Марына Адамовіч сустрэлася з Міколам Статкевічам
Марына Адамовіч сустрэлася ў магілёўскай турме з мужам, экс-кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам.
Марына Адамовіч: Спадзяюся, што ў гэтай турме гэта было апошняе спатканне. Праз менш чым месяц у Міколы заканчваецца трохгадовы тэрмін знаходжання ў турме, і ён мусіць быць
пераведзены ў нейкую з калоній, пакуль невядома якую. Гэта было традыцыйнае двухгадзіннае спатканне, якое я маю два разы на год. На маё ўражанне, Мікола не змяніўся, ён такі ж самы як і быў. Вельмі
ясныя і светлыя вочы. Няма ніякіх расчараванняў, стомленасці, зняверанасці. Як і раней ён упэўнены ў сябе, вельмі моцны і мужны з абсалютна дакладным разуменнем таго, што ён робіць, дзеля чаго і на
што яшчэ ён гатовы пайсці дзеля сваіх перакананняў. З нагоды розных захадаў з розных бакоў наконт таго, каб напісаць прашэнне ад памілаванні, Мікола сказаў, што нельга адной паперкай перакрэсліць усё
жыццё і гэтага ён не зробіць ніколі.
Ганна Соўсь: Ці абмяркоўвалі вы ідэю вылучэньня яго кандыдатам на прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў?
Марына Адамовіч: Шмат гаварылі пра ідэю наконт вылучэння яго адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмсілаў, якія ўжо, на жаль, падзяліліся на две калоны. Але я гэта спачатку ўсё ж
хлопцам перадам, каго гэта тычылася, а потым ужо прэсе. Мікола сказаў, што на мінулым тыдні адправіў ліст Эдуарду Лобаву, ужо на ягоны хатні адрас. Вельмі вітае вызваленне Эдзіка і Васіля Парфянкова.
Рыхтуецца да этапу. Больш маральна. Ён добра разумее, што такія рэчы звычайна заканчваюцца ўзмацненнем ціску, і ён да гэтага гатовы. Казаў, што крыху лепей апошнім часам стала ў турме, для атаваркі
болей магчымасцяў, хаця б мінімальнае павелічэнне асартыменту ў турэмнай крамцы назіраецца. Гаварыў пра Украіну і Расію.
Ганна Соўсь: У якіх умовах адбывалася вашае спатканне?
Марына Адамовіч: На жаль, там толькі пяць месцаў для спаткання, яны займаюцца тымі, хто знаходзіцца на турэмным рэжыме, і тымі, хто знаходзіцца ў следчым ізалятары. Таму там
шмат эмоцый, людзі імкнуцца дакрычацца да свайго. Там тэлефонныя трубкі, якія я бачыла ў фільмах сталінскіх часоў.
Ганна Соўсь: Праз шкло было спатканне?
Марына Адамовіч: Канечне. Гэта турэмны варыянт. У нас цяпер гадавіна Плошчы, а ў той жа дзень — дзень Святога Мікалая, гэта дзень і Міколы Статкевіча, і Міколы Дзядка.
Гэта святы Мікола, святы абаронца, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. А на сёння у турме знаходзяцца акурат два Мікалаі.
svaboda.org