Развітанне з Сяргеем Філімонавым пройдзе ў пятніцу
Цырымонія развітання з тэлевядучым Сяргеем Філімонавым пачнецца заўтра, 19 лістапада, у 11.30 у рытуальнай залі крэматорыя Паўночных могілак.
![filimonau_m211117_jzx5e.jpg filimonau_m211117_jzx5e.jpg](/img/v1/images/filimonau_m211117_jzx5e.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў менеджар культуры Сяргей Будкін, піша «Наша Ніва».
Вядомы вядучы Сяргей Філімонаў памёр учора ва ўзросце 62 гадоў. Ён шмат гадоў вёў звышпапулярную беларуккамоўную праграму пра кіно, музыку і культуру «Відзьмо-невідзьмо».
«Відзьмо-невідзьмо» ад 1992 году выходзіла на БТ, затым 2011 году — на СТВ. За гэты час перадача стала культавай для пакалення беларусаў. У праграме абмяркоўваліся навіны і з’явы кіно, поп-культуры ды сучаснага мастацтва. З 2015 году праграма адрадзілася на «Белсаце».
«Не памылюся, калі скажу, што Сяргей сфарміраваў густ цэлага пакалення беларусаў. У гэтым беспрасвеце з “двума кусочечкамі калбаскі” ды іншага трэшака, што ліўся з экранаў і калонак шапікаў з касетамі, ён быў арыенцірам. Дзякуючы яму я дазнаўся, напрыклад, пра існаванне "Jethro Tull" і Ніла Янга. А яшчэ пачуў, наколькі прыгожай і сучаснай можа быць беларуская мова, на якой ён прадстаўляў навінкі сусветнага шоу-бізу», — напісаў пра яго Сяргей Будкін.