«Усе разумеюць, што гэта апошнія дні рэжыму, але працягваюць працаваць»

Філосаф, дацэнт Павал Баркоўскі, які нядаўна звольніўся з БДУ з палітычных прычын, аналізуе для Радыё Свабода пратэставую актыўнасць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, і перасцерагае Беларусь ад абхаскага варыянту.

img_3317_logo.jpg


— Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэтаў — гэта група, якая, бадай, найбольш актыўна адгукнулася на заклік аб агульнанацыянальным страйку. Яны праводзяць акцыі пратэсту ў самых розных фарматах. На вашую думку, ці адпавядае гэтая актыўнасць вашым чаканням і вашай ацэнцы стану грамадзкай актыўнасці ва ўніверсітэтах?

— Сам гэты рух, які цяпер мы назіраем, з’яўляецца адлюстраваннем тых настрояў, якія ўвогуле пануюць у грамадзтве. Проста так атрымалася, што студэнты — адна з найбольш актыўных і мабільных групаў насельніцтва, якая ня так шмат мае чаго губляць і таму больш гатовая да актыўных дзеянняў. Хоць мы бачым цудоўныя прыклады, калі выкладчыкі некаторых ВНУ падпісваюць дэкларацыі пра забастоўку і абвяшчаюць гэта асноўным пунктам свайго парадку дня.

Гэтая частка нашага насельніцтва разумее, што без кардынальных зменаў, якія мусяць адбыцца ў нашай палітычнай і прававой сістэме, далейшае навучанне і выкладанне ня мае ніякага сэнсу.

— Можна заўважыць, што найбольш актыўна пратэстуюць выкладчыкі лінгвістычнага і тэхнічнага ўніверсітэтаў. То бок тыя, хто разумее, што нават у выпадку звальнення ім будзе прасцей знайсці сябе месца ў жыцці, калі давядзецца кінуць любімую працу ва ўніверсітэце. Ці бачыце вы тут пэўную залежнасць?

— Пэўная заканамернасць тут ёсць. Яна бачная асабліва па выкладчыках сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў. Людзі, якія адчуваюць сябе больш незалежнымі, ведаюць, што яны могуць быць запатрабаванымі і ў іншых галінах (не абавязкова ў выкладанні) — яны паводзяць сябе больш разняволена, дазваляюць сабе грамадзянскія ўчынкі без аглядкі на тое, што да іх будуць прынятыя нейкія санкцыі.

Але, натуральна, я магу пералічыць і сваіх калегаў, якія смела выказваюць сваю пазіцыю і далучаюцца да забастовачных акцыяў, нягледзячы на тое, што яны ня вельмі ўяўляюць, куды могуць пайсці потым са сваёй спецыяльнасцю. Тут хутчэй усё залежыць ад саміх людзей, ад іхнага стаўлення да свабодаў, іх псіхалагічнага стану. У гэтым сэнсе выкладчыкі дзяржаўных ВНУ, вядома, адчуваюць на сябе моцны ціск і таму не заўсёды ўключаюцца ў гэтую пратэставую дзейнасць.

— Гадамі выкладаючы ў БДУ, вы назіралі за паводзінамі і светапоглядам студэнтаў. Ці можна сказаць, што сённяшнія студэнты — больш развітая і больш актыўная частка грамадзтва? Ці адпавядаюць яны нейкаму агульнаму ўзроўню палітычнага развіцця грамадзтва?

— Натуральна, мы не можам казаць, што ўсё студэнцтва як адзін падтрымлівае пратэставую актыўнасць. Ёсць больш актыўная частка, яна, мабыць, вышэйшая, чым у астатнім беларускім грамадзтве. Але гэта ўсё яшчэ не фармальная большасць. Але актывісты ладзяць вельмі паспяховыя акцыі, 26 верасня ім удалося перавесці ў стан страйку дзейнасць шэрагу факультэтаў.

Гэта даказвае, што яны могуць дасягаць тых мэтаў, якія перад сабой ставяць. Нават тыя студэнты, якія вагаліся, ня ведалі, ці далучацца, збольшага прымалі рашэнне далучацца. У гэтым сэнсе студэнты выказваюць нашмат большы ўзровень кансалідаванасці і салідарнасці, чым іншыя групы грамадзтва.

Аднак нельга выключаць, што пэўныя паказальныя рэпрэсіі, адлічэнні, якімі цяпер пагражаюць улады, могуць прыцішыць нейкую частку студэнцкай пратэставай актыўнасці. І тыя, хто сёння падтрымлівае страйк, заўтра могуць вярнуцца ў аўдыторыі і прыпыніць сваю палітычную актыўнасць.

— У гэтай сфэры вельмі вялікую ролю грае міжнародная салідарнасць, універсітэты суседніх краінаў ужо прапануюць студэнтам, якія будуць адлічаныя, навучанне за межамі Беларусі. Як гэты чыннік можа паўплываць на пратэставую актыўнасць беларускіх студэнтаў?

— Такая падтрымка вельмі важная. Людзі ведаюць, што калі з імі здарыцца нешта нядобрае, адлічэнне — яны могуць працягнуць адукацыю за мяжой. З іншага боку, трэба разумець, што людзі, якія паступаюць у ВНУ Беларусі, накіраваныя на тое, каб вучыцца і заставацца тут. Навучанне за мяжой для многіх робіцца своеасаблівым мастком для міграцыі альбо пераезду ў іншую краіну на працу. Таму многія псіхалагічна ня бачаць сябе ў якасці навучэнцаў замежных ВНУ, для іх гэта фактычна шлях па-за межы краіны. Хоць сама такая магчымасць вучыцца за мяжой, сапраўды, многіх вельмі падтрымлівае.

— Пасля 9 жніўня Аляксандар Лукашэнка ўжо змяніў некалькі рэктараў ды іншых кіраўнікоў беларускіх ВНУ — на больш лаяльных. І некаторыя з іх ужо даволі актыўна праявілі сябе ў якасці прыхільнікаў улады і праціўнікаў пратэсту. Адкуль яны бяруцца?

— Большая частка з іх — гэта чыноўнікі рознага ўзроўню. Мы маем справу з той самай вертыкальлю, з часткай адміністрацыі, якая з’яўляецца знешнім органам кіравання для ўніверсітэтаў. Таму яны праяўляюць лаяльнасць выключна перад уладай, усе свае дзеянні яны ўзгадняюць з інтарэсамі ўлады, а не з інтарэсамі саміх універсітэтаў. Большасць з іх разумее, што калі сёння звальняць выкладчыкаў і студэнтаў за палітычныя погляды — то гэта можа прывесці проста да спустошання катэдраў і аўдыторыяў. Але нават пагроза гэтага іх палохае менш, чым магчымасць атрымаць нездавальненне з Адміністрацыі.

І гэта людзі, якія сапраўды больш дбаюць пра сваю кар’еру цяпер, чым пра тую будучыню, якая ў іх будзе праз год-два, калі сітуацыя можа радыкальна змяніцца. Мне гэта нагадвае красавік-травень 1945 году, калі ўсе разумеюць, што нацысцкі рэжым дажывае апошнія часы, але ўсе працуюць на сваіх месцах і працягваюць выконваць свае абавязкі.

Уся гэтая палітыка можа прывесці да таго, што сапраўды вялікая частка нашага актыўнага, творчага, здольнага насельніцтва можа з’ехаць за мяжу. І ў Беларусі можа ўтварыцца варыянт Абхазіі — з досыць пасіўным насельніцтвам, без вялікіх перспектываў, з маладым і здольным насельніцтвам, якое з’ехала за мяжу.

— Падзеі гэтых месяцаў могуць мець нейкі станоўчы эфэкт на сістэму адукацыі? Ці, пакуль працягвае існаваць цяперашняя ўлада, у сістэме адукацыі ня можа адбыцца нічога добрага і прагрэсіўнага?

— Натуральна, што ва ўмовах існавання цяперашняга рэжыму ў яго ня будзе ніякай неабходнасці нешта мяняць, акрамя як закручваць гайкі. І гэта ня будзе працаваць на карысць самой гэтай сістэме.

Як пазітыўны эфэкт я б адзначыў тое, што людзі, якія знаходзяцца ўсярэдзіне беларускай сістэмы адукацыі, і студэнты, і выкладчыкі, пачынаюць бачыць неабходнасць нейкіх рэчаў, якія проста жыццёва патрэбныя. Напрыклад, уласнае самакіраванне, магчымасць выбіраць кіраўнікоў, ад дэканаў да рэктараў. Каб існавала сапраўды незалежнае і моцнае студэнцкае самакіраванне. Усё гэта можа вывесці беларускую сістэму вышэйшай адукацыі, якая сёння на вельмі нізкім узроўні, на той узровень, калі мы зможам ганарыцца нашай адукацыйнай сістэмай.

 Відавочна, што адным з першых крокаў, якія будуць рабіцца ў новай Беларусі, будзе рэформа адукацыйнай сфэры, змены ў Кодэксе аб адукацыі, каб гэтыя ўстановы маглі кіравацца самастойна, развіваць сваю адукацыйную і навуковую сфэру адпаведна міжнародным стандартам і быць гонарам і надзеяй Беларусі.