Аператар аэрапорта Тбілісі адмовіўся абслугоўваць «Белавія». Чаму, і што гэта азначае?
«Экстрэмісцкі» ў Беларусі тэлеграм-канал журналіста, якога ўсе прасілі аб дапамозе, паведамляе, што турэцкі міжнародны аператар аэрапортаў «TAV Airports» адмовіўся абслугоўваць самалёты авіякампаніі «Белавія» ў аэрапорце Тбілісі імя Шота Руставелі.
Нагадаем, у канцы студзеня WSJ паведаміла, што ЗША запатрабавалі ад Турцыі забараніць палёты ў краіну авіякампаніям з Беларусі і Расіі на самалётах «Boeing». Пазней, 1 лютага, турэцкія выданні паведамілі, што авіяаператар «Havaş», які з'яўляецца «дачкой» «TAV Airports», папярэдзіў авіякампаніі з Беларусі, Расіі і Ірана, што яны не будуць абслугоўваць самалёты «Boeing» і шэраг «Airbus». Паведамлялася, што ў «чорны спіс» на абслугоўванне трапілі больш за 170 самалётаў, сем з якіх — беларускія, гэта значыць «Белавія».
Што азначае «не будуць абслугоўваць»?
Гэта азначае, што калі, да прыкладу, адзін з 7-мі самалётаў «Белавія» прыляціць у аэрапорты, якія абслугоўвае «Havaş», то гэты аператар не будзе іх запраўляць, падаваць трап, праводзіць пасля/перадпалётны агляд, тэхабслугоўванне і рамонт.
І адразу яшчэ адзін момант — аэрапорт Тбілісі не ўваходзіць у спіс аэрапортаў «Havaş». Яго аператарам з'яўляецца галаўная турэцкая кампанія «TAV Airports». Гэта можа азначаць, што забарона на абслугоўванне будзе пашыраны на ўсе аэрапорты, дзе аператарам выступае «TAV» ці яе «дочкі».
Ці шмат аэрапортаў у зоне адказнасці «TAV»?
Паводле сайта «Havaş», яны з'яўляюцца аператарамі 32-х аэрапортаў, большасць з якіх у Турцыі. Непасрэдна «TAV Airports» кіруе яшчэ 15-цю аэрапортамі ў 8-мі краінах, і яны значна буйнейшыя.
Іншымі словамі, «Белавіі» адмаўляе ў абслугоўванні галоўны аператар як мінімум 47-мі аэрапортаў. Калі ж вылучыць самыя буйныя з іх, то ў абслугоўванні будзе адмоўлена ў аэрапортах гарадоў:
- TR — Стамбул, Анкара і Анталья;
- GE — Тбілісі і Батумі;
- LV — Рыга;
- HR — Заграб;
- KZ — Алматы;
- TN — Манасцір;
- MK — Скоп’е;
- SA — Медына.
Але нехта ж будзе запраўляць самалёты?
Так, але калі змогуць дамовіцца. Да прыкладу, у Тбілісі, па папярэдніх звестках, цяпер самалёты «Белавія» будуць абслугоўваць прадстаўнікі авіякампаніі «Georgian Airways».
Але, па-першае, гэта пэўныя нязручнасці для «Белавія». Па-другое, якасць абслугоўвання можа пагоршыцца. Па-трэцяе, у нейкіх аэрапортах яны проста не знойдуць замены «TAV» і не змогуць туды лятаць.
Варта нагадаць, што пасля прымусовай пасадкі ў Мінску рэйса Афіны — Вільня перавозчыка «Ryanair» праз ілжывае паведамленне пра нібыта закладзеную бомбу (вынікам чаго стаў арышт Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапега) для «Белавія» «закрылі неба» ўсе еўрапейскія краіны.
Дадатковыя санкцыі кампанія атрымала праз саўдзел Беларусі ва ўварванні Расіі ва Украіну. Еўрасаюз закрыў неба для расійскіх самалётаў, а таксама забараніў пастаўкі запчастак для іх, тэхабслугоўванне, падтрымку і страхаванне і абавязаў лізінгавыя фірмы дамагчыся вяртання самалётаў, здадзеных у арэнду ў тым ліку «Белавія».