Ад «экспартнага цуду» да «экспартнага шоку»

У мінулым годзе ніхто не мог прадбачыць з’яўленне «экспартнага цуду». У гэтым годзе ніхто не прадбачыў маштаб санкцый, якія зваліліся на Беларусь з-за яе падтрымкі вайны ва Украіне. У выніку экспарт Беларусі ператворыцца на нішто.

regnum_picture_1461713041_normal.jpg


Маштабы стратаў беларускай эканомікі — а дакладней, яе катастрофы, — паспрабаваў ацаніць у час брыфінгу «Эканоміка Беларусі ў новых умовах: што адбываецца і чаго чакаць» эканаміст, старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC (Кіеў) Дзмітрый Крук. Ён засяродзіўся, найперш, на экспартным патэнцыяле Беларусі.


Мінус 40 працэнтаў экспарту — рэальна?

Напачатку Дзмітрый Крук адзначыў структуру беларускага экспарту і вялікі яго аб’ём якраз ва Украіну. За мінулы год экспарт у ЕС складаў 23,9% ад усяго экспарту, Украіна забірала 13,6% ад усяго аб’ёму экспартных паставак, і каля 41% прыходзілася на долю Расіі. Зразумела, пасля «спецаперацыі» ва Украіне і падтрымкі яе беларускімі ўладамі гэты экспарт скароціцца.

Патэнцыйна, разлічвае Дзмітрый Крук, у краіны ЕС экспарт упадзе на 20% да ўсяго беларускага экспарту. Гэтаму будуць спрыяць як асобныя «беларускія» пакеты санкцый, так і «ўкраінскія» санкцыі, уведзеныя цяпер ЕС для Беларусі і Расіі. Нагадаем, што пад «беларускія» санкцыі падпадалі, напрыклад, толькі 20% нашых калійных угнаенняў. Цяпер жа пад забарону падпадае ўвесь беларускі калій. Істотным ударам стала забарона на экспарт драўніны.

На 10% ад усяго экспарту, па меркаванні Крука, «зхлопнецца» супрацоўніцтва з Украінай, якая практычна не будзе гандляваць з Беларуссю — па зразумелых прычынах. Варта адзначыць, што ў прэсе з’яўляюцца паведамленні пра спыненне напалову працы наваполацкага «Нафтану». Як высветлілася, раней значная частка яго прадукцыі ішла якраз у паўднёвую суседку. З пачаткам вайны прадаваць паліва стала няма куды.

І яшчэ прыкладна на 5% усяго экспарту — гэта будуць нашыя страты ў гандлі з Расіяй. Проста таму, што ў Расіі з-за тых жа санкцый не будзе грошай на набыццё беларускіх тавараў. А некаторыя беларускія прадпрыемствы могуць і самі скараціць экспарт у Расію, бо расійскі рубель імкліва «дзеравянее», разлічыцца ім з іншымі, не-расійскімі партнёрамі будзе немагчыма.

Дадамо сюды яшчэ 5% на непрадбачаныя сітуацыі — і сапраўды, атрымаем зніжэнне экспарту Беларусі на 40% у гэтым годзе. А экспарт – гэта хоць нейкі прыток валюты ва ўмовах тых самых санкцый.


Ва ўмовах пільнай увагі

Пры гэтым Дзмітрый Крук прагназуе, што зрабіць нейкія «схемы для абыходу санкцый» будзе цяпер вельмі і вельмі складана. Так, раней можна было ствараць якія-небудзь расійскія ці іншыя «фірмы-пракладкі», якія б пастаўлялі падсанкцыйную прадукцыю ад свайго імя. Але цяпер па-першае, і Расія знаходзіцца пад маштабнымі — і тымі самымі ж па змесце, — заходнімі санкцыямі. А па-другое — у «барацьбу» цяпер уключаюцца і іншыя ланцужкі экспарту.

Бо экспарт як пастаўка тавару ад аднаго прадпрыемства да другога — гэта залішне спрошчаная мадэль. У гэтую мадэль уключаецца лагістыка: гэта і перавозка грузаў транспартнымі кампаніямі, гэта і страхоўка тавараў, і мытня з растаможкай, і банкі, якія праводзяць плацяжы за той ці іншы прадукт. І на кожным гэтым этапе для беларускага экспарту можа ўключыцца «стоп-сігнал», калі контрагенты будуць правяраць, ці не падпадае пад санкцыі прадукцыя, справу з якой яны маюць? І ці не акажуцца яны вінаватымі ў прадастаўленні паслуг, звязаных х «санкцыёнкай»? І ці не ўдараць па іх, у гэтым выпадку, «другасныя санкцыі»?

1635004944_11.jpeg


А можа быць і так, што фірмы-партнёры проста адмовяцца мець справу з беларускімі таварамі, каб было проста «падалей ад граху»: каб не марнаваць час на рэсурсаёмісты беларускі экспарт, а знайсці больш «чыстага» ў санкцыйным плане кліента. І такое, па словах Крука, ужо адбываецца.

Зразумела, усё гэта калі не зробіць пастаўкі беларускай прадукцыі на экспарт немагчымымі, то значна запаволіць гандаль беларускай прадукцыяй. Адсюль – і падзенне экспарту на 40%.


Кітай нас не выратуе

Асобна Дзмітрый Крук адказаў на пытанне наконт «чароўнай палачкі», на якую ў плане экспарту разлічвае наш урад. Гэта, напрыклад, дыверсіфікацыя нашага экспарту ў Кітай і іншыя краіны. Па меркаванні эканаміста, асабліва спадзявацца на гэта не варта, з-за тых жа самых лагістычных ланцужкоў.

Напрыклад, тая ж драўніна. Зразумела, што Кітаю, які мае пад бокам бяскрайнюю сібірскую тайгу, наша драўніна непатрэбная. Але віцэ-прэм’ер Юрый Назараў надоечы казаў пра яе экспарт у Азербайджан, Іран і краіны Сярэдняй Азіі, дзе з дрэвам напружана. Аднак самы кароткі шлях — праз Украіну, — для нас цяпер закрыты. Давядзецца вазіць беларускае дрэва доўгімі і пакручастымі маршрутамі, з рызыкай таго, што на кожнай мытні кожнай краіны, праз якую будзе праходзіць беларускі лес, яго арыштуюць як «падсанкцыйны».

the_ministry_of_industry_proposed_to_ban_the_export_of_wood_products_to_unfriendly_countries_76.jpg


У гэтых умовах беларуская драўніна для Ірану акажацца «залатой», і зусім непад’ёмнай па кошце — для не вельмі багатых краін Сярэдняй Азіі. І можа стацца так, што нават «лясы Амазонкі» для таго ж Ірану будуць больш зручныя, чым вазіць беларускі лес праз некалькі межаў.

Тое ж самае будзе адбывацца і з каліем, і з нафтапрадуктамі, і з іншымі беларускімі таварамі: нагадаем, што санкцыі дэ-факта закранаюць 70% тавараў, якія экспартуюцца Беларуссю.


Ланцуговая рэакцыя

Сённяшні эканамічны крызіс Крук лічыць ці не самым горшым за найноўшую гісторыю Беларусі, таму што на «крызіс спажывання» накладаецца і «крызіс прапановы», — то-бок шматлікія кампаніі і партнёры адмаўляюцца не толькі спажываць, але і пастаўляць у Беларусь сваю прадукцыю. Гэта азначае, што не будзе паставак камплектуючых, дэталяў для вытворчасці новай прадукцыі, не будзе сыравіны, напрыклад, для тытунёвых фабрык, не будзе новых тэхналогій і тых жа станкоў для машынабудавання, і не будзе імпарту электронікі, што пагражае спыненнем «Віцязю», «Гарызонту», «Атланту» і ўсім тым, хто збіраў «беларускую» тэхніку з замежных дэталяў.

Асобная размова ў знешнім гандлі — гэта Расія. На сама трапіла пад жорсткія эканамічныя санкцыі, у выніку чаго расійскі рубель ужо істотна абваліўся. Гэта азначае, што беларускія тавары там, па-факце, падаражэлі, а значыць, — як вынік, — попыт на беларускую прадукцыю знізіцца. І для таго, каб гэты попыт узнавіць, Беларусі давядзецца дэвальваваць беларускі рубель. Пры гэтым, як адзначае, Дзмітрый Крук, дэвальваваць яго трэба «апераджальнымі да расійскага рубля» тэмпамі.

Што такое «апераджальная дэвальвацыя», мы бачылі на свае вочы неаднаразова: у 2009-м, 2011-м, 2014-м…

Чакаем вяртання?

Чакаем вяртання?


Дэвальвацыя пацягне за сабою інфляцыю. І, па самых аптымістычных мадэлях Дзмітрыя Курка, яна дасягне 25% на год.

А ёсць яшчэ і фінансавыя санкцыі, кажа эканаміст. Прычым, апошнія еўрапейскія санкцыі тычацца забароны Нацбанку РБ карыстацца сваімі рэзервамі ў замежжы. Пры гэтым наш Нацбанк, у адрозненне ад расійскага, ніколі не казаў, у якіх краінах і колькі грошай ён трымае. Адпаведна, мы не можам ацаніць і ўзровень «замарозкі» яго актываў.

Але незалежна ад таго, які ўзровень гэтай «замарозкі», Крук усё роўна кажа пра вельмі высокую верагоднасць дэфолту краіны. Па яго словах, гэта наўрад ці адбудзецца цягам месяца-двух, калі нам належыць сплаціць крэдыторам каля 350 млн долараў. А вось люты наступнага года, калі выплаты па знешнім доўгу павінны быць у раёне 800 млн долараў, — гэта ўжо іншы каленкор.

Адзінае выйсце, якое бачыць Крук у гэтай сітуацыі — рэзкае змяненне палітычнай сітуацыі, якое магло б вывесці Сінявокую з-пад санкцый. Але разлічваць на гэта, напэўна, — усё роўна, што разлічваць на тое, што ў Мінску для дапамогі беларускай эканоміцы прызямляцца марсіяне.