Эдуард Лобаў: Хачу служыць у войску свабоднай дэмакратычнай Беларусі
Былы палітвязень Эдуард Лобаў пасля 4 гадоў турмы захаваў сваю мару.
Адразу пасля выхаду на волю моладзевы лідэр Эдуард Лобаў, які быў арыштаваны напярэдадні акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, даў інтэрв'ю сайту
charter97.org.
— Эдуард, віншуем з выхадам на свабоду! Разумеем, што вы
пакуль перабываеце ў шоку. Але ўсё ж, якія яшчэ адчуванні?
— З цяжкасцю прыходжу ў сябе. Усё новае, усё нязвыклае. Пакуль цяжка
разабрацца. Вось толькі прыняў душ, цяпер буду есці. Рады, што маці побач…
— Мама за вас змагалася самааддана. Што вам дапамагала
трымацца ў калоніі? Усё такі 4 гады — гэта неверагодна вялікі
тэрмін.
— Ды проста з самага пачатку настроіўся, што буду сядзець ўсе 4 гады.
Калі прымаеш ўнутрана такую пастанову, час ідзе хутчэй, і ўсё лягчэй пераносіцца. Тры разы прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні, я адмовіўся. Знаёмыя, блізкія дапамагалі маральна. Салідарнасць
людзей падтрымлівала.
— Цяпер, успамінаючы той дзень, 18 снежня 2010 года, вы можаце
пракаментаваць ваш арышт? Бо ўсё адбывалася вельмі подлым чынам.
— Была правакацыя напярэдадні акцыі. Я думаў, што зацікаўленасці
садзіць нас на 4 гады няма, максімум могуць затрымаць, каб я не патрапіў на акцыю. 10-15 дзён будзе больш чым дастаткова. Наогул не разглядаў варыянт такога доўга затрымання.
— На наступны дзень пасля вас затрымалі практычна ўсіх
кандыдатаў у прэзідэнты, сябраў іх штабоў, журналістаў. Многіх потым катавалі ў турме КДБ. Якое да вас было стаўленне падчас так званага следства?
— Стаўленне да мяне нічым асабліва не адрознівалася ад стаўлення ў
звычайнай турме. Адзінае, што часам прыходзілі з КДБ, з вайсковай контрвыведкі...
Пасля ІЧУ сядзеў у Жодзіна, потым на Валадарцы. І пасля Валадаркі сюды павезлі ўжо на ВК-22 «Ваўчыныя норы». Увесь астатні час я праседзеў у калоніі.
— А суд якое пакінуў уражанне?
— Я зразумеў, што суд — гэта фармальнасці. А самога суда няма, проста ідзе фармальнае пасяджэнне. Суддзі усё
роўна, якія былі абставіны, хто мае рацыю, хто вінаваты. Загадзя ўсё было разважанае.
— Многія палітвязні праходзілі ў турмах праз здзекі, прычым
часам рукамі іншых зняволеных на загад адміністрацыі.
— Я не ведаю, як з іншымі, як у іншых калоніях, але я з такімі
момантамі не сутыкаўся. Вядома, нельга сказаць, што мне было камфортна сядзець. Але асаблівага стаўлення з боку адміністрацыі да мяне не было.
— Якія ўмовы сёння ў беларускіх турмах для тых, да каго няма
«адмысловага» стаўлення з боку адміністрацыі?
— Вядома, умовы значна горшыя, чым на волі ці ў нейкіх еўрапейскіх
турмах, як паказваюць праз тэлевізары. Было цяжка. Але параўноўваць мне асабліва няма з чым. Я першы раз з гэтым сутыкнуўся, на іншых зонах не быў...
— Турма — жорсткая школа жыцця. Што ў вас змянілася за гэты час? Якія рысы характару
выявіліся?
— У людзях стаў лепш разбірацца.
— У вас была мара да турмы стаць вайскоўцам. Жаданне
захавалася?
— Захавалася. Па-ранейшаму хачу служыць у войску. Але ў войску
свабоднай незалежнай Беларусі, а не ў лукашэнкаўскім. Менавіта таму я ў свой час і не застаўся ў гэтым войску на кантракт.
— У турмах працягваюць знаходзіцца іншыя палітвязні. Рэха 19
снежня 2010 г гучыць дагэтуль. Тым не менш цяпер апазіцыя збіраецца ўдзельнічаць у чарговых «прэзідэнцкіх выбарах». Ці бачыце вы ў гэтым нейкі сэнс?
— Сэнсу на дадзены момант у гэтым не бачу. Магчыма, паўстане
магчымасць афіцыйна пагутарыць з народам. Без трывогі, што на самым раннім этапе затрымаюць і адправяць у РАУС. Але вынік будзе такі ж, як заўсёды.
— Пакуль вы сядзелі ў турме адбыўся Еўрамайдан, Расія фактычна
абвясціла вайну Украіне. У турмы даходзіць інфармацыя?
— Інфармацыя даходзіць толькі з пазіцыі Расіі, так як іншых
каналаў, акрамя расійскіх і беларускіх, асабіста ў нас у атрадзе не было. Ды і ў іншых атрадах хутчэй за ўсё таксама.
Так што рэальная інфармацыя практычна не даходзіла. І мы ўспрымалі яе так, як яе падавалі праз тэлевізары.
— А якія ў турмах настроі? Якое стаўленне да
Лукашэнкі?
— Стаўленне да Лукашэнкі адсоткаў на 80 — негатыўнае.
— Многія палітвязні, якія выходзяць з турмаў, кажуць, што
сёння ў турмах шмат бізнэсоўцаў, чыноўнікаў, супрацоўнікаў сілавых структур. З кім вам даводзілася сутыкацца?
— Так, я бачыў шмат людзей, якія былі прадпрымальнікамі. Былі і тыя,
хто сядзеў за забойства і наркотыкі. Хапала розных.
— Вас адпусцілі пад прэвентыўны нагляд?
— Так, я не магу без дазволу пакідаць межы горада. Павінен з 10 вечара
да 6-й раніцы быць дома і выязджаць за межы краіны я не магу. Усімі астатнімі правамі я надзелены і неабмежаваны.
— Палітвязні, якія выходзілі пад нагляд, распавядалі, што іх
папярэджвалі прама: не бярыце ўдзел у актыўнай палітычнай дзейнасці, інакш вернецеся назад.
— Мяне таксама. Не тое, каб папярэджвалі, але давалі зразумець, што
калі не спынішся — пойдзеш сядзець далей.
— Што вы хацелі сказаць людзям, якія 4 гады вас падтрымлівалі,
чакалі з турмы, перажывалі за ваш лёс?
— Вядома, хацеў бы падзякаваць. Таму што без іх падтрымкі было б
адбываць гэты тэрмін значна цяжэй. Ведаючы, што цябе падтрымліваюць, падзяляюць тваё меркаванне, твае погляды — гэта ў маральным плане ўсё спрашчае.
charter97.org