкова заяву…
Самая ганебная старонка ў біяграфіі Ціцянкова: лукашэнкаўскі апрычнік ставіць аўтографы на кавалках разарванага ім Дзяржаўнага бел-чырвона-белага сцяга. Крыніца: Свабода, 1995 год.
І ўсё ж Бог ёсць
З 1997 года над Ціцянковым згусціліся хмары: на Кіпр збег яго намеснік Кашкан. На пачатку лютага 1998 года арыштавалі начальніка аддзела аграрна-прамысловых комплексаў і падсобных вытворчасцяў Валерыя Папова.
А напрыканцы 1999 года прыйшла чарга Вані...
*****У кастрычніку 2014 года Ціцянкоў наведаў пахаванне Міхаіла Марыніча. Прачнулася сумленне — лепш запозна, чым ніколі.