2023 год для беларусаў: прагнозы несуцяшальныя

Цяпер эксперты больш асцярожныя ў сваіх прагнозах — і таму Лукашэнка, Расія і вайна прысутнічаюць ва ўсіх магчымых сцэнарах.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларускія эксперты падзяліліся прагнозамі наконт таго, што будзе з Беларуссю ў 2023 годзе, падчас дыскусіі Экспертна-аналітычнага клуба, арганізаванай ініцыятывай «Belarus in Focus» у партнёрстве з супольнасцю «Наша меркаванне» і «Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў» (BISS), піша dw.com.

Адносіны Беларусі з вонкавым светам: шанец на размарозку ёсць?

У 2022-м Беларусь аказалася ў сытуацыі, калі палітычнае і эканамічнае развіццё краіны вызначалася знешнімі працэсамі: вайной ва Украіне, супрацьстаяннем Расіі і Захаду, лічыць палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. На яго думку, гэты трэнд захаваецца і ў 2023 годзе.

Адным з наступстваў вайны для Беларусі стала тое, што для Лукашэнкі заблакаваная магчымасць манеўраваць, што «зніжае яго энтузіязм нават спрабаваць», кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. «Ён не можа даскочыць да той планкі, якую яму выставіў Захад. Не факт, што і хоча. Але нават калі б захацеў, то наўрад ці змог бы, калі ўлічваць, што расійскія войскі стаяць на тэрыторыі Беларусі», — мяркуе ён.


У такой сітуацыі, сцвярджае Андрэй Казакевіч, размарозка адносінаў Беларусі з Захадам немагчымая, як і дыялог наконт вызвалення палітвязняў. «Адкрыццё такога роду кантактаў нявыгадна Маскве. У яе ёсць усе рэсурсы, каб звесці іх да мінімуму. Думаю, да завяршэння актыўнай фазы вайны ўнутрыпалітычная сітуацыя будзе замарожаная, і толькі пасля гэтага якія-небудзь змены стануць магчымымі», — мяркуе Казакевіч.

Рэцэсія і рызыка «зваліцца ў штопар»

Старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Дзмітрый Крук сярод ключавых падзей, якія адбыліся з беларускай эканомікай у 2022 годзе, называе санкцыі ў адказ на саўдзел у вайне, разрыў эканамічных адносінаў з Украінай і «недадэфолт». Шмат у чым яны будуць вызначаць стан беларускай эканомікі і ў 2023-м, лічыць эканаміст.

Паводле яго прагнозаў, у наступным годзе чакаецца рэцэсія: «Калі прымяніць да беларускай эканомікі любую стандартную метрыку, то гэта ўжо цяпер крызіс. Не драматычны, але досыць цяжкі».


З сярэдзіны 2021 года ВУП Беларусі страціў прыкладна 7%. Пасля ўвядзення санкцый у адказ на саўдзел у вайне эканамісты не выключалі больш моцнага падзення ВУП (да 20%) і поўнамаштабнага фінансавага крызісу. Гэтая рызыка захоўваецца і цяпер. «Нельга сказаць, што эканоміка перажыла ўсе наступствы, спароджаныя вайной. Звальванне ў штопар можа адбыцца ў любы момант», — папярэджвае эканаміст.

Эканоміка — на кароткім павадку ў Расіі

Паводле ацэнак Дзмітрыя Крука, у 2022 годзе запусцілася эрозія бізнес-асяроддзя. І гэта дрэнная навіна: калі трэнд пачаўся, то нават пры добрым развіцці падзей пераламаць яго хутка будзе складана.

Як і складана будзе вярнуць Беларусі яе імідж, дадае эксперт. «Да 2022 года Беларусь не была ў 100-працэнтным плане ізгоем. Краіну маглі крэдытаваць, з беларускім бізнесам спакойна вялі справы. Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Беларусь як краіна — не толькі як улада — атрымала чорную метку», — адзначае ён.


Акрамя гэтага, Беларусь стала значна мацней залежаць ад Расіі ў плане імпарту і экспарту, значна ўзмацнілася энергетычная залежнасць, фіскальная палітыка таксама стала наўпрост звязаная з РФ. Пагадненне па ўскосных падатках падсадзіла беларускі бюджэт «на тугі павадок, які прытрымлівае Расія», пералічвае Дзмітрый Крук. «Многія сітуацыі ў 2023 годзе будуць вырастаць з гэтых трэндаў», — лічыць ён.

Ці адменяць у 2023 годзе санкцыі супраць Беларусі?

Павел Мацукевіч лічыць паказальным той факт, што ЕС не стаў уключаць Беларусь у апошні санкцыйны пакет. На яго думку, калі заходнія краіны «хочуць адцягнуць Лукашэнку ад саўдзелу ў агрэсіі, яны павінны стварыць поле для манеўру, каб ён мог зрабіць фінт вушамі». Мацукевіч лічыць, што ў Лукашэнкі такая цікавасць ёсць, паколькі цяпер яму даводзіцца дзяліцца суверэнітэтам з Крамлём.

На думку Дзмітрыя Крука, ёсць высокая верагоднасць, што ў наступным годзе санкцыі могуць быць «адкарэктаваныя»: «Можа быць перагледжаны іх механізм. Цяпер у актараў, якія іх уводзілі, ёсць больш часу абдумаць матывацыю, чаго яны хочуць дасягнуць гэтымі санкцыямі».

Калі спыняцца рэпрэсіі?

На думку Арцёма Шрайбмана, спыніць рэпрэсіі і кардынальна змяніць унутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі ў 2023 годзе могуць два сцэнары. Першы — калі беларуская армія ўступіць у вайну. Другі — калі Украіна пераможа альбо будуць відавочнымі яе беспаваротныя поспехі на фронце.


«Наўрад ці гэта рэалізуецца за год. Але менавіта гэтыя сітуацыі створаць абсалютна новыя ўмовы для Лукашэнкі, новыя стымулы з пункту гледжання балансавання і гатоўнасць саступаць, нежаданне асацыявацца з Расіяй, падзяляць усе выдаткі, якія будзе несці не проста агрэсар — агрэсар, які церпіць паразу», — гаворыць эксперт.

Шрайбман лічыць больш верагодным зацяжны канфлікт ва Украіне без відавочнай перамогі. У гэтай сітуацыі цяперашні трэнд — а гэта дрэйф Беларусі ў бок таталітарных практык — працягнецца. Гэта значыць, адбудзецца поўная зачыстка партыйнага поля і далейшая крыміналізацыя апазіцыйных поглядаў, улады працягнуць караць за сімпатыі Украіне, беларускую мову і нацыянальную арыентаванасць.

Як адзначае Арцём Шрайбман, цяпер адносіны Расіі і Беларусі перажываюць рэнесанс. Пытанне ў тым, як доўга можа працягвацца гэты «мядовы год».

«Калі паглядзець на гісторыю адносінаў Пуціна і Лукашэнкі, то гэта не норма, — лічыць ён. — Норма — хутчэй пакутлівы канфліктны гандаль. Зразумела, што вайна гуртуе, наяўнасць агульных ворагаў спрыяе адкладванню спрэчак у доўгую скрыню. Але пры больш глыбокім уздзеянні санкцый на Расію мы зможам убачыць канфлікты ў адносінах з непрадказальнымі наступствамі. Атмасфера напружаная, і канфлікт канца 2018 года, які тады скончыўся ультыматумам Мядзведзева, у новых умовах можа завяршыцца па-іншаму».