Макмілін заўсёды вязе ў Беларусь добрае надвор’е
Арнольд Макмілін — ці не галоўны цяпер беларускі асветнік англамоўнага свету — 21 чэрвеня адзначае 75-годдзе. Прафесар, літаратуразнаўца, чалавек з непаўторным пачуццём вострага і трапнага гумару.
Пазнаёміўся я з Арнольдам, як многія, праз кнігі. Спачатку праз адну — "The Vocabulary of the Byelorussian Language in the 19th Century". Якраз з гэтай кнігай і звязаны для мяне вобраз Арнольда, з гэтай кнігі для мяне пачаўся Арнольд.. Памятаю, знайшоў яе на паліцы ў мінскіх сяброў, бацькі якіх выкладалі беларускую літаратуру. Мяне заўсёды зачароўвалі слоўнікі. Таму гэтая праца Арнольда за 1973 год ды яшчэ па‐англійску прыкула мяне. Слушна пададзеныя беларускай лацінкай словы з тлумачэннямі сталіся да ўсяго маёй своеасаблівай практыкай англійскай мовы.
Пазней я неяк пабачыў ягоны здымак у сеціве, а потым выпадкова сустрэў яго жыўцом у пустэльным ранішнім Мінску. І дзіўна, да англічаніна падобным ён не быў — выглядаў для мяне тады ў сваіх Сартаравых акулярах хутчэй на француза.
Афіцыйна мы пазнаёміліся на адным з першых кангрэсаў беларусістаў у Коўне, — працавалі разам у адной секцыі. Арнольд слухаў выступоўцаў, ставіў ім не зусім зручныя пытанні, і ў секцыі захоўвалася строгая акадэмічная атмасфера. Тады мне было крыху шкада, што многія беларусы не дайшлі на нешта вельмі важнае, не паслухалі таго, хто так спакойна, бы хірург, але і зачаравана, як нейкі нягэтульны маг, літаральна разразаў беларускую літаратуру.
І ўжо тады я пачаў чытаць яго літаратуразнаўчыя працы пра беларускіх пісьменнікаў як сапраўдныя раманы. Напрыклад, тоўстая кніга Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» — шэдэўр не толькі беларускага маштабу, твор еўрапейскі, напісаны хаця і энцыклапедычна, але жвава, з гумарам і са смеласцю, уласцівай хіба замежніку, пра аўтараў і часцяком жывых класікаў. Мне было надзвычай цікава гэта чытаць, бо беларускія літаратуразнаўцы звычайна акуратнічалі ў вызначэннях жывых пісьменнікаў.
Прызнаюся, я хоць і вельмі люблю нашу літаратуру, але нейкі перыяд знаходзіўся ў расчараванні, таму кніга Арнольда адкрыла для мяне нібыта новую іншапланетную творчасць. Погляд звонку крытычнага брытанца, упэўнены, вярнуў многім беларусам веру ва ўласную літаратуру. А для мяне кніга да ўсяго сталася сапраўднай цікавай чытанкай даслоўна ў халодным клімаце — у віцебскай халодзе са шклянкай глінтвейну і пледам. Пасля я зафундаваў гэтую кнігу — падарунак Арнольда — Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна, бо хацеў, каб яе чыталі іншыя. Яе адразу ж перавялі з абанементу ў чытальню, і кніга стала бестселерам — на яе запісваліся, каб пазычыць і пачытаць у начны час.
Неафіцыйна і больш шчыльна мы пазнаёміліся з Арнольдам у Скарынаўцы, калі падчас працы ў тамтэйшых архівах я меў магчымасць спаткаць, як пачуў я тады ў Лондане, «адзінага пастаяннага і ўпартага чытача» дыяспарнай бібліятэкі.
Арнольд запытаў нешта па-англійску, я адказаў па-беларуску — і тады ўжо мы гаманілі толькі па-беларуску. Цікава, што на нашу гаману выйшаў айцец Надсан. Крыху здзіўлена паглядзеў і жартліва сказаў: «Арнольд, ты так хораша размаўляеш па-беларуску!» Сапраўды, беларуская мова Арнольда чароўная: мяккая, спакойная, з непаўторным і няўлоўным дыяспарным акцэнтам, што хочацца слухаць і слухаць. І часам да яе ўкліньваецца нешта лаканічнае, ацвераджальнае, сухое, узятае, мяркую, ад мовы англійскай.
У размовах з Арнольдам сімпатызавала яго крытычнасць да беларусаў, якія мала, на ягоную думку, ствараюць перакладных слоўнікаў з беларускай мовы. Ды і самі беларусы дыяспары не дужа актыўныя ў гэтай сферы. А многія існыя слоўнікі проста дрэнныя, як заўважыць Арнольд у адным з сваіх інтэрв'ю. У такой сітуацыі і працаваць складана, і тэмпы пісання, перакладу запавольваюцца, бо варта тады шукаць, удасканальваць пераклад з дапамогай іншых слоўнікаў — расійскіх, польскіх. І тым не менш, гэтая праблема, агучаная брытанскім даследнікам, не спыніла яго самога — ён авалодаў мовай, стаўся яе знаўцам і рэдкім на Захадзе папулярызатарам беларускага гожага слова.
Акрамя таго, што Арнольд — знаўца таго, у чым працуе, ведае нашу літаратура лепей за беларусаў, размаўляе па-беларуску, ён яшчэ мае такі стэрэатыпна англійскі гумар: усюльпрысутны, нават у маркоту, ці па мне, проста крытычны погляд на рэчы. І кпіць, смяецца ён з сябе перадусім. Як забыць, напрыклад, гісторыю, расказаную Арнольдам пра тое, як ён палюбіў беларусаў: у маладыя гады ў свой першы прыезд у Мінск, працуючы ў Акадэміі навук, на сценах кабінету віселі плакаты аб абароне супраць атамнай атакі з Захаду — тут Арнольд і зразумеў, які ж вясёлы і добры беларускі народ.
Цікава, што ў нашы сустрэчы ў Вільні, Коўне ці Мінску, калі мы шлі на шпацыр ці ў кавярню, свяціла сонца і было наагул цёпла. Тады Арнольд жартам заўважаў: «Гэта я вам з Лондану прывёз добрае надвор’е». І, наадварот, апошнім разам, калі мы сустракаліся ў Лондане, лупіў моцны дождж, тады надышла чарга жартаваць і мне: «А гэта я вам з Беларусі прывёз дажджы і туман». Але ўсур’ёз — ён не толькі прывозіць добрае надвор’е, ён пастаянна дасылае яго: у сціслых аптымістычных слоўках паштовак і лістоў хаваецца ўсё Арнольдава замілаванне беларускім словам і жвавы інтарэс да Беларусі.
І цяпер кожнага разу я лячу ў Лондан не толькі Вірджыніі Вульф і Скарынаўкі, а да ўсяго ў Лондан Арнольда Макміліна.