«Рашэнне ўжо на стале». Польшча можа закрыць пункт пропуску «Цярэспаль» на беларускай мяжы

Пасля закрыцця пункта пропуску ў Баброўніках Беларусь з Польшчай злучаюць усяго два шляхі «па зямлі»: для легкавікоў дзейнічае пераход «Брэст» (з польскага боку — «Цярэспаль»), для грузавікоў — «Казловічы» («Кукурыкі»). Ці гатова Варшава закрыць і іх у адказ на жорсткі палітычны прысуд палітзняволенаму журналісту Андрэю Пачобуту?

_belarus_zima_snezan_pryroda_fota_iljustracyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__21__logo.jpg

Патэнцыйнае рашэнне аб закрыцці дарожнага і чыгуначнага памежнага перахода «Брэст — Цярэспаль» знаходзіцца «на стале», сказаў у размове з карэспандэнтам «Е*рарадыё» прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна. Але пакуль канчатковае рашэнне яшчэ не прынята, дадаў ён.

— Перадусім такія абмежаванні тычацца таварнага руху. Польшча заўсёды можа адкрыць гуманітарны калідор для палітычных бежанцаў з Беларусі. Такія пытанні разглядаюцца намі асобна. У пытаннях мяжы Польшча заўсёды знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі і латышскімі саюзнікамі, — сказаў Ясіна.

Выданню не змаглі адназначна адказаць на пытанне, ці разглядаецца закрыццё пункта пропуску для звычайных пасажыраў.

— Разглядаецца кожная версія, — дадалі ў МЗС.

На мінулым тыдні Польшча закрыла адзін з найбуйнейшых пунктаў пропуску на беларускай мяжы — «Баброўнікі». Цяпер адзіным для легкавікоў працоўным пунктам на беларуска-польскай мяжы застаўся «Брэст — Цярэспаль».

Рашэнне закрыць «Баброўнікі» было вынесена на наступны дзень пасля прысуду Андрэю Пачобуту. Беларускі суд адправіў палітвязня — журналіста, актывіста польскай меншасці ў Беларусі — у калонію на 8 гадоў.

Паводле звестак польскага медыя «Wyborcza», напярэдадні закрыцця «Баброўнікаў» там затрымалі не менш за 12 мытнікаў. Выданне піша, што гаворка, магчыма, ідзе пра карупцыю.

«Е*рарадыё» запытала ў польскага МЗС, ці мела гэтае затрыманне ўплыў на рашэнне закрыць пункт пропуску.

— Польскі ўрад, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі прынялі рашэнне закрыць памежны пераход у Баброўніках у сувязі з важным дзяржаўным інтарэсам, — адказаў Ясіна. — Мы не можам дазволіць, каб улады забойчага рэжыму Лукашэнкі і далей выкарыстоўвалі сітуацыю на памежжы, у той жа час парушаючы правы чалавека, пераследуючы беларускую апазіцыю, пераследуючы палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Польская мытная служба мае вельмі шмат супрацоўнікаў. І заўсёды існуе магчымасць «аддэлегаваць» адпаведную колькасць на гэты пераход, хаця б з пункту гледжання закрыцця іншых пераходаў на польска-беларускай мяжы. У нас заўсёды была адпаведная колькасць супрацоўнікаў, якія маглі б замяніць тых, каго арыштавалі. Так што прычына, якую паказваюць беларускія дзяржаўныя СМІ, з’яўляецца цалкам непраўдзівай.

Прычынай быў не толькі прысуд Андрэю Пачобуту, але і агульная сітуацыя ў беларускай палітыцы.