Лукашэнка назваў закрыццё мяжы «эканамічнай правакацыяй» і палохаў Польшчу, што адкажа
Такія крокі з боку Польшчы Лукашэнка назваў «эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў аж да «асіметрычных мер» у адказ, піша «Л*стэрка».
Закрыццё польскім бокам пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю пракаментаваў 16 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі.
— Вы бачыце, як паводзіць сябе Польшча, Літва. Пакуль з эканамічнага пункту гледжання яны пастаянна правакуюць. Пераносяць адказнасць на мяне. Вось яны закрылі пункты пропуску. Гэта што такое? Гэта эканамічная правакацыя. Значыць, гандлю няма, няма эканомікі. І вось паступова яны гэтыя правакацыі ладзяць. Проста правакуюць нас. Ну, да пары да часу. Цяпер мы думаем пра тое, як на гэта адказаць. Прынятыя рашэнні. Адкажам мякка спачатку. Не зразумеюць — узмоцнім. У нас дастаткова для гэтага рычагоў, — прыгразіў палітык.
Лукашэнка прызнаў, што эскалацыя на мяжы нікому не ідзе на карысць.
— Мы вымушаныя адказваць. Пакуль сіметрычна, адэкватна. Калі мы будзем прымаць асіметрычныя меры, мы прымем. Яны на стале. Але мы гэтага не хочам. Мы хочам сябраваць з палякамі, літоўцамі, як гэта было заўсёды, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, па рашэнні польскага боку з 10 лютага з 12.00 (14.00 паводле мінскага часу) польскі пункт пропуску «Баброўнікі» афіцыйна прыпыніў афармленне транспартных сродкаў і асоб, якія ідуць праз мяжу, на няпэўны час «у інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Раней, у 2021 годзе, польскі бок з прычыны міграцыйнага крызісу закрыў пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы «Брузгі — Кузніца Беластоцкая». Яшчэ раней, у 2020 годзе, з ініцыятывы польскага боку праз COVID-19 былі закрытыя пункты пропуску «Славатычэ — Дамачава» і «Полаўцы — Пясчатка».
Такім чынам, на беларуска-польскай мяжы застаецца толькі два дзейныя пункты пропуску — для грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку — «Казловічы»), а для легкавога — пункт пропуску «Тэрэспаль» (з беларускага боку — «Брэст»).
16 лютага стала вядома, што Літва спыняе ўзаемадзеянне з Беларуссю па забеспячэнні бесперабойнага патоку транспарту праз мяжу.