Легенда беларускага тэлебачання Сяргей Філімонаў ва ўспамінах Сяргея Будкіна

Сёння памёр вядоўца культавай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў. Праект выходзіў на БТ з 1992-га па 2002-гі, пакуль медыяхолдынг не разарваў дамову з аўтарам. Потым Філімонаў супрацоўнічаў з іншымі тэлеканаламі, але менавіта першае дзесяцігоддзе існавання зрабіла «Відзьмо-невідзьмо» легендарнай. Беларусы чакалі яе ў эфіры, каб далучыцца да найлепшых навінак кіно і музыкі, і дзякуючы «Відзьмо-невідзьмо» адчувалі сябе часткай вялікага свету.

Сяргей Філімонаў

Сяргей Філімонаў


Успамінамі пра аўтара непаўторнай праграмы падзяліўся на сваёй старонцы ў Facebook рэдактар партала «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін.

Пра першую сустрэчу

«Ужывую нас пазнаёміў Максім Жбанкоў, калі я ўжо вучыўся ва ўніверы, на пачатку 2000-х. Мы завіталі да Сяргея ў госці, ён хваліўся новымі дыскамі, якія яму даслалі з Еўропы, і мне падавалася, што гэта ўсё адбываецца не са мной. У той жа вечар, пасля развітання, ён патэліў: “Будкін! Ты дома? Хутчэй уключай БТ!” Я пабег да целека, думаючы, што прыйшоў апакаліпсіс, а там ішоў нейкі замежны фільм. А Сяргей з такім дзіцячым здзіўленнем кажа ў слухаўку: “Ну што? Бачыш? Яны паказваюць пірацкую копію!”...»

Пра ўклад Філімонава ў беларускую культуру

«Не памылюся, калі скажу, што Сяргей сфарміраваў густ цэлага пакалення беларусаў. У гэтым беспрасвеце з “двума кусочечкамі калбаскі” ды іншага трэшака, што ліўся з экранаў і калонак шапікаў з касетамі, ён быў арыенцірам. Дзякуючы яму я дазнаўся, напрыклад, пра існаванне "Jethro Tull" і Ніла Янга. А яшчэ пачуў, наколькі прыгожай і сучаснай можа быць беларуская мова, на якой ён прадстаўляў навінкі сусветнага шоу-бізу».

Развітанне «Відзьмо-невідзьмо» з БТ

«Мне пэўны час здавалася, што Сяргей наогул ніколі не выходзіць з дому, бо ў яго там быў свой свет, дзе было ўсё, што трэба для жыцця: касеты, дыскі, прайгравальнік, відак, комп. Ён праграму нават запісваў у сваім пакоі.
Памятаю момант, калі ўпершыню ўбачыў яго па-за домам. Ён папрасіў сустрэчы і сказаў, што па тэлефоне такія рэчы не абмяркоўваюць. Тады ўжо яго праграму перакінулі з БТ на СТБ, адсоўвалі на максімальна позні час і ў рэшце рэшт "зарэзалі". Бо незразумелая была кіраўніцтву гэтая эстэтыка. Яго на поўным сур’ёзе цкавалі за тое (2011 год на двары быў!), што ён “паказвае амерыканшчыну”. Сяргей быў разгублены, але мы знайшлі выйсце».

«Відзьмо-Невідзьмо» на незалежным тэлебачанні і «Тузін Гітоў»

«Сяргей акрыяў. І яго праграма стала больш жывой. Мы нават размаўлялі пра тое, каб зрабіць у ёй беларускі блок. У той час Сяргей у прынцыпе глыбока пагрузіўся ў беларускі культурніцкі кантэкст. Памятаю, як мяне цешыла, што “Тузін” для яго стаў такім жа арыенцірам, як для мяне было ў свой час “Відзьмо-Невідзьмо”. І ён адкрыў для сябе такія беларускія гурты, якія ставіў у адзін шэраг са сваімі ўлюбёнымі сусветнымі, асабліва ён высока цаніў "Relikt - Belarus". Ён з ахвотаю хадзіў на імпрэзы ў якасці гледача і з удзячнасцю прымаў запрашэнні правесці канцэрты і цырымоніі. Быў вядоўцам прэміі “Героі году”, казаў прадмову на прэзентацыі "Тузін.Немаўля" — праекта, якому ён вельмі суперажываў і спрыяў усяляк яго рэалізацыі...
Нібы гэта было ўчора. Іду па бульвары Талбухіна, непадалёк ад якога жыве Сяргей, і набіраю яго нумар.
“Вы дома?”
“Так, заходзьце”, — адказвае ён.
Цяпер ужо не зайду.
Вечны супакой вам, Сяргею».
Як паведамляюць знаёмыя Філімонава, апошнімі днямі Сяргей ляжаў у лякарні з каронавірусам. Час і месца пахавання аўтара «Відзьмо-невідзьмо» пакуль невядомыя. «Новы Час» выказвае глыбокія спачуванні родным Сяргея.