Расія не прапускае фуры з бытавой тэхнікай у Беларусь
Дзявятага сакавіка расійскі ўрад падпісаў пастанову аб увядзенні дазвольнага парадку вывазу асобных відаў тавараў з краіны. У ім каля 200 найменняў — не толькі станкі і сельгастэхніка, але і посудамыйныя машыны, пыласосы ды іншае, піша onliner.by
Сёння буйныя беларускія крамы не змаглі атрымаць груз: фуры з Расіі не выпусцілі. Асартымент бытавой тэхнікі ў крамах стане бяднейшы, нават калі за некалькі дзён такі дазвол будзе атрыманы.
Пастанова №312 тычыцца непасрэдна вывазу тавару на тэрыторыю ЕАЭС, таму памылкі быць не можа. Дазвольны парадак устаноўлены да канца года.
На тое, каб федэральныя органы ўлады РФ (а гэта некалькі міністэрстваў, у залежнасці ад тыпу тавару) выпрацавалі парадак выдачы дазволаў, ім далі тры дні (якія яшчэ не прайшлі), таму парадку яшчэ няма, а значыць, і выезду — таксама.
— Для таго каб прывезці ў Беларусь халадзільнік — трэба дазвол расійскага Міністэрства прамысловасці. Трэба пісаць нейкі ліст — на працягу тыдня адкажуць, — распавёў кіраўнік буйнога інтэрнэт-крамы. — Пастаўкі і так былі на мінімуме: Bosch у Расіі распрадае рэшткі, Samsung на паўзе, LG не грузіць, Philips — у стоп-лістах... Дэфіцыт па многіх таварах ужо ёсць. Калі кампанія прыняла рашэнне заставацца і працаваць як раней, то праблемы пачынаюцца з пастаўкамі камплектуючых — няма з чаго вырабляць. Пакуль знойдуць, чым замясціць, — пройдзе час і вырастуць цэны.
Усе кітайцы таксама на мінулым тыдні паднялі цэны, у іх энергетычны крызіс. З-за разрыву ланцужкоў і дэфіцыту цэны не могуць не вырасці.